Гарэць у рабоце, але не «згарэць» на рабоце

У Востраве ўдзельнікам раённага дня аховы працы паказалі майстар-клас.

Асноўную ідэю дня аховы працы можна вызначыць формулай – як, зарабляючы грошы, не страціць здароўе.

Здароўе – звычайна першае з пажаданняў, што зычым мы адзін аднаму ў самых розных сітуацыях. Пасля – могуць быць варыянты: багацця, асабістага шчасця. І працоўных поспехаў – аднак, не цаной хоць на кроплю страчанага здароўя.

З мэтай максімальнага змяншэння падобнага ў кожным рэгіёне вобласці штогод праходзяць раённыя дні аховы працы. Ініцыяваная аблвыканкамам падзея стала ўжо шостай па ліку. Прайшла ў нас каля тыдня назад на прыкла-дзе ТАА “Ляхавічыдрэў” і ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” і атрымала ад старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча характарыстыку: “вельмі важнае мерапрыемства”. Акрамя кіраўніка выканаўчай улады, удзел у ім прынялі старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, начальнік інспекцыі Дзяржбуднагляду па Брэсцкай вобласці Вадзім Альшэўскі, начальнік Баранавіцкага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Канстанцін Турыбрын, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна і інжынеры па ахове працы.

Спецыялізацыя ТАА “Ляхавічыдрэў” без напружання “чытаецца” ў самой назве. Цэх дрэваапрацоўкі, паўтара дзясятка работнікаў якога заняты вырабам каркасна-панэльных дамоў, альтанак, садовай мэблі. Дамы з шыльдай “Ляхавічыдрэў” вызначае нетыповасць. Інакш – вырабляюцца “пад заказ”, у адпаведнасці з запытамі, уяўленнямі, патрабаваннямі асобнага заказчыка. Як расказаў гаспадар Валерый Панфіла, цэх не мае выхадных, працуе ў дзве змены. У сярэднім у месяц з цэха “выходзіць” 2 домакамплекты. Разыходзяцца па Беларусі, некаторых краінах Заходняй Еўропы, робяцца спробы патрапіць на казахстанскі рынак. Не пакідае ўражанне аб самадастатковасці прадпрыемства: вытворча-эканамічнай і што тычыцца стану захавання нормаў і правілаў бяспекі працы.

Знаёмства з сістэмай і станам аховы працы ў Ляхавіцкім лясгасе пачалося з галоўнай базы прадпрыемства. Мала таго, што проста радуюць вока – прыгажосць, вытворчая эстэтыка нясуць і безумоўную ўтылітарную функцыю. Дзякуючы настрою, атрыманай дадатковай порцыі аптымізму, узрастае прадукцыйнасць працы асобнага работніка і, адпаведна, калектыва ў цэлым. У гэтым сэнсе выклікае павагу ландшафтная аздобленасць унутранага дворыка адміністрацыйнага будынка лясгаса. У комплексе з ім – рамонтная база прадпрыемства, пункт тэхнічнага абслугоўвання машын і механізмаў, гаражныя месцы. У майстэрні – матавасць свежай кафлі санітарна-бытавых памяшканняў. Ёсць дзе і “куды” пераапрануцца. Працуе, а не проста выконвае дэкаратыўную функцыю кабінет аховы працы. На агляд былі выстаўлены адзенне, абутак, спецыяльны рыштунак работнікаў асноўных “лясных” прафесій. Напрыклад, чаравікі з металічным падноскам, камплекты адзення, здольныя ў выпадку чаго “затармазіць” рух ланцуга мотапілы.

Дзве з паловай сотні работнікаў лясгаса заняты на станцыі для адгрузкі вагонаў, у цэху дрэваапрацоўкі, шасці лясніцтвах, лепшым і буйнейшым з якіх з’яўляецца Востраўскае доследнае, якое ўзначальвае лепшы па выніках мінулага года ляснічы Брэстчыны Сяргей Амбражэй. Ён сустрэў, расказаў пра сваю гаспадарку. Такі, напрыклад, факт: для адпачынку і камфорту людзей, камандзіраваных для работы ў лясныя масівы, выкарыстоўваецца “домік на колах”. У літаральным сэнсе: з печкай, іншымі выгодамі палявой цывілізацыі. Востраўскае лясніцтва – адзіная ў лясгасе структура, дзе функцыю вартаўніка — наглядальніка за пажарнай сітуацыяй у лясах выконвае сістэма відэаманіторынгу. Вышкі як абавязковы атрыбут кожнага лясніцтва наглядна знаёмыя кожнаму. Як прагучала недзе і некалі мелі месца выпадкі падзення з іх чалавека. Устаноўленая ж на вышыні відэакамера нічога не праглядзіць, зафіксуе і перадасць карцінку “на зямлю” – манітор аператара ў памяшканні лясніцтва.

Спаборніцтвы вальшчыкаў лесу можна разглядаць з пазіцыі спорту, можна назваць гэта дзеянне конкурсам прафесійнага майстэрства. Выпрацаваны адзіныя правілы, праводзяцца нават чэмпіянаты свету. Востраўскім вальшчыкам да сусветных вяршынь не блізка, аднак, у раёне роўных ім няма. На ўзроўні вобласці, як было адзначана перад пачаткам паказальнага выступлення, майстры мотапілы не апускаюцца ніжэй 5-6 месца. Ацэнцы падлягаюць і хуткасць і якасць, апісаць убачанае можна як сплаў агульнай хуткасці, спрыту ў валоданні інструментам, дакладнасці рухаў, рук і зроку.

Наступны адрас на маршруце – вёска Крывошын, цэх дрэваапрацоўкі. Месячная прадукцыйнасць цэха складае да 230 кубічных метраў піламатэрыялаў, сотні паўтары з якіх прадаюцца ў замежжа. Вытворчасць паступова карэктуецца ў бок абнаўлення: рамантуюцца памяшканні, устаноўлены новы стужачна-пілавальны станок. Адбітак часу адчуваецца, аднак, умовы працы, санбытзабеспячэнне работнікаў — у рамках нарматыўных патрабаванняў. Пры тым, што верхняй мяжы гэтых рамак бадай не існуе.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень прааналізавала стан і ход работы па ахове працы ў арганізацыях раёна. Прагучала, што, нягледзячы на значнасць намаганняў у даным накірунку, за перыяд са студзеня па май у раёне адбылося 4 няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Так званы чалавечы фактар таму прычына.

У цэлым жа, па выказванні Канстанціна Турыбрына, нягледзячы на прысутнасць некаторага фармалізму, сітуацыя з аховай працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна кантралюемая.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *