Не только на дорогах Ляховичского района несёт службу личный состав отделения ГАИ РОВД

Працаваць у звязцы больш надзейна, зручна. Але і адказнасць двайная – як гаворыцца, за сябе і за таго хлопца. Калі твой напарнік прафесіянал, вопытны супрацоўнік, чалавек, які не падвядзе ні пры якіх абставінах, — тады, сумненняў няма, пашанцавала. У гэтым на ўласным вопыце пераканаліся старшы дзяржаўтаінспектар Мікалай Дылеўскі і старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы Сяргей Жытко, якія не першы год нясуць службу ў АДАІ РАУС.

Маёр міліцыі Дылеўскі ўсё ведае пра тэхнічны стан літаральна кожнага транспартнага сродка арганізацый і прадпрыемстваў раёна. А капітан Жытко разглядае адміністрацыйныя справы, у якіх асноўныя фігуранты – парушальнікі правілаў дарожнага руху: вадзіцелі і пешаходы. Здавалася б, зусім розныя ўчасткі работы ў Дылеўскага і Жытко. Але аб’ядноўвае іх вельмі важная акалічнасць. Абодва ў адказе за бяспеку на дарозе, праводзяць актыўную прафілактычную работу.

Мікалай Дылеўскі дастойна нясе службу ў РАУС на працягу ўжо 18 гадоў, 17 з якіх – у аддзяленні Дзяржаўтаінспекцыі. Школа-армія-міліцыя – гэта пра яго. Сціплы, мэтанакіраваны, разважлівы, аўтарытэтны не толькі сярод сваіх калег. Яго паважаюць і ўдзельнікі дарожнага руху за прафесіяналізм і тактоўнасць у паводзінах:

– Трэба паважаць і вадзіцеля, і пешахода — яны раўнапраўныя на дарозе. Крыкамі, пагрозамі цяжэй дабіцца парадку, хаця, іншы раз, штраф — лепшы аргумент. Аднак гэта датычыцца толькі злосных парушальнікаў, – разважае Мікалай Фёдаравіч.

Міліцэйскі стаж Сяргея Жытко меншы – 10 гадоў, з іх 7 — у ДАІ. Дакладнасць, упэўненасць ў сабе, сваіх ведах і навыках, ініцыятыўнасць, уменне знайсці агульную мову з кожным, арганізаванасць – якасці, якія дапамагаюць яму ў жыцці і ў службе.

– Калі чалавек носіць міліцэйскую форму, незалежна ад звання – сяржант ці палкоўнік, ён павінен выконваць галоўную місію — дапамагаць людзям, быць на варце закону і парадку, – лічыць Сяргей Сяргеевіч.

Як гаворыцца, служба службай, а вольны час павінен быць. І дома хапае спраў у Мікалая Дылеўскага. Увагі патрабуюць, канешне, жонка і дочкі. Але ўсё ж ён знаходзіць час, каб з сябрамі паганяць у футбол.

У Сяргея дома таксама надзейны тыл – жонка і маленькая дачушка. Але, як з усмешкай сцвярджае сам Сяргей, спадзяецца яшчэ і на сына. Па яго словах, сям’я займае асноўную частку вольнага часу. Аднак пры любым раскладзе знаходзіць хвіліну, каб заняцца ўласным аўтамабілем, які ў яго ў суперпарадку.

Не толькі на дарогах Ляхавіччыны нясе службу асабовы састаў аддзялення ДАІ РАУС, якое шмат гадоў узначальвае Юрый Малевіч. Яго супрацоўнікі выязджаюць і ў Ганцавіцкі, Нясвіжскі, Клецкі, Баранавіцкі раёны, дзе ўдзельнічаюць у разнастайных аперацыях, ініцыяваных дзяржаўтаінспекцыяй краіны. Іх у твар ведаюць многія вадзіцелі і пешаходы. І большасць можа сказаць, што давяраюць гэтым паставым дарогі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *