Дыялог на шырокую тэму


Дыялог – а такое вызначэнне мерапрыемства здаецца найбольш фарматным – адбыўся на мінулым тыдні ў аблвыканкаме, куды былі запрошаны і з цікавасцю сабраліся прадстаўнікі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі – друкаваных і электронных СМІ Берасцейшчыны.
“Па існуючай ужо традыцыі мы праводзім такія сустрэчы – прэс-канферэнцыі, на якіх я імкнуся максімальна адкрыта адказаць на пытанні, што паступаюць папярэдне, і ў той жа час, калі будуць пытанні экспромтам, – заўсёды гатовы адказаць і на іх”, – адзначыў старшыня аблвыканкама.
Менавіта з пытанняў, што паступілі ад журналістаў у папярэднім парадку, старшыня абласнога выканаўчага камітэта і пачаў. Некалькі дзесяткаў, яны былі дыферэнцыраваны па тэматычных блоках – эканоміка, сельская гаспадарка, сацыяльная сфера, адукацыя, сітуацыя і метады работы са зваротамі грамадзян.
Ніякага выключэння, прыблізнасці ці агульных думак: на ўсе пытанні кожнага з блокаў быў дадзены вычарпальна-поўны кампетэнтны адказ. Адказы губернатара, як можна меркаваць, поўнасцю задавальнялі аўтар-скую і, увогуле, характэрную шырынёй журналісцкую цікаўнасць. Гучалі тэмы прадпрымальніцтва, у тым ліку і пытанні далейшага ўдасканалення і пашырэння гэтага віду дзейнасці на тэрыторыі Брэстчыны, функцыянавання так званых малых і сярэдніх гарадоў, асобных гаспадарчых галін, прадпрыемстваў і арганізацый вобласці, абмяркоўваўся і спектр іншых пытанняў.
Другая частка прэс-канферэнцыі – інтэрактыў: любы з яе ўдзельнікаў мог і амаль кожны скарыстаўся магчымасцю напрамую звярнуцца з пытаннем да старшыні аблвыканкама. Цікаўнасць рэгіянальных СМІ тычылася самых розных пытанняў, сфер і аспектаў жыцця. У прыватнасці, пытанняў будаўніцтва, асабліва, што тычыцца забеспячэння якасных паказчыкаў выканання будработ, экалогіі, у тым ліку і ў сувязі з пускам у дзеянне на тэрыторыі Брэстчыны новых вытворчасцяў, работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і асобных фактаў нядобрасумленнасці ў аплаце яе паслуг, будаўніцтва дарог і дарожнай бяспекі. Вярталіся ў мінулы красавік, у адзін з дзён якога праходзіла галасаванне па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, гутарылі па актуальных зараз тэмах адпачынку дзяцей і іх аздараўлення, здаровага ладу жыцця ўвогуле і заняткаў фізічнай культурай і спортам як адной з абавязковых для таго ўмоў.
Пытанне “Ляхавіцкага весніка” старшыні аблвыканкама Канстанціну Сумару ў пэўным сэнсе тычылася менавіта апошняга.
– Паважаны Канстанцін Андрэевіч! На жаль, у Ляхавічах і раёне няма плавальнага басейна. Ці існуе верагоднасць вырашэння гэтага пытання? Калі так, то ў якой перспектыве?
– Існуе ўнутраная абласная праграма па будаўніцтву падобных аб’ектаў у такіх гарадах. І мы ў Ляхавічах плануем недзе ў 2012 годзе выканаць гэту работу. Зараз пачалі ў Лунінцы, пачынаецца работа ў Івацэвічах, вядзём яе і ў Маларыце. У Пружанах ужо хутка завершым. Калі ўсё пойдзе нармальна, калі папаўненне бюджэту будзе працягвацца ў аб’ёмах не меншых, чым зараз (а зараз мы маем прыкладна 70 мільярдаў рублёў перавыканання бюджэтных паступленняў), то пастаўленую задачу пабудаваць у бягучай пяцігодцы ва ўсіх раённых цэнтрах ці то лядовы палац, ці то плавальны басейн выканаем, – запэўніў губернатар.
Сустрэчы, што так і хочацца пазіцыяніраваць як дыялог на шырокую тэму, безумоўная знаходка для газетчыкаў, работнікаў радыё, тэлебачання. Крыніца інфармацыі, дадатковы шанц у пошуках новых тэм і загалоўкаў для публікацый. Для абласной “вертыкалі” падобныя прэс-канферэнцыі з’яўляюцца дадатковым індыкатарам, лакмусавай паперай, здольнай выявіць і нейкія праблемныя, і цалкам новыя-перадавыя моманты з жыцця таго ці іншага рэгіёна Берасцейшчыны.
Канстанцін Сумар запэўніў, што аналагічныя прэс-канферэнцыі будуць праходзіць як мінімум штоквартальна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *