І зацвіце любімы сад

Клаўдзія і Павел Здановічы

Гэтая вясна 86-я ў ягоным жыцці. Зноў зацвіце любімы сад, і ад гэтай пяшчотнай прыгажосці ён абавязкова адчуе прыліў энергіі, кожны дзень напоўніцца новым сэнсам.

Гэтую светлую пару года ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Здановіч чакае з асаблівым хваляваннем – з той памятнай вясны 45-га, якая прынесла доўгачаканую Перамогу.

…У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, хлопец з Вострава пайшоў з салдатамі-вызваліцелямі на Захад. З найбольш адукаваных навабранцаў, сярод якіх аказаўся і Павел Здановіч, быў сфарміраваны вучэбны батальён, які накіравалі ў Барысаў. Курсанты хутка павінны былі стаць сапёрамі. Гэты нечаканы паварот лёсу прымусіў многае пераасэнсаваць у жыцці. На вайне заўсёды побач ходзіць небяспека, а сапёр не мае права на памылку: адзін неасцярожны рух ці на імгненне аслаблена ўвага і… Пра тое, што можа здарыцца, забаранялася гаварыць услых, “каб не сурочыць”. Да ўсіх было адно патрабаванне: быць заўсёды “ў форме” – фізічна загартаваным, уважлівым, сканцэнтраваным, асцярожным і прадбачлівым.

Пасля вывучэння тэорыі па скарочанай праграме пачалася практыка. Вучыліся не на муляжах мін і снарадаў, а на сапраўдных “наглядных дапаможніках”. Вельмі небяспечнай лічылася фашысцкая міна “с” – ад нямецкага слова “спрынген”, што азначае скакаць. На мясцовасці распазнаць яе складана: у траве маскіраваліся 3 далікатныя “вусікі”, якія прыводзілі ў дзеянне выбуховы механізм. Усю рызыку сапёрскай справы многія зразумелі, калі некалькі маладых курсантаў, разбіраючы небяспечны механізм, з-за неасцярожнасці падарваліся прама на занятках.

Курсант Павел Здановіч, які вызначаўся кемлівасцю і асцярожнасцю, хутка налаўчыўся ўтаймоўваць фашысцкага монстра – пры дапамозе… манеты, якую трэба было асцярожна закласці ў разрэз і павярнуць супраць гадзіннікавай стрэлкі. З гэтага часу ў кішэні кожнага сапёра абавязкова была манета, і ўсе спадзяваліся на тое, што яна шчаслівая. Так гэта ці не, неўзабаве належала праверыць на мінных палях непадалёку ад Каўнаса і Шаўляя: перад батальёнам сапёраў была пастаўлена задача размініраваць шлях для наступлення Чырвонай Арміі.

…Недзе высока ў небе звінеў жаўрук, па-вясноваму прыгравала сонца, і ўжо злёгку рунела поле. Зусім не хацелася верыць, што сярод гэтай прыгажосці тоіцца смерць, што гэтае поле, на якім павінен расці хлеб, можа стаць сур’ёзнай перашкодай у запланаванай ваеннай аперацыі. Павел сканцэнтраваўся на заданні. Галоўнае – не праглядзець, не прапусціць небяспеку. Крок за крокам па кволых парастках травы: вось і смертаносныя 3 “вусікі” міны “с”. Спакойна дастаў запаветную манету – рухі павольныя і дакладныя, адзін паварот – і гэтая міна ўжо не страшная. Праз некалькі крокаў знайшоў яшчэ адну, такую ж, толькі нацяжнога дзеяння: пакуль размініраваў, адчуў, што стала мокрай ад поту гімнасцёрка. У некалькіх кроках іншы сапёр памыліўся. Паранены салдат упаў на другую міну, што маскіравалася побач, – загінуў двойчы…

Пасля выканання задання пахавалі байца – земляка родам з-пад Брэста. Павел плакаў, нібы хаваў роднага брата.

Пад Шаўляем асабліва шмат было мінных палёў і фугасаў, што не разарваліся. І зноў работа да сёмага поту, зноў балансаваў сапёр на мяжы жыцця і смерці і зноў хаваў таварыша – зусім свайго, з Баранавіцкай вобласці…

Яго ж абараняў анёл-ахоўнік ці можа малітва маці, якая праводзіла на вайну адзінага сына. Як часта ў хвіліны зацішша ён успамінаў расстанне: матуліны вочы, затуманеныя слязамі, пяшчотныя рукі і словы блаславення, з якімі яна выправіла свайго Паўліка ў дальнюю дарогу.

У маі 1945 года вайна для салдата-сапёра Здановіча яшчэ не закончылася. Яго чакалі замініраваныя палі на Наўгародчыне, якія трэба было тэрмінова засяваць хлебам.

Вайсковая часць стаяла пад Старой Русай, дзе прайшлі жорсткія баі. Адна назва засталася ад гэтага населенага пункта – усё знішчылі фашысты. Толькі на ўскрайку нейкім цудам уцалела канюшня, дзе і жылі людзі, у асноўным жанчыны і дзеці, якім патрэбен быў хлеб. Пачынаць пасяўную катэгарычна забаранялася – міны. На 20-30 кіламетраў распасціраліся смертаносныя палі. Пераважалі супрацьтанкавыя міны рознай формы і мадыфікацыі. Дапамагло тое, што захаваліся карты мінных палёў, складзеныя нашымі вайскоўцамі: работа сапёраў прайшла паспяхова і хутка. Салдаты нават дапамаглі жанчынам скасіць траву: для ўсіх сялянскіх хлопцаў было задавальненнем узяць у рукі касу, пакласці ў пракос траву, якая пахла мірным жыццём, домам, да якога было яшчэ так далёка.

…Мінашукальнік падаваў сігналы ці не на кожным квадратным метры зямлі: такі заслон стварылі фашысты нашым танкам. Трапляліся міны круглыя, нібы патэльні, прамавугольнай формы – супраць іх сапёры ведалі прыёмы. Ведалі і тое, што супрацьпяхотныя міны трэба толькі ўзрываць – гэта адзіны спосаб іх абясшкодзіць. Павел Здановіч не сумняваўся, што яго сябар, які быў родам са Смаленска, так і зробіць, а той узяўся размініраваць. Выбух быў не вельмі гучны, але ён, здавалася, разарваў усё наваколле. Кінуліся да параненага – той страціў вочы. Сумна і балюча было – на двары ж мір!

Толькі ў 1951 годзе батальён сапёраў, дзе служыў Павел Здановіч, вяртаўся дамоў. Поезд спыніўся ў Смаленску, і, каб перадыхнуць хвілінку, салдаты высыпалі з вагонаў. Раптам пачулі гукі гармоніка і песню – іх песню. Яе іграў сляпы музыкант. Калі прыгледзеліся, пазналі свайго салдата-сапёра, які страціў вочы на мінным полі пад Ноўгарадам. Пасля нечаканай шчымлівай сустрэчы ён сыграў сваім баявым сябрам марш “Развітанне славянкі”…

Толькі пераступіўшы парог роднай хаты ў Востраве, Павел Здановіч адчуў, што вайна сапраўды закончылася. Дома матуля, дзве сястры – дачакаліся. Наўкол бурліла мірнае жыццё, новае для яго, але прыцягальнае. Ляхавіцкі райкам камсамола накіраваў Паўла Здановіча на работу інспектарам сельгасбанка. Адначасова пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, дзе і трапіў былы салдат у “палон” чароўных вачэй настаўніцы фізікі Клаўдзіі. Як вядома, у шчасці лёгка крочыць па жыцці: закончыў тэхнікум, пасля Ленінградскі фінансава-эканамічны інстытут. Працаваў эканамістам райсельгасхарчу, загадваў райфінаддзелам райвыканкама, а на заслужаны адпачынак пайшоў з пасады кіраўніка дзяржбанка аграпрамысловага комплексу.

Стаўшы надзейнай апорай адзін для другога, ідуць па жыцці Клаўдзія і Павел Здановічы – два лёсы, абпаленыя вайной, загартаваныя працай. І няхай яшчэ будуць у іх вёсны, калі расцвіце іх любімы сад.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і з сямейнага архіва ветэрана.

One thought on “І зацвіце любімы сад

  • 03/04/2014 в 21:56
    Permalink

    Шчасця і здароўя Вам поўную чашу! Няхай жыццё будзе да краю поўнай-без засмучэнняў і без бед, І каб шчасця і здароўя хапіла Вам на сотню гадоў.!!! Хай у вашым доме пануе лад, дабро, паразуменне, і радасць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *