Памяшканні для новых тэхналогій

Сельгаспрадпрыемствы раёна распрацавалі праграмы па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і захаванні галіновых рэгламентаў.

Для кожнай гаспадаркі – свая праграма, задачы, планы, якія вынікаюць з фінансавых магчымасцяў. Але галоўнае для ўсіх — укараненне ў вытворчасць новых тэхналогій утрымання статка з захаваннем галіновых рэгламентаў, стварэнне дастойных умоў працы для людзей, змяншэнне долі ручной працы, што, у канчатковым выніку, будзе садзейнічаць павелічэнню вытворчасці прадукцыі. Дабіцца гэтага можна, калі завяршаць пачатае будаўніцтва новых і рэканструкцыю старых будынкаў жывёлагадоўчых памяшканняў. За апошнія гады ў гэтым накірунку зроблена нямала: узведзены Вялікалотаўскі і Падбароччанскі жывёлагадоўчыя комплексы, у кожнай гаспадарцы рэканструявана ці адрамантавана хоць адно памяшканне. Гэта паспрыяла таму, што на многіх МТФ павялічыліся надоі, палепшылася якасць прадукцыі. Напрыклад, у СВК “Жарабковічы” пасля рэканструкцыі некаторых МТФ з’явілася магчымасць раздзяліць кароў на тэхналагічныя групы, арганізаваць адпаведнае кармленне. У пэўнай меры гэтыя мерапрыемствы паспрыялі таму, што па выніках мінулага года надой на адну карову ў кааператыве павялічыўся на 515 кілаграмаў малака.

Гэты год у некаторых гаспадарках таксама пачалі з планавання будаўнічых работ. СВК “Шлях новы”, “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” даўно асвоілі раней выдзеленыя крэдыты, працягваюць будаўнічыя работы на сваіх комплексах уласнымі сіламі, хоць спа-дзяюцца і сёлета атрымаць дзяржаўную падтрымку на заканчэнне будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў у Сакунах, Жарабковічах, Падбароччы. Астатнія сельгаспрадпрыемствы разлічваюць толькі на свае сілы.

Летась будаўнічая брыгада ДП “Нача”, зэканоміўшы значныя сродкі, самастойна адрамантавала кароўнік, пабудавала цялятнік, рэканструявала памяшканне пад цэх сухастою, што дало магчымасць наладзіць дыферэнцыраванае кармленне. Палепшаныя ўмовы ўтрымання жывёлы адразу адбіліся і на вытворчасці прадукцыі: летась ад кожнай каровы тут надаілі па 5467 кілаграмаў малака, кожная рагуля прыбавіла ў надоях 199 кілаграмаў у параўнанні з годам папярэднім. Дзякуючы праведзеным будаўнічым работам, з’явілася магчымасць павялічыць і колькасць пагалоўя БРЖ на 197 кароў. Сёлета ў гаспадарцы маюць намер працягваць работы. На цэнтральнай ферме будзе адрамантаваны яшчэ адзін кароўнік, для нованароджаных цялят плануецца пабудаваць прафілакторый, свінарнік мяркуецца рэканструяваць пад цялятнік. Як адзначае намеснік начальніка райсельгасхарчу Максім Гульковіч, сёлета дзяржаўнаму прадпрыемству спатрэбіцца на будаўнічыя работы больш як 100 мільёнаў рублёў уласных сродкаў.

Сучасныя падыходы да арганізацыі работы жывёлагадоўчай галіны ў СВК “Ляхавіцкі”. Новыя і рэканструяваныя жывёлагадоўчыя памяшканні — прастор для ўкаранення сучасных тэхналогій. Сёлета плануюцца работы ў Рачканах: на МТФ будзе адноўлена жывёлагадоўчае памяшканне пад цэх сухастою.

Працягнуцца будаўніча-аднаўленчыя работы і на жывёлагадоўчых аб’ектах ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Спачатку на Падбароччанскім комплексе, а затым на ферме ў Вялікім Гарадзішчы тут маюць намер пабудаваць прафілакторыі для цялят, каб арганізаваць утрыманне маладняку па новай тэхналогіі выпайкі.

Па словах Максіма Гульковіча, у кожным сельгаспрадпрыемстве будуць весціся аднаўленчыя ці рамонтныя работы ў жывёлагадоўчых памяшканнях. Аднак сёлета фінансавая падтрымка будзе накіравана толькі на тыя аб’екты, дзе выканана 80 і больш працэнтаў работ. Усім астатнім, хто вядзе ці плануе распачынаць будаўніцтва, разлічваць трэба на ўласныя сродкі.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *