В Ляховичском государственном аграрном колледже прошло распределение

Дзмітрыя і Юлію Пашко чакаюць у ААТ «Стрыгава».

Як расказала метадыст Святлана Тарасевіч, у ЛДАКу гэта працэдура адпрацавана да дробязяў. Папярэдне рабяты з усіх трох аддзяленняў выбіраюць будучае працоўнае месца з прапанаванага спісу і, па магчымасці, праходзяць там пераддыпломную вытворчую практыку. Калі ім падабаецца, задавальняюць умовы працы і бытавыя, і кіраўніцтва гаспадаркі зацікаўлена ў іх далейшым працаўладкаванні, то туды яны і размяркоўваюцца.

Але і пасля заканчэння альма-матэр выпускнікі не застаюцца сам-насам з узнікаючымі праблемамі. На працягу двух гадоў па графіку да іх выязджаюць мабільныя групы ў складзе выкладчыкаў каледжа, юрыстаў, каб на месцы пераканацца, ці ўсё ў парадку ў маладых спецыялістаў-аграрыяў. Здараецца, што і самі рабяты тэлефануюць ці прыязджаюць у ЛДАК за дапамогай. Бываюць выпадкі пераразмеркавання, прычыны якіх, у асноўным, адны і тыя ж – неспрыяльныя ўмовы працы і малая заработная плата.

– Як і ў папярэднія гады, сярод жадаючых ”перахапіць” маладых спецыялістаў пераважаюць прадстаўнікі Карэліцкага, Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага, Жабінкаўскага раёнаў. Найбольш запатрабаваны выпускнікі аддзяленняў ветэрынарнай медыцыны і заатэхнічнага – попыт на іх значна перавышае прапанову: на аднаго выпускніка атрымліваецца ў сярэднім па 5 заявак, – расказвае Наталля Кірмель, якая не першы год з’яўляецца адказным сакратаром камісіі па размеркаванні.

Да гэтай падзеі рыхтаваліся, з нецярпеннем і трывогай чакалі яе і галоўныя дзеючыя асобы – 148 навучэнцаў выпускных груп. Хваляваліся, канешне ж, выкладчыкі, куратары, кіраўніцтва навучальнай установы, дзяржаўная камісія па размеркаванні на чале з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Ірынай Прыступа-Юнік. Хваляваліся патэнцыяльныя работадаўцы ці, як іх называюць, “купцы”.

Ідзе размеркаванне

Дарэчы, “купцоў” у каледжы штогод прыбаўляецца, і гэта не навіна. А вось тое, што сёлета было нямала патэнцыяльных работадаўцаў з Ляхавіцкага раёна, камісію прыемна здзівіла: чамусьці раней мясцовыя сельгасвытворцы мала цікавіліся размеркаваннем выпускнікоў ЛДАКа. А сёлета сярод жадаючых атрымаць маладых спецыялістаў – прадстаўнікі СВК “Жарабковічы”, “Ляхавіцкі”, “Ліпнянка”, райветстанцыі, “Шлях новы”, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Увогуле, геаграфія будучых работадаўцаў аказалася надзвычай шырокай: Жабінкаўскі, Кобрынскі, Пружанскі, Баранавіцкі, Драгічынскі, Брэсцкі, Клецкі, Карэліцкі, Навагрудскі раёны. Такое прадстаўніцтва яскрава сведчыць, што выпускнікі нашага каледжа запатрабаваныя як спецыялісты, добра зарэкамендоўваюць сябе на першым месцы працы. Напрыклад, старшыня СВК “Агра-Ніва” Камянецкага раёна Віктар Бобр не першы раз прыязджае ў ЛДАК на размеркаванне, таму пра якасць падрыхтоўкі каляджан ведае не на словах, а на справе (некалькі выпускнікоў паспяхова працуюць на розных участках у гэтай гаспадарцы), і яна яго задавальняе. На гэты раз прыехаў за заатэхнікам і ветурачом.

– Імкнёмся зацікавіць маладых спецыялістаў і стварыць для іх выдатныя ўмовы. Напрыклад, аплачваем іх далейшую завочную вучобу ў ВНУ, калі паступаюць на платнай аснове, пры бюджэтным варыянце на час сесіі даецца аплачваемы водпуск. Плюс – добраўпарадкаванае жыллё з неабходным на першы час наборам мэблі, – расказвае кіраўнік “Агра-Нівы”.

Галоўны ветэрынарны ўрач СВК “Ляхавіцкі” Дзмітрый Козел сам колішні тутэйшы выпускнік, цяпер прыехаў на размеркаванне за ветфельчарамі для сваёй гаспадаркі.

Некаторыя сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі зараней паклапаціліся пра новыя кадры. Папярэдне з навучэнцамі заключаліся дагаворы аб працаўладкаванні, накіроўваліся запыты ў каледж на іх размеркаванне. Так, на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” са жніўня пачнуць працаваць выпускнікі аддзялення ветэрынарнай медыцыны Ірына Шустал, Антон Кавалюк, Святлана Нічыпар і іншыя. Дарэчы, гэтыя юнакі і дзяўчаты апошні год штомесяц у дадатак да стыпендыі атрымліваюць ад прадпрыемства па мільёну рублёў кожны. Згадзіцеся, прыемны бонус да працоўнага месца.

Яшчэ да часу пік, калі пачалася афіцыйная частка размеркавання, у калідоры, дзе сабраліся навучэнцы, “купцы” агітавалі поўным ходам. Вельмі актыўнай была намеснік дырэктара ААТ “Ружаны-Агра” Таццяна Халута. Яна ў каледжы з канкрэтнай задачай: гаспадарцы тэрмінова патрабуюцца 4 ветфельчары і 3 заатэхнікі. Што датычыцца апошніх, то яшчэ ў мінулым навучальным годзе кіраўніцтва “Ружаны-Агра” заключыла з навучэнцамі дагавор, і цяпер ужо дакладна вядома, што Юлія Стакоўская, Дзмітрый Петруковіч і Ганна Равінская хутка адправяцца ў Пружанскі раён у статусе маладых спецыялістаў-заатэхнікаў. А пакуль яны атрымліваюць грашовую даплату да стыпендыі.

Як заўсёды, першымі за размеркаваннем заходзяць тыя рабяты, у каго самы высокі рэйтынг (выводзіцца па сярэднім бале паспяховасці плюс актыўная грамадская работа і спартыўныя дасягненні). Тыя, хто паступаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і вучыўся за кошт гаспадаркі, адправяцца працаваць у гэтыя сельгаспрадпрыемствы.

У Ірыны Александровіч з аддзялення ветэрынарнай медыцыны адзін з самых высокіх балаў – 9,2. Яна выбірае СВК “Берасні” Баранавіцкага раёна. Высокі бал і ў яе аднакурсніцы Вольгі Курак (дзяўчына родам з Клецкага раёна). І тут разыгралася сапраўдная драма. Вольга марыла працаваць у ЗТАА “БелДан”, аднак сёлета ад прадпрыемства не паступала заявак на маладыя кадры. Дзяўчыне прапаноўваліся розныя месцы работы, “купцы” не скупіліся на абяцанні і рэкламу сваіх гаспадарак. Выпускніца настойвала на сваім, і ёй пайшлі насустрач – далі час, каб усё ж атрымаць запыт на працаўладкаванне менавіта на “БелДане”.

Сапраўдная барацьба разгарэлася за будучага ветфельчара Марыну Бурбуліс. Прадстаўнік “Ружаны-Агра” прапаноўвала дзяўчыне і высокую зарплату (да 5 мільёнаў рублёў), і аплату кватэры ці, на выбар, жыллё ў Ружанах. Сама ж выпускніца, у рэшце рэшт, спынілася на СВК “Прынёманскі” Навагрудскага раёна: і да дому бліжэй (яна родам з Ліды), і ўмовы прывабныя (кватэра, даплаты, выхадныя дні і г.д.).

