Больш як 40 чалавек за дзень памірае у Беларусі з-за курэння

“Яд, які не дзейнічае адразу, не становіцца менш небяспечным”, — папярэджваў нямецкі філосаф Лесінг.  Курэнне раз-пораз, месяц за месяцам, год за годам паступова разбурае здароўе чалавека. Праблема распаўсюджвання тытунёвай эпідэміі па-ранейшаму актуальная ва ўсім свеце і ў нашай краіне ў прыватнасці. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод на планеце памірае ад курэння 5,4 мільёна чалавек, да 2030 года гэта лічба можа перавысіць 8 мільёнаў.

Па даных Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь 54,4 працэнта мужчын сябруюць з цыгарэтай, 73 працэнты злосных курыльшчыкаў паспрабавалі курыць яшчэ ў школе. Ад хвароб, звязаных з курэннем, у краіне штогод памірае каля 15,5 тысяч чалавек.

У сацыялагічным даследаванні, праведзеным на Ляхавіччыне, прынялі ўдзел 100 чалавек. Высветлілася, што 42 працэнты з іх кураць, 6 працэнтаў “завязалі” з гэтай шкоднай звычкай. 53 працэнты рэспандэнтаў пачалі сяброўства з цыгарэтай з 13 гадоў. Асноўныя прычыны, па якіх апытаныя кураць, — звычка (26 працэнтаў), спосаб заспакаення (14 працэнтаў). 21 рэспандэнт хацеў бы кінуць курыць, бо ведае пра шкоднасць тытуню, столькі ж нашых землякоў спрабавалі адмовіцца ад шкоднай звычкі, але не змаглі. Палова апытаных лічыць, што неабходна зрабіць больш жорсткімі метады барацьбы з курэннем, асабліва ў грамадскіх месцах.

Кошт, які даводзіцца плаціць за сумніўнае “задавальненне”, – значная шкода здароўю. Тытунь з’яўляецца найбольш распаўсюджаным і цяжкім канцэрагенам для чалавека. У склад тытунёвага дыму ўваходзіць каля 4000 разнастайных кампанентаў, якія наносяць шкоду жывым тканкам. Таксама ў ім прысутнічаюць і радыёактыўныя рэчывы – палоній, свінец, вісмут.

Курэнне скарачае працягласць жыцця на 5-7 гадоў і з’яўляецца прычынай  рэспіраторных захворванняў, хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, у тым ліку ішэмічнай хваробы сэрца і г.д. Асаблівае месца сярод хвароб, звязаных з тытунекурэннем, займаюць злаякасныя новаўтварэнні. На адной з сесій Сусветнай асамблеі аховы здароўя адзначана, што, акрамя рака лёгкіх, ужыванне тытуню прыводзіць да анкалагічных захворванняў поласці рота, глоткі, стрававода, страўніка, падстраўнікавай залозы,  печані, нырак, мачавога пузыра, шыйкі маткі. Падлічана, што ў розных краінах прыкладна 30 працэнтаў усіх пухлін у арганізме чалавека і смерцяў ад рака звязаны менавіта з курэннем. Курыльшчыкі хварэюць ракам лёгкіх і гартані ў 10 разоў часцей, чым тыя, хто не курыць. Рызыка рака прастаты павялічваецца прапарцынальна працягласці курэння і колькасці цыгарэт, выкурваемых у дзень.

Кожны з нас – гаспадар свайго лёсу. Рашэнне адмовіцца ад курэння цяжкае, але непазбежнае, калі чалавек хоча быць прыгожым, здаровым і жыць доўга.

Алена КУЛАК, сацыёлаг райЦГіЭ

Больш як 40 чалавек за дзень памірае у Беларусі з-за курэння: 2 комментария

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *