Закон у падлеткавым выкананні. Як падлетак становіцца «цяжкім»? Як дапамагчы «цяжкаму» не быць такім? Дарослыя шукаюць адказы на гэтыя пытанні

Крымінальныя зводкі, у якіх фігурантамі становяцца падлеткі, падштурхоўваюць да роздуму: па якой прычыне так здарылася, чаму непаўналетнія парушаюць закон? Гэтыя і іншыя тэмы падчас чарговага пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама ўзнімалі яго ўдзельнікі. Сярод некалькіх пунктаў парадку дня — і разгляд адміністрацыйных спраў.

Штраф у памеры дзвюх базавых велічынь атрымала маці школьніка за тое, што яе сын узрываў петарды каля жылога дома. А вось навучэнец каледжа ўжо не першы раз у цэнтры ўвагі членаў камісіі. Прычына тая ж – знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Пакаранне за парушэнне заканадаўства – штраф 10 базавых велічынь. Засмучае, што гэта не адзінкавы факт ужывання спіртных напіткаў непаўналетнімі. За 2014 год работнікі міліцыі затрымалі 125 падлеткаў у нецвярозым стане. Другі раз на камісіі і 16-гадовы С. – ён двойчы затрымліваўся ў стане таксічнага ап’янення. Маці падлетка прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 БВ, а вось непаўналетняму “аматару” таксічных рэчываў тэрмінова патрабуецца дапамога спецыялістаў.

У чым прычына такіх паводзін падлеткаў ? Магчыма, у асаблівасцях узросту, ва ўплыве кампаніі і асяроддзя, падлеткавай саманадзейнасці, а, магчыма, у бацькоўска-дзіцячых узаемаадносінах. Разбіраючы кожны асобны выпадак, члены камісіі выказвалі спадзяванне, што ўсе вінаватыя абавязкова стануць на шлях выпраўлення.

Як расказаў старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Дыдышка, у лютым у раёне ажыццяўляўся комплекс мер па супрацьдзеянні п’янству і наркаманіі сярод моладзі. Вялікая работа ў гэтым накірунку праводзіцца ўстановамі адукацыі раёна, грамадскімі арганізацыямі. На жаль, факты затрымання падлеткаў у нецвярозым стане не адзінкавыя. Перакладваючы выхаванне дзяцей на школу, некаторыя бацькі самаўхіляюцца ад сваіх прамых абавязкаў.

На пасяджэнні камісіі разглядалася выкананне плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетняга. Сям’я прызнана ў сацыяльна небяспечным становішчы, і ўжо амаль 2 месяцы пяцігадовае дзіця знаходзіцца ў прытулку. Маці, каб вярнуць сына дадому, неабходна вырашыць праблемы з жыллём, наладзіць адносіны з роднымі. І, канешне, наведваць сына, клапаціцца пра яго. Інакш жанчына будзе пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а месцам пражывання дзіцяці стане прыёмная ці іншая замяшчальная сям’я.

Пасяджэнне было паказальным для навучэнцаў каледжа, схільных да супрацьпраўных учынкаў. Яны сталі сведкамі разгляду адміністрацыйнага парушэння, з кожным праведзена прафілактычная гутарка.

Дзмітрый Дыдышка адзначыў, што ў мінулым годзе непаўналетнія ўчынілі ў раёне 6 крымінальных злачынстваў. Палову – пад уздзеяннем алкаголю. Сёлета выяўлены 5 фактаў уцягнення дарослымі непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны.

Члены камісіі абмяркоўвалі стан прафілактычнай работы, аналізавалі прычыны дзіцячага траўматызму, суіцыдальных паводзін, гаварылі пра іх папярэджанне.

Сярод пытанняў, што стаялі на парадку дня выязнога пасяджэння раённага каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях”, нельга было вылучыць галоўныя. Кожнае – актуальнае і надзённае. Мэта падобнай формы абмеркавання – аналіз сітуацыі на падставе аператыўнай інфармацыі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, выяўленне сем’яў, якім патрабуецца дзяржаўная дапамога. Месцам правядзення пасяджэння пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Дзіяны Трысцень быў абраны Крывошынскі сельвыканкам. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных службаў і арганізацый, што адказваюць за рэалізацыю дэкрэта. Размова ішла пра работу Крывошынскага сельвыканкама, устаноў адукацыі і аховы здароўя, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, па забеспячэнні сацыяльнай абароны дзяцей і прафілактыцы сямейнай неўладкаванасці, пра працаўладкаванне абавязаных асоб і іншае.

Па словах загадчыцы сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Святланы Галееўскай, колькасць непаўналетніх, што стаяць на ўліку ў сацыяльна небяспечным становішчы, на працягу мінулага года складала ад 26 да 47 чалавек, 8 дзяцей з пяці сем’яў былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне (у 2013 – 10 дзяцей з пяці сем’яў), 4 непаўналетнія былі вернуты ў біялагічныя сем’і, у адносінах адной дзяўчынкі адменена яе ўдачарэнне.

З мэтай эфектыўнай падтрымкі сем’яў, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у раёне быў распрацаваны і зацверджаны алгарытм міжведамаснага ўзаемадзеяння пры правядзенні сацыяльнага расследавання і арганізацыі работы па ўхіленні прычын і ўмоў, якія ствараюць сацыяльна небяспечнае становішча для непаўналетняга.

На пачатак года ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на ўліку знаходзіліся 92 абавязаныя асобы, якія павінны кампенсаваць дзяржаве расходы на ўтрыманне 108 дзяцей, 76 з якіх знаходзяцца на выхаванні ў замяшчальных сем’ях. Вяртанне сродкаў дзяржаве ў 2014 знізілася да 51 працэнта. Налічана да вяртання больш за 1,5 мільярда рублёў, а кампенсавана 777 мільёнаў. Прынятыя меры па вяртанні бацькамі затрат, якія нясе дзяржава на ўтрыманне і выхаванне іх дзяцей, не прынеслі жаданага эфекту. У поўным аб’ёме па стане на 1 студзеня 2015 года пакрываюць расходы 35 чалавек, 48 пагашаюць запазычанасць часткова, 9 чалавек увогуле не кампенсуюць гэтыя сродкі (у асноўным тыя, хто знаходзіцца ў ЛПП або турме). Прычынай утварэння запазычанасці становяцца не толькі нежаданне плаціць па рахунках, але і адсутнасць дастойнага заробку. Сярэдняя сума, якую абавязаная асоба павінна вяртаць дзяржаве на адно дзіця, – 1,8 мільёна рублёў у месяц. А калі дзяцей двое, трое ці больш, адпаведна, расходы павялічваюцца. Так, доўг адной з абавязаных асоб на трох дзяцей складае больш за 132 мільёны рублёў…

У дзяржаўнай абароне дзяцей важна не спазніцца з дапамогай тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Падштурхнуць і прымусіць задумацца тых, хто забыўся пра свае бацькоўскія абавязкі. Для атрымання максімальнага станоўчага эфекту наспела неабходнасць суправаджэння сям’і ад моманту выяўлення яе неўладкаванасці да поўнага “аздараўлення”, ­ падвяла вынік выязнога пасяджэння Дзіяна Трысцень.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *