Сезон гарачай працы. Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні падзяліўся фактамі, ацэнкамі і высновамі адносна работы сельгассістэмы Ляхавіччыны

Запас травяністых кармоў уласнай вытворчасці кішэню не цягне. Зіма доўгая і ў яе «вялікі рот».

Любая пара года з’яўляецца для вяскоўцаў звышнапружаным адказным часам, сфарміраваным днямі па-сапраўднаму гарачай працы. На жывёлагадоўчай ферме, у полі, памяшканнях рамонтна-механічнай майстэрні – на любым з участкаў, дзе па кроплі і ў тым ці іншым накірунку фарміруецца харчовая бяспека краіны. Але, як лічыць першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык, 2021 год быў гарачым, як мінімум, у квадраце. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – Васілій Мікалаевіч падзяліўся фактамі, ацэнкамі і высновамі адносна работы сельгассістэмы Ляхавіччыны на працягу апошняга сезона.

– Нярэдка і зусім нездарма ў адрас нашай галіны вытворчасці можна пачуць: цэх пад адкрытым небам. Калі так, то ў мінулым сельгассезоне нябёсы былі не на баку аграрыяў. Не задалося адразу, з самага пачатку яравых работ: халодная, зацяжная вясна негатыўна адбілася на пасяўной кампаніі, зацягнуліся тэрміны ўзыходаў сельгаскультур. Затым лета і, адна за адной, дзве хвалі небывалай спякоты. Яе негатыў на паказчыкі ўраджайнасці траў і зерневых, прадукцыйнасць жывёльных статкаў не паддаецца пераацэнцы. Раслінаводы на гектары плошчаў страцілі ў сярэднім да дзесяці цэнтнераў ураджаю. Пацярпелі як яравыя, так і азімыя пасевы. Недабралі ўсе збожжавыя, рапс і нават кукуруза. Хоць сітуацыя з апошняй атрымалася неадназначнай і не аднолькавай. Гаспадаркі, якія раней адсеяліся, аказаліся ў выйгрышы. Асабліва ў плане вагі «зялёнага гектара», які ў шэрагу выпадкаў падняўся на трохметровую вышыню і даў істотную прыбаўку цэнтнераў кармавых адзінак.
Звяртаю на гэта ўвагу не з мэтай апраўдання нейкіх нашых недапрацовак, а выключна дзеля таго, каб яшчэ раз звярнуць увагу на адметнасці вясковай працы – і суб’ектыўныя, і тыя, што ад канкрэтнага суб’екта не залежаць.
Тым не менш, працаўнікі сельскагаспадарчай галіны выходзяць на сваё прафесійнае свята, у цэлым, у мажорным настроі. Сярэдні па раёне запас травяністых кармоў складае каля 33 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта на шэсць цэнтнераў больш аналагічнага мінулагодняга паказчыка. Асабліва прыемна тое, што ў плюс спрацавалі корманарыхтоўшчыкі практычна ўсіх сельгасарганізацый раёна. Найбольш значна ў параўнанні з леташнім прыбавілі ЗАТ «Белпрампрыбор», КСУП «Ліпнянка», вытворчы ўчастак «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» – на 13, 14 і больш за 21 цэнтнер кармавых адзінак адпаведна. У значна больш спрыяльным 2020-м у папярэдніку апошняй арганізацыі – райаграсэрвісе – кармоў было ў два разы менш.
А кармы – наша ўсё. Яны мяса і малако – прадукцыя жывёлагадоўлі, якая працэнтаў на 70–80 фарміруе бюджэт сельгаспрадпрыемстваў і, адпаведна, кожнага іх працаўніка.
Каб кармавых запасаў было ў дастатку, былі яны не «пустымі», а адрозніваліся максімальнай пажыўнасцю і якасцю, райсельгасхарч і гаспадаркі раёна рабілі ўсё магчымае ў накірунку захавання тэхналагічных правілаў і нормаў. На кожным з этапаў нарыхтоўкі, падчас закладкі, у перыяд захоўвання, падчас выемкі-адабрання. На касавіцы былі арганізаваны два практычныя – палявыя – семінары па пытаннях корманарыхтоўкі з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак. Усё гэта дае падставу глядзець у зіму з упэўненасцю, дазволіць граматна і ў адпаведнасці з нормамі збалансаваць рацыён жывёльных статкаў, падняць іх прадукцыйнасць.
У якасці станоўчага прыкладу  хочацца яшчэ раз звярнуцца да
таго ж ВУ «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі МКК». На сёння сярэднясутачная малочная прадукцыйнасць каровы ў гаспадарцы павялічылася больш як на два кілаграмы ў параўнанні з мінулым годам. Каровы ЗАТ «Белпрампрыбор» прыбавілі ва ўдойнасці больш як па паўтара кілаграма і цяпер даюць па 24 кілаграмы малака ў суткі. Паказчык варты павагі, па якім з галаўнінскімі статкамі могуць канкурыраваць хіба што каровы СВК «Ляхавіцкі», удойнасць якіх складае амаль 24,5 кілаграма малака.
Апошні сезон быў адчувальна горшым па зборы збожжа каласавых культур. З 44 з паловай цэнтнераў леташніх у гэтым сезоне
раён скінуў пяць цэнтнераў ураджайнасці. Асноўная прычына тая ж – летняя засуха, якая не дазволіла як след наліцца зерню і пшаніцы, і ячменю, і трыцікале, і жыта. Але за кошт кукурузы, яе больш-менш роўнай ураджайнасці і шырокіх пасяўных плошчаў па зерневым вале Ляхавіцкаму раёну ўдалося выйсці практычна на мінулагодні ўзровень. Збор амаль 11 тысяч тон кукурузнага зерня ў сырым выглядзе адчувальна падняў і хлебны, і кармавы рэйтынг Ляхавіччыны, прэстыж яе работнікаў-аграрыяў.
Раён поўнасцю справіўся з выкананнем заданняў дзяржзаказу па зерню, з дня на дзень будзе завершана адгрузка па дзяржзаказе цукровых буракоў. Частка іх знаходзіцца на полі, у «салодкіх» штабелях у чаканні пагрузкі-адпраўкі на перапрацоўку.
Кармоў травяністых назапасілі па патрэбнасці, сыравіна для прыгатавання канцэнтраваных кармоў знаходзіцца ў засеках, жаданне працаваць і зарабіць прысутнічае. Што яшчэ трэба, каб дастойна сустрэць наша прафесійнае свята?
З ім шчыра, ад усяго сэрца віншую ўсіх работнікаў нашай сельскагаспадарчай і перапрацоўчай галіны АПК, аптымізму вам і вашым блізкім, дабрабыту ва ўсім і заўсёды. Канешне ж, матэрыяльнага дастатку і абавязкова –  здароўя!

Васілій ПЫЖЫК,
першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення
па сельскай гаспадарцы  і харчаванні райвыканкама.