Школа пашпарт атрымала

Для выхаванцаў дзіцячага садка № 2 створаны выдатныя ўмовы.

Хутка школьны званок пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у чарговае падарожжа па краіне ведаў. Навучальныя ўстановы ветліва сустрэнуць і навічкоў-першакласнікаў, і пасталелых адзінаццацікласнікаў чысцінёй і ўтульнасцю.

Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская, сёлета найбольш важкае ў падрыхтоўчых работах да 2014/2015 навучальнага года – правядзенне капітальнага рамонту з рэканструкцыяй (замена аконных і дзвярных блокаў, электраасвятлення, рамонт харчаблока і даху) Крывошынскай сярэдняй школы. На гэтыя мэты выдаткавана з раённага бюджэту больш за 3 мільярды рублёў. Большасць работ на гэтым аб’екце завершана. Будаўнікі прыкладаюць усе намаганні, каб да 1 верасня аб’ект быў гатовы на 100 працэнтаў.

У астатніх установах адукацыі Ляхавіччыны праведзены бягучы рамонт (на набыццё фарбаў, сантэхабсталявання, будаўнічых матэрыялаў пайшло звыш мільярда бюджэтных рублёў). Па прадпісанні раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі падведзена гарачая вада для мыцця рук у д/с №№ 2 і 3, Ураджайнінскім, Навасёлкаўскім, Свяціцкім д/с, СШ № 1. Зроблены касметычны рамонт спартыўнай залы Начаўскай СШ. Разам з тым, з-за недахопу фінансавых сродкаў не выкананы рамонт раздзявалак спартзалаў у Мядзведзіцкай, Свяціцкай, Тухавіцкай СШ, Падлескім ДС-СШ. Многім установам адукацыі, па словах Святланы Якубоўскай, патрэбен ямачны рамонт пад’язных дарог, пакрыццяў прагулачных пляцовак і пешаходных дарожак. Асабліва востра стаіць гэта праблема ў гімназіі, Ліпскай, Начаўскай, Востраўскай СШ, гарадскіх д/с №№ 1, 3, 4. Патрабуюць капітальнага рамонту харчаблокі гімназіі, Навасёлкаўскай СШ, Конькаўскага ДС-СШ, д/с № 4, Ураджайнінскага і Навасёлкаўскага д/с. У зоне асаблівай увагі Ганчароўскі, Галаўнінскі, Свяціцкі і Зубелевіцкі д/с – яны патрабуюць капітальнага рамонту. Але сёння ў гэтых дашкольных установах выхоўваецца не больш за 10 дзяцей у кожнай. Таму, як патлумачыла Святлана Якубоўская, разглядаецца пытанне аб мэтазгоднасці іх функцыянавання ў наступным годзе.

Аўтамабіль з тэрмафургонам, 2 камп’ютарныя класы, мультымедыйныя сістэмы, спