Жамчужная краіна на планеце Дзяцінства. У аздараўленчым лагеры ў Ляхавіцкім раёне закончылася чарговая змена

Сеанс калектыўнай гульні ў шашкі

Учора з дзіцячага аздараўленчага лагера “Чайка” раз’ехаліся хлопчыкі і дзяўчынкі з першай змены. Не стала Жамчужнай краіны — распалася. Суверэнныя суб’екты развіталіся і сябрамі раз’ехаліся па сваіх асобных княствах. Хто ў горад шлях трымаў, хто — у аграгарадок або родную вёску. “Жамчужная краіна” – гэта назва першай змены лагера, 8 дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат, якія сваёй прысутнасцю адкрылі аздараўленчы сезон галоўнай дзіцячай здраўніцы раёна.

Аздобленае густым хваёвым водарам паветра ўспрымалася гаючым кактэйлем, з кожным новым глытком якога, здавалася, дабаўлялася і сілы і настрою. Навакольная мелодыка, кантраст гукаў і цішыні фарміравалі ва ўяўленні райскія ўражанні. Хіба толькі прымацаваны на ўваходзе ў “Чайку” камп’ютарны надпіс “Увага! Тут пачынаецца зона дзяжурнага спецназу” вяртае ў рэальнасць. Калі ў адзін з нядаўніх дзён карэспандэнты «ЛВ» наведаліся ў лагер, дзяжурная змена паказала сваю абсалютную лаяльнасць. Ці, што хутчэй, гасціннасць. На міні-футбольнай паляне непадалёку ад уваходу праходзіў футбольны матч. Без фанатызму, але ўсё па-даросламу: не занятыя ў складзе каманд дапамагалі “сваім” у ролі балельшчыкаў.

Кожнага наведвальніка “Чайкі” ў гэтым сезоне сустракае новая, “сабраная” з бетоннай пліткі дарожка. Шырокая, нібы праспект, урачыстая і гучная, так, што ногі спрабуюць успомніць страявы крок. Яе напрамак — ад КПП і ў глыбіню лагера, у суседстве са стромкімі соснамі, туды, дзе свежасць, яркасць і рознаколернасць фарбаў. Кожны спальны корпус у “Чайцы” пазнаецца, у тым ліку, і па афарбоўцы: чырвоны, зялёны, жоўты …

Аптымістычную “Месца для купання” нейтралізуе шыльда суседняя, агрэсіўна-чырвоная “Купанне забаронена”. На жаль не ўпершыню размешчаны на тэрыторыі лагера вадаём выконвае выключна эстэтычную функцыю. “Усё тут добра, многа цікавага. Вось каб яшчэ купацца дазвалялася”, – у адказ на тэматычнае пытанне заўважыў адзін з вельмі камунікабельных выхаванцаў.

На размаляваным у стылі блізкім да прыроднага камплекце “мэблі” кампанія дзяўчынак схілілася над шашачнай дошкай. Выглядалі, як і належыць у іх сітуацыі, засяроджанымі, на спробу завязаць гутарку адрэагавалі даволі стрымана.

У адрозненні ад педагога-арганізатара Ганны Буйко, якая з ветлівай усмешкай, проста і дакладна экскурсіяй правяла па Жамчужнай краіне. “Канешне, просяцца. Але за ўвесь час ні разу не купаліся – санітарная забарона”, – размова з Ганнай Іванаўнай пачалася з усім вельмі блізкага летняга пытання. Аднак, жыццё ў “Чайцы” зусім не прэснае. Наадварот, багатае на ўражанні, запоўненае клопатамі ад краю да краю, ад пад’ёму і да адбою. Правядзеннем разнастайных спартыўных турніраў, падзеямі і акцыямі характарызуецца першая палова дня юных адпачываючых. Акрамя ўзгаданых ужо футбола і шашак, у “Чайцы” таксама “культывуюцца” настольны тэніс, валейбол і яго малодшы брат піянербол, іншае. Удзел у шэрагу спаборніцтваў каманды выхавальнікаў нараджае інтрыгу, дадатковую цікавасць, павышае канкурэнтнасць мерапрыемстваў. Пры тым, што ёсць свае ўмоўнасці, папраўкі да правілаў з мэтай ураўняць шанцы першых і другіх.

Выхавальнік Аляксандр Мацулевіч і яго выхаванцы

Незадоўга да нашага, гасцявы візіт у “Чайку” здзейснілі выхаванцы “прыгімназічнага” аздараўленчага лагера. Адбылася спартландыя паміж камандамі гасцей і гаспадароў.

Пасля абеду – ціхі час, потым – час інтэлектуальна-забаўляльных гульняў, віктарын, конкурсаў. Зноў-такі, роля педагогаў не абмяжоўваецца толькі арганізацыяй.

Адпачынак патрабуе грошай. Грашовыя адзінкі пад назвай “жамчужыны”, нягледзячы на “каціроўку” толькі ў перыметры лагера, трэба было яшчэ зарабіць. Нейкай карыснай справай, добрым учынкам. Было куды і на што патраціцца заробленым: напрыклад, выкупіць права не выходзіць у нейкі з дзён на ранішнюю фіззарадку, “інвеставацца” ў нешта іншае.

На пытанне, ці смачнае ў лагеры харчаванне, адзін з самых юных выхаванцаў адказаў без роздуму. “Так. Ёгурт даюць, фрукты”. А вось на пытанне, колькі разоў на дзень наведваеце сталоўку, адказ знайшоўся не адразу. Спатрэбіўся дзясятак імгненняў на падлік. Аказалася – пяць.

Гісторыя Жамчужнай краіны ўчора ўжо завяршылася. Але праз некалькі дзён, з пачаткам работы другой змены лагера, “Чайка” прыме новых насельнікаў. Усё будзе, як і ў іх папярэднікаў, але інакш.

Дарэчы, акрамя “Чайкі”, у чэрвені ў раёне працавалі прышкольныя, працы і адпачынку, профільныя лагеры і спартыўны на базе Ляхавіцкай ДЮСШ. Адпачынак і аздараўленне ўсяго атрымалі 807 хлопчыкаў і дзяўчынак. “Чайка” і спартыўны лагер працягнуць работу ў другую, трэцюю і чацвёртую змены.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Жамчужная краіна на планеце Дзяцінства. У аздараўленчым лагеры ў Ляхавіцкім раёне закончылася чарговая змена

  • 25/06/2014 в 16:14
    Permalink

    Хорошая смена получилась. Воспитатели добрые, придумывали интересные мероприятия.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *