У лагер. Працаваць

На працу толькі з добрым настроем ідуць Кацярына Козел, Юлія Шнайдзер і Дар’я Кендыш

У 70-я гады мінулага стагоддзя па ўсёй вялікай краіне СССР пракацілася хваля арганізацыі лагераў працы і адпачынку для старшакласнікаў. Былі яны і на Ляхавіччыне, адзін з апошніх “кватараваў” у саўгасе “Адахаўшчына”. Ахвотна прыязджалі туды летам гарадскія дзевяцікласнікі. Да абеду працавалі: высаджвалі расаду, палолі. Пасля абеду – адпачынак, вечарам – забаўляльныя і пазнавальныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы і дыскатэкі. Жылі ў спецыяльна пабудаваных драўляных доміках, спалі на двух’ярусных ложках. Рамантыка! Плюс заробленыя ўласнай працай грошы. Уражанняў і цудоўных успамінаў заставалася безліч.

Гавораць, новае – гэта добра забытае старое. Некалькі гадоў назад у Беларусі аднавілася традыцыя такіх лагераў, дзе падлеткі могуць не толькі адпачыць, аздаравіцца, але і даказаць сваю самастойнасць, прынесці карысць грамадству і зарабіць уласныя грошы. Другасную занятасць прапанавалі школьнікам і ў нашым раёне. Летась кіраўнікі камунгаса, лясгаса і СВК “Жарабковічы” не пабаяліся ўзяць на часовую працу непаўналетніх. Як зазначыў дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі, не раздумваючы згадзіўся на прапанову аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і не пашкадаваў. Не напалохалі кіраўніка ні асаблівыя ўмовы працы, што неабходна стварыць для падлеткаў, ні дадатковая адказнасць. З камунальнікамі мінулым летам паспяхова супрацоўнічалі гімназісты і старшакласнікі СШ № 1.

Дзякуючы рабятам з атрада СШ № 1 у парку каля пл. Перамогі з’явілася новая клумба.

– Адказныя, старанныя, добрасумленныя, яны з гатоўнасцю выконвалі ўсе заданні. Пафарбаваная, прычым надзвычай акуратна, агароджа ўздоўж вуліц Інтэрнацыянальнай і Дзесюкевіча, падрыхтаваныя да абласных «Дажынак» газоны ў парку каля плошчы Перамогі – справа рук школьнікаў, — расказвае Аляксандр Мядзвецкі.

Старшакласнікі таксама засталіся задаволенымі і ўмовамі працы, і зарплатай. Таму супрацоўніцтва камунгаса і вучняў працягваецца сёлета. Яшчэ загадзя і падлеткі, і іх бацькі цікавіліся, як трапіць у лагер працы і адпачынку, прычым, многія хацелі працаваць менавіта на добраўпарадкаванні горада. Пашчасціла 42 старшакласнікам з СШ № 1 і гімназіі. З іх сфарміраваны 2 атрады, якія задзейнічаны на камунгасаўскіх участках “Жылфонд” і “Добраўпарадкаванне”. Удзельнікі першага атрада наводзяць “марафет” на дваровых тэрыторыях горада: падмятаюць, збіраюць смецце, фарбуюць лаўкі, турнікеты. Добра спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі і рабяты з другога атрада. Яны ў адказе за кветкавае аздабленне вуліц, плошчаў, сквераў: праполваюць, высаджваюць кветкі, падсяваюць траву на газонах. Справай, парадамі дапамагаюць юным ляхавічанам адаптавацца і спраўляцца з работай кіраўнікі структурных падраздзяленняў камунгаса.

З рабятамі абавязкова праводзіцца інструктаж па правілах бяспекі. Непаўналетніх не задзейнічаюць на ўборцы прыдарожных тэрыторый і іншых участках павышанай рызыкі. Кожны атрымаў спецыяльную камізэльку і іншае “абмундзіраванне”. Ні адзін з атрадаўцаў не адмовіўся ад камунгасаўскага спецадзення, усе згадзіліся, што апранаць яго ганарова, да таго ж прыемна мець дачыненне да парадку.

Атрымліваецца быць азеляняльнікамі ў Насці Сідор і Дар’і Веруцінай.

Яшчэ перад пачаткам змены Аляксандр Мядзвецкі сустрэўся з рабятамі, якія трапілі ў лагер працы і адпачынку. Школьнікам паказалі відэафільм пра работу камунгаса, яго падраздзяленняў і ўчасткаў. А хутка добраахвотныя памочнікі змогуць на ўласныя вочы ўбачыць, адкуль бярэцца цяпло ў дамах і кватэрах, як паступае да спажыўцоў вада, наведаюць кацельні, цяплічную гаспадарку, пабываюць на іншых важных камунальных аб’ектах. Дырэктар камунгаса перакананы: важна, каб рабяты ведалі пра свой горад, яго прадпрыемствы і арганізацыі не толькі па расказах іншых, газетных публікацыях, кароткіх паведамленнях у буклетах ці інтэрнэце, а самі ўсё ўбачылі, паглядзелі, параўналі. Няма ніякіх сумненняў, што гэтыя рабяты ніколі не дазволяць сабе разбураць, шкодзіць, смеціць. Яны ведаюць цану кожнага заробленага рубля, паважаюць не толькі сваю працу, але і чужую. І, напэўна, калі хто-небудзь з іх сутыкнецца з любым праяўленнем вандалізму ці непавагі да чужой працы, – абавязкова дасць належны адпор. Гэта таксама выхаваўчы плюс працоўнага летніка.

З дзясятак рабят, якія супрацоўнічалі з камунгасам летась, а сёлета на пачатку чэрвеня здаюць у школах экзамены і па гэтай прычыне не трапілі ў працоўны лагер, самастойна звярнуліся да дырэктара камунгаса з просьбай аб працаўладкаванні. Такая ініцыятыва юных атрымала падтрымку: для іх абавязкова будзе знойдзена работа. Іх дапамога спатрэбіцца на добраўпарадкаванні вуліц, паркаў і дваровых тэрыторый нашага райцэнтра.

Сёлета Аляксандр Мядзвецкі прапанаваў абодвум атрадам дызайнерскае спаборніцтва: распрацаваць свой праект клумбы, а потым увасобіць яго ў жыццё. Усе затраты на матэрыял, як і на заахвочванне пераможцаў, бярэ на сябе камунгас.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *