Ляховичи:очередное заседание районного исполнительного комитета прошло в выездном формате

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося ў мінулую пятніцу, прайшло ў выязным фармаце. Яго ўдзельнікі на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам на месцы пазнаёміліся з работай, якую праводзіць Навасёлкаўскі сельвыканкам па вырашэнні праблем развіцця сацыяльнай сферы, жыццезабеспячэння насельніцтва і добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Жыхары Навасёлкаўскага сельсавета (1350 чалавек з 16 населеных пунктаў) меддапамогу атрымліваюць у Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі, Адахаўшчынскім і Ураджайнінскім фельчарска-акушэрскіх пунктах. Усе ўстановы аснашчаны неабходным абсталяваннем і інструментамі, для абслугоўвання выклікаў ёсць санітарны аўтамабіль. Калі ў плане аснашчанасці амаль усё ў межах нормы (хаця і патрабуецца рамонт фасада будынка амбулаторыі, касметычны рамонт Адахаўшчынскага ФАПа), то з медкадрамі ёсць праблемы. Са жніўня гэтага года ў Навасёлкаўскай УА адсутнічае ўрач агульнай практыкі і пэўны час няма зубнога ўрача.

Сельвыканкам сумесна з установамі адукацыі праводзіць значную работу па абследаванні ўмоў жыцця непаўналетніх вяскоўцаў, стварэнні нармальных умоў для іх выхавання ў сем’ях. Як следства – колькасць сем’яў, што стаяць на ўліку, лічацца ў сацыяльна небяспечным становішчы, змяншаецца. Па меры магчымасці вырашаюцца і праблемы малазабяспечаных грамадзян: з пачатку года аказана матэрыяльная дапамога на суму 6,3 мільёна рублёў, за кошт сродкаў мясцовага бюджэту заменена электраправодка ў дамах ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і сям’і загінуўшага ваеннаслужачага на агульную суму 9,2 мільёна рублёў, устаноўлены 18 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (9 адзінокім грамадзянам і 9 мнагадзетным сем’ям).

На тэрыторыі сельсавета працуе 7 магазінаў райпо і адна гандлёвая кропка прыватнага прадпрыемства “ЛіяРосгандаль”, якія прапаноўваюць шырокі асартымент харчовых і пра-мысловых тавараў, а таксама аб’ект грамадскага харчавання на 50 пасадачных месцаў. Разам з тым з-за адсутнасці прадаўцоў не працуюць 3 магазіны райпо (у вёсках Кавалі, Пранчакі, Ціткаўшчына).

Комплексны прыёмны пункт у аграгарадку Навасёлкі аказвае 9 відаў бытавых паслуг.

Па ініцыятыве сельвыканкама і іншых зацікаўленых службаў пастаянна вядзецца работа па добраўпарадкаванні і навядзенні санітарнага парадку ў населеных пунктах, а таксама на могілках. Аднак, на міні-палігоне ЦБА ў вёсцы Адахаўшчына не заўсёды своечасова праводзіцца падбуртоўка адходаў, не ўстаноўлены інфармацыйныя дошкі, шлагбаумы і ўказальнікі. Несвоечасова вывозіцца смецце з кантэйнерных пляцовак ля могілак ў вёсках Вялікая Лотва і Пранчакі. Лепшых адносін у плане добраўпарадкавання чакае і Адахаўшчына: не абкошваюцца пустуючыя зямельныя ўчасткі, часта на іх узнікаюць стыхійныя сметнікі.

Многа пра работу сельвыканкама могуць сказаць звароты грамадзян. Сёлета ў райвыканкам ад жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета паступіла 12 зваротаў (у сельвыканкам — 2). Прычым адзін датычыўся неналежнай арганізацыі збору малака, заніжэння працэнта тлустасці. Пры належнай арганізацыі работы з грамадзянамі, дасканалым вывучэнні іх праблем такога кшталту зваротаў, што знаходзяцца ў кампетэнцыі сельвыканкама, у райвыканкам не паступала б.

Азнаёміўшыся з усімі аспектамі дзейнасці, райвыканкам прыняў рашэнне прызнаць работу Нава-сёлкаўскага сельвыканкама (старшыня Аляксандр Буйкевіч) здавальняючай. Пры гэтым заўважыў, што неабходна ўдасканальваць якасць прымаемых рашэнняў, якія датычацца жыццезабеспячэння грамадзян, больш глыбока аналізаваць стан спраў у данай сферы, выяўляць прычыны, вызначаць меры і канкрэтныя тэрміны вырашэння праблем. Сумесна з СВК “Шлях новы” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” рэкамендавана шырэй выкарыстоўваць комплекс мер стымулявання насельніцтва з мэтай павышэння ўзроўню закупу малака і маладняку БРЖ. Прыняты і іншыя рашэнні.

Як падкрэсліў старшыня райсавета Яўгеній Юрлевіч, які прымаў удзел у выязным пасяджэнні райвыканкама, такія сустрэчы на месцах значна больш эфектыўныя, чым простыя справаздачы, таму гэтую практыку варта працягваць і далей.

На выязным пасяджэнні райвыканкама разгледжаны іншыя пытанні, якія стаялі на парадку дня.

Дзіна ДУБРОЎКА,

начальнік юрыдычнага

аддзела райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *