Свята сяброўства. У Гродна прайшлі заключныя мерапрыемствы Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка прысутнічаў практычна на ўсіх пляцоўках фестывалю. На фотаздымку Леанід Паўлавіч (злева) падчас адкрыцця фотавыставы.

6 чэрвеня Гродна расквеціўся шматколернасцю нацыянальных касцюмаў, песень, танцаў. У гэты дзень тут пачаліся заключныя мерапрыемствы Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Маштабная падзея, адлік гісторыі якой пачаўся з 1996 года (фестываль праводзіцца раз у 2 гады), сёлета сабрала больш за 900 удзельнікаў, сярод якіх лепшыя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, майстры народнай творчасці розных нацыянальнасцей.

На 3 дні Гродна стаў месцам сустрэчы прадстаўнікоў дыяспар, для якіх наша краіна – родны дом, творчых калектываў з блізкага і далёкага замежжа, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой.

Перад кульмінацыйным дзействам афіцыйнага старту фестывалю – тэатралізаваным шэсцем – у канцэртнай зале Цэнтра культуры адбыліся прэс-канферэнцыя для СМІ і адкрыццё фотавыставы апарата Упаўнаважанага пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па справах рэлігій і нацыянальнасцей “Беларусь шматнацыянальная”.

Фрагменты фотавыставы

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка зазначыў, што ўсе нацыянальнасці, якія пражываюць на тэрыторыі краіны, адчуваюць сябе добра і ўтульна. Леанід Паўлавіч дадаў, што днямі наша краіна стала чацвёртай у Еўропе, дзе прайшоў праваслаўна-каталіцкі форум. Правядзенне ў Беларусі прэстыжнай міжнароднай канферэнцыі, у якой прынялі ўдзел іерархі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў з 22 краін Еўропы, стала магчымым, дзякуючы адсутнасці ў рэспубліцы спрэчных канфесійных і нацыянальных пытанняў. У нас у міры і згодзе жывуць прадстаўнікі ўсіх культур.

“ЛВ” стаў не толькі госцем юбілейнага фестывалю, але і ўдзельнікам урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшае асвятленне міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой сярод журналістаў і СМІ. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка ўручыў рэдакцыі раённай газеты “Ляхавіцкі веснік” дыплом за высокапрафесійнае асвятленне гэтых пытанняў.

Праграма фестывалю была насычанай і разнастайнай. Да юбілейнага дзейства арганізатары прымеркавалі мноства сюрпрызаў. Адбылося ўрачыстае адкрыццё алеі Сяброўства. У Каложскім парку прадстаўнікі 37 нацыянальнасцей, якія прынялі ўдзел у свяце, высадзілі экзатычныя для нашых мясцін дрэвы: міндаль, магнолію, кедравую сасну і іншыя. Паштовы падворак, падворкі нацыянальных меншасцяў (упершыню сёлета былі прадстаўлены аб’яднанні англічан, італьянцаў, іспанцаў), міні-фестываль вулічнага мастацтва і шоу-прэзентацыя нацыянальнага касцюма, гала-канцэрт творчых калектываў нацыянальных суполак і свята духавой музыкі, свята тэатральнага мастацтва пад адкрытым небам і кірмаш народных майстроў – гэтым і іншым прыемна здзіўлялі шматлікіх гасцей горада арганізатары ўнікальнага і непаўторнага рэспубліканскага свята. Свята, якое сцерла моўныя перашкоды і дазволіла, не пакідаючы краіны, пазнаёміцца з багатымі традыцыямі і каштоўнасцямі розных народаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *