Верасень сабраў ураджай: у першы восеньскі месяц на Ляхавіччыне нарадзіліся дзевяць малышоў

Верасень збірае цудоўны ўраджай: у першы восеньскі месяц на Ляхавіччыне нарадзіліся дзевяць малышоў. Прычым, бацькам сямі немаўлят першыя дакументы на сыноў-дочак выдадзены ў сельвыканкамах раёна.
Здаравячком месяца стаў Дзмітрый, які нарадзіўся вагой 3690 грамаў і ростам 54 сантыметры. Вераснёўская адметнасць – усе дзеткі нарадзіліся вагой больш за 3000 грамаў.
Бацькі назвалі хлопчыкаў Яўгеній, Дзмітрый, Данііл, Іван і Міхаіл, дзяўчынак – Дарына, Стэфанія, Ганна і Сафія.
Першынец і другое дзіця зарэгістраваны ў трох сем’ях, дзве сям’і ў восеньскую пару набылі мнагадзетны статус. Чацвёртае дзіця з’явілася ў адной сям’і.
Самы малады тата – 24-гадовы, маме 23 гады. Татай стаў і 37-гадовы зямляк, самай «вопытнай» матулі – 34 .
У верасні сем пар згулялі вяселле. Для ўсіх марш Мендэльсона гучаў у аддзеле загса райвыканкама, расказала «ЛВ» яго начальнік Вольга Новік. Сярэдні ўзрост жаніха – 32 гады, нявеста на шэсць гадоў маладзейшая. Юнымі ў верасні лічацца 22-гадовыя жаніх і нявеста. Пад вянец пайшлі 50-гадовы жаніх і 36-гадовая нявеста.
У сувязі з правядзеннем рамонтных работ аддзел загса часова размяшчаецца па новым адрасе: пл. Леніна, 3 – у будынку райвыканкама, кабінет 113А. Прыём наведвальнікаў вядзецца па раней устаноўленым графіку.
Урачыстыя цырымоніі супрацоўнікі аддзела загса праводзяць у літаратурнай гасцёўні ў купалаўцы. З-за эпідсітуацыі колькасць гасцей істотна абмежавана.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.