Галоўны электрасувязны Ляхавіччыны

Выпускнік Ляхавіцкай СШ № 2 Анатолій Лукашэвіч у выбары будучай прафесіі не сумняваўся ні на хвіліну – яго захапляла інжынерная навука. Стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, атрымаў дыплом радыёінжынера, быў размеркаваны на першае месца працы ў родны горад, а дакладней – у раённы вузел электрасувязі. Маладому спецыялісту прапанавалі пасаду электрамеханіка. Аднак пачатак працоўнай дзейнасці прыйшлося адкласці з-за праходжання тэрміновай службы ў арміі. Армейскія будні праляцелі неўпрыкметку і пачаліся працоўныя.

За 7 гадоў Анатолій Лукашэвіч прайшоў многія прыступкі кар’ернай лесвіцы: электрамеханік, інжынер, галоўны інжынер, намеснік начальніка. Вось ужо больш як 6 гадоў ён узначальвае РВЭС. І даволі паспяхова, пра што сведчаць вынікі работы арганізацыі. Так, за 2013 год электрасувязісты справіліся з усімі планавымі заданнямі, на вышыні і эканамічныя паказчыкі. Якасна вырашаецца і асноўная задача – забяспячэнне насельніцтва раёна ўсімі паслугамі электрасувязі.

Бесперапынная мадэрнізацыя – гэта пра РВЭС. А летась адрамантавалі свой будынак – як новенькі цяпер. І кліентам прыемна тут бываць, і сувязістам – працаваць.

Калектыў у РВЭС – зладжаны, прафесійны. Такое адзінства дасягнута ў многім і дзякуючы галоўнаму электрасувязісту раёна – начальніку арганізацыі Анатолію Лукашэвічу.

Акрамя прафесійных абавязкаў, паспяховага кіраўніцтва, Анатолій Тадэвушавіч актыўна займаецца і грамадскімі справамі — ён дэпутат райсавета дэпутатаў.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *