Ляхавіцкі дзяржаўны агранамічны каледж: не кузня кадраў — ювелірная майстэрня

Мы з ЛДАКа.

У лістападзе мінулага года старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар у ЛДАКу сустракаўся з навучэнцамі і выкладчыкамі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Брэстчыны. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, як важна, каб будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі не толькі запаміналі прафесійныя тэрміны, але разумелі, для чаго ўсё гэта патрэбна: «Мы павінны не шкалярствам займацца, а пераводзіць вучобу ў практычную плоскасць». Гэта і ўвасабляецца ў жыццё.

Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, нягледзячы на 56-гадовы ўзрост, заўсёды малады. Жыццё тут віруе. Сённяшнія навучэнцы за некалькі гадоў з учарашніх выпускнікоў школ з дапамогай вопытных, творчых і ініцыятыўных выкладчыкаў, выдатнай вучэбнай і практычнай базы ператвараюцца ў маладых спецыялістаў-аграрыяў. Дарэчы, надзвычай запатрабаваных.

Пра каледж даўно ідзе слава за межамі Брэстчыны як пра кузню ведаў, прафесійнага майстэрства. Крэда навучальнай установы: праз практычнае навучанне — да глыбокіх ведаў і любві да абранай прафесіі. Так было і ў далёкім 1952 годзе, калі першых тэхнікаў-жывёлаводаў і малодшых ветфельчараў выпусціла ў самастойнае жыццё мясцовая аднагадовая сельскагаспадарчая школа. Так і сёлета, калі 190 маладзенькіх аграномаў, ветэрынарных фельчараў, заатэхнікаў і плодаагароднікаў развіталіся са сваім каледжам, любімымі выкладчыкамі і бестурботным юнацтвам. Сёння яны ўжо прыступілі да работы па спецыяльнасці. А ў наступным годзе і ўвогуле ў ЛДАКу будзе гістарычны выпуск — універсітэцкі (пачынаючы з 2011/2012 навучальнага года, на базе ЛДАКа як структурнага падраздзялення Баранавіцкага дзяржуніверсітэта можна атрымаць і вышэйшую адукацыю).
Рэарганізацыя, праз якую прайшоў ЛДАК, не проста замена шыльды. Удасканальваўся вучэбны працэс, укараняліся новыя тэхналогіі ў сельскагаспадарчую вытворчасць, выпрацоўваліся эфектыўныя формы і метады навучання. Як вынік — запатрабаванасць выпускнікоў. Здараецца, «купцы» (патэнцыяльныя работадаўцы), якія прыязджаюць на размеркаванне ў пошуках добрых кадраў для сваіх сельгаспрадпрыемстваў, вяртаюцца дамоў ні з чым — на ўсіх выпускнікоў ЛДАКа не хапае.
Гэта ўстанова заўсёды славілася выкладчыкамі, якіх вы-значаюць высокі прафесіяналізм, адказнасць, наватарства, вопыт і майстэрства. Ёсць сярод іх і кандыдаты навук. А яшчэ бязмежная любоў да работы і сваіх навучэнцаў, якія за час вучобы становяцца роднымі. Можна назваць і сямейныя дынастыі: Мацюшэнкі, Касцюкевічы, Бяшэйкі, Матчэні, Кажамякі, Пабягайлы, Глушчанкі і іншыя — гонар каледжа. Дзеці і ўнукі многіх выпускнікоў таксама атрымліваюць адукацыю ў ЛДАКу. Былыя каляджане, здараецца, вяртаюцца сюды на працу.
На агранамічным, заатэхнічным, аддзяленні ветэрынарнай медыцыны вучацца 468 будучых спецыялістаў-аграрыяў. У дружнай студэнцкай сям’і асаблівая ўвага — 133 першакурснікам. Усе навучэнцы забяспечваюцца інтэрнатам, атрымліваюць стыпендыю, найбольш паспяховыя ў вучобе і актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця — павышаную. За асаблівыя дасягненні штогод некалькі навучэнцаў заахвочваюцца стыпендыяй абкама прафсаюза работнікаў АПК.
З года ў год каля паловы выпускнікоў становяцца студэнтамі профільных ВНУ краіны.
ЛДАК — гэта не толькі вучоба і практыка, але і творчая майстэрня. Як раскрываюцца тут рабяты! Сапраўднай фабрыкай зорак мясцовага маштабу можна лічыць традыцыйны фестываль «Каледжская восень», заслужана папулярны маладзёжны клуб «Юнацтва».
У пашане ў тутэйшых навучэнцаў і выкладчыкаў здаровы лад жыцця. Ад дырэктара да рабочага — усе актыўныя ўдзельнікі спартыўных і турыстычных спаборніцтваў і злётаў.
Вучэбная гаспадарка, калекцыйна-доследнае поле, сад з пладовым гадавальнікам, цяпліцы, вытворчыя майстэрні і ферма, ветэрынарная клініка, пчальнік, вучэбны палігон — далёка не поўны пералік месцаў, дзе навучэнцы замацоўваюць атрыманыя веды на практыцы. На сельгасугоддзях ЛДАКа ўраджайнасць зерневых і зернебабовых традыцыйна адна з лепшых у раёне. І хаця сёлета яна ніжэй леташняй, аднак, 47,4 цэнтнера з гектара — вынік неблагі. Наогул жа, база практычнага навучання — гэта 400 гектараў, з якіх 330 аддадзены пад сельгасугоддзі. Штогод радуе ўраджаем яблыневы сад. Саджанцы, вырашчаныя ў гадавальніку, разыходзяцца сярод садаводаў-аматараў не толькі Ляхавіцкага раёна. А ў каледжскую ветэрынарную клініку тэлефануюць гаспадары хатняй і свойскай жывёлы, якой патрэбна кваліфікаваная дапамога прафесіяналаў…
Гэта ўсё і многае іншае ў раскладзе ЛДАКа, які не стамляецца запрашаць моладзь: паступайце да нас вучыцца!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *