Галоўны прынцып работы – дзеля народа. Карэспандэнт «ЛВ» працаваў адзін дзень са старшынёй Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў

Акрамя традыцыйных формаў работы – сесіі, пасяджэнні прэзідыума і камісій, у графіку старшыні райсавета дэпутатаў шмат таго, што робіць кожны дзень непадобным на другі. У адзін з такіх дзён са старшынёй Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам працаваў карэспандэнт «ЛВ».

Камандная работа
Працоўны дзень пачынаецца з актуальных пытанняў рэгіёна, ранішняя планёрка-лятучка дазваляе атрымаць поўны сюжэт таго, што адбываецца на Ляхавіччыне, з чым сёння працаваць. Каманданая работа – залог поспеху.
А пасля па запланаваным графіку. Першы адрас, куды накіравана ўвага кіраўніка дэпутацкага корпуса раёна, – Жарабковіцкі сельсавет. На яго тэрыторыі сёлета зарэгістраваны ўсплеск пажараў. Сітуацыя патрабуе прафілактыкі. Менавіта тут з 18 па 22 ліпеня ў жылым сектары працавала аглядная камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі РАНС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спецыялісты сельвыканкама. У такім складзе камісія маніторыла адрасы ў аграгарадку Падлессе.
– На жаль, многія грамадзяне не разумеюць, што «небяспечнымі» паводзінамі рызыкуюць і сваім жыццём, і жыццём тых, хто побач, –
родных, суседзяў. Работа камісіі дазваляе выявіць праблемныя моманты і дапамагчы выправіць сітуацыю, – адзначае Юрый Чаранкевіч.
Кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна. Часам дапамагае прафілактычная гутарка, і погляды такіх гора-гаспадароў мяняюцца, многіх выправіць толькі прадпісанне, на жаль, бываюць выпадкі, што даводзіцца пісаць лісты родным (дзецям, унукам), каб тыя прыехалі і дапамаглі сваякам. А ёсць сітуацыі, калі людзям патрэбна матэрыяльная дапамога. Падчас сёлетняга рэйду ў Жарабковіцкі сельвыканкам паступіла дзве заявы аб такой падтрымцы на рамонт пячнога ацяплення. Падчас работы камісіі было абследавана 308 домаўладанняў.
Па 164 адрасах праведзена пажарна-прафілактычная работа: у асноўным, там пражываюць адзінокія пажылыя грамадзяне, інваліды, шматдзетныя сем’і, непрацуючыя грамадзяне і тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця…
Па пяці адрасах за кошт РА ГА «Белая Русь» усталяваны АПА.
Адрас за адрасам, ад размоў да папярэджанняў – работа камісіі падводзіць вынікі.

Прыёмны час
На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык у Ляхавіцкім райвыканкаме вяла прыём грамадзян, у якім прынялі ўдзел старшыня райсавета і прадстаўнікі мясцовага Маладзёжнага парламента. Звярталіся ляхавічане і на прамую лінію. Пытанні розныя.
Напрыклад, жыхар вёскі Перахрэсце адзначыў, што трэці год запар каровы ААТ «Нача» падчас пашавага сезона псуюць агарод. З пытаннем «ЛВ» звярнуўся да кіраўніка прадпрыемства Мікалая Тарлюка. Ён пацвердзіў, што такі факт сапраўды быў, складзены адпаведны акт, і страты будуць кампенсаваны.
Сярод пытанняў гучала і тое, што каля Гірыч – Поля «квітнее» баршчэўнік, а мясцовая фермерская гаспадарка «Фартуна»
не звяртае на гэта ўвагі. У доўгую скрыню пытанне не адкладваецца і вырашаецца на месцы. На сувязі старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка:
– Сітуацыю высветлілі адразу. Як аказалася, гэта ўвогуле не баршчэўнік, а маркоўнік. Землі з нядаўняга часу апрацоўваюцца фермерскай гаспадаркай пасля выдалення кустоўя.
Людміла Жалнерчык адзначае, што прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы грамадзян – гэта дзейсны інструмент, каб зрабіць нашу Беларусь яшчэ лепшай:
– Тое, што жыхары давяраюць нам вырашэнне сваіх праблем, звяртаюцца за дапамогай, гаворыць пра давер да вертыкалі ўлады ўвогуле. А той факт, што і моладзь прысутнічае на такіх формах работы з грамадзянамі, робіць прыём своеасаблівым майстар-
класам.
– Работа з моладдзю, лічу, адзін з галоўных напрамкаў у дзейнасці райсавета. Абноўлены МП павінен дзейсна ўключыцца ў жыццё рэгіёна. Маладых парламентарыяў варта далучаць да «дарослай» работы. Дэманстраваць, як працуюць дэпутаты: сесіі, пасяджэнні, камісіі, прыёмы грамадзян – усё гэта вопыт для будучай змены, – гаворыць Юрый Чаранкевіч.
Для старшыні мясцовага Маладзёжнага парламента Алены Сцябло-
вай прымаць удзел у прыёме – падзея з разраду асаблівых і важных.
Разам з Людмілай Жалнерчык і Юрыем Чаранкевічам моладзь абмеркавала, што плануюць арганізаваць у жніўні-верасні, якія акцыі прымяркуюць да Году гістарычнай памяці.
А, самае галоўнае, дамовіліся правесці сесію МП, куды запросяць кіраўніцва раёна і дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

Пытанняў заўсёды шмат
Пасляабедзенны час Юрый Чаранкевіч таксама прысвяціў рабоце камісіі. На гэты раз па садзейнічанні занятасці насельніцтва. На жаль, выпадкі, калі дзеяздольны чалавек не жадае працаваць, усе ж фіксуюцца.
У Востраве і Тухавічах на камісію былі запрошаны 66 грамадзян, якія могуць працаваць, але па розных прычынах не заняты ў эканоміцы. І гэтыя прычыны, на жаль, не заўсёды ўважлівыя.
Прыемна, што ёсць тыя, хто заняты ў асабістай падсобнай гаспадарцы.
Да такіх дбайных гаспадароў пытанняў няма. А ёсць тыя, хто сваім прыкладам жыцця дэманструе нежаданне працаваць, з такімі мы размаўляем, угаворваем, стараемся уладкаваць на працу. Усё індывідуальна. І калі чалавек усё ж абразуміцца, гэта самая вялікая падзяка, – канстатуе Юрый Чаранкевіч.
…Гэта калі вельмі коратка пра дэпутацкі дзень. Канешне, кожны раз парадак дня мяняецца: вырашаюцца пытанні, што паступілі на прамыя лініі, і тыя, што былі ўзняты падчас прыёму, у графіку – сустрэчы ў працоўных калектывах, работа падчас адзіных дзён інфармавання. Шмат увагі зараз, канешне, уборачнай кампаніі: яна павінна прайсці на самым высокім узроўні. Наперадзе «Дажынкі», што адбудуцца ў Навасёлках, а, значыць, хапае клопатаў і ў гэтым населеным пункце. Галоўнае, усюды выкарыстоўваць прынцып работы – дзеля народа.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дарэчы, хутка актуальную інфармацыю сельвыканкамаў раёна можна будзе даведацца з іх афіцыйных акаўнтаў ці каналаў у мэсанджарах і сацыяльных сетках. Расклад руху грамадскага транспарту, графікі вывазу смецця, анонсы мерапрыемстваў, напаміны і іншае – галоўны кантэнт такіх рэсурсаў. Між іншым, Навасёлкаўскі сельвыканкам прадстаўлены ўжо ў вайберы.