Для сямейнай пары і аднагрупнікаў Юліі і Дзмітрыя Пашко асаблівых пытанняў з размеркаваннем не было. Дзіма вучыцца па мэтавым дагаворы з ААТ “Стрыгава” Кобрынскага раёна. Юная жонка паедзе працаваць разам з мужам.

Дарэчы, у каледжы заўсёды ідуць насустрач сямейным парам і размяркоўваюць іх разам. Вось і Юлія Ламака ў якасці маладога спецыяліста адправіцца ў агракамбінат “Дзяржынскі”, дзе працуе муж. А будучыя заатэхнікі Дар’я і Сяргей Гадуны (з баламі 8,48 і 7,75 адпаведна) будуць працаваць на радзіме дзяўчыны ў ААТ “Новае жыццё” Нясвіжскага раёна.

Тым часам напал эмоцый у аўдыторыі, дзе праходзіла размеркаванне, толькі нарастаў. І калі многія ішлі па абраным маршруце – зараней даведаліся пра месца працы, з’ездзілі туды, паглядзелі, што і як, ці пабылі на практыцы і атрымалі запыт, то перад ляхавічанінам Аляксандрам Мацюшкам стала дылема. Практыку праходзіў разам з сябрам – не надта спадабалася. Самастойна знайшлі гаспадарку, дзе хацелі б працаваць, – СВК “Хмелева” Жабінкаўскага раёна. Аднак, яе кіраўніцтва даслала запыт толькі на аднаго спецыяліста. Аляксандр адмовіўся і ў выніку доўгіх угавораў і прапаноў размеркаваны ў СВК “Жарабковічы”.

У “Ляхавіцкі” адправіцца Яўгеній Зуйкевіч. Яшчэ адзін наш зямляк Мікалай Пятух перад камісіяй трымаўся ўпэўнена – яго даўно чакаюць на малой радзіме – у СВК “Шлях новы”. Сам юнак застаўся вельмі задаволены ўмовамі праходжання там практыкі і ў гаспадарцы прыйшоўся да месца. Разам з ім у адной з самых буйных гаспадарак Ляхавіччыны будзе працаваць і Аркадзій Плотка. Усяго, як расказала Наталля Кірмель, сёлета ў наш раён размеркавана 11 навучэнцаў. Акрамя вышэйзгаданых – яшчэ і ў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (3 чалавека), СВК “Тальмінавічы” і “Ліпнянка” (таксама 3). Што датычыцца апошняй гаспадаркі, яе старшыня Святлана Курэц прысутнічала на размеркаванні да апошняй хвіліны і неаднойчы размаўляла з патэнцыяльнымі кандыдатамі на работу.

Па словах Наталлі Кірмель, 85 працэнтаў будучых спецыялістаў размеркаваны ў Брэсцкую вобласць, 10 – у Мінскую і 5 працэнтаў у Гродзенскую вобласці.

Увогуле, падчас размеркавання было нямала слёз і радасці, і расчараванняў. Бо менавіта ў гэты дзень у многім вырашаўся іх лёс: першае месца працы можа стаць пачаткам паспяховай кар’ернай лесвіцы, а можа, наадварот, расчараваць. Залежыць гэта не толькі ад саміх рабят, але і ад таго, як іх прымуць, дапамогуць рэалізаваць сябе, наколькі павераць у іх і падтрымаюць. Вось чаму не менш хваляваліся разам з рабятамі іх педагогі. Яны таксама зацікаўлены ў тым, каб юнакі і дзяўчаты працаўладкаваліся як мага лепш і маглі ў спрыяльных умовах выкарыстоўваць атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, стаць прафесіяналамі любімай справы.

Пра сёлетняе размеркаванне ўжо можна гаварыць у мінулым часе. Рабяты робяць апошнія крокі да атрымання дыплома, а маладых спецыялістаў з нецярпеннем чакаюць у гаспадарках.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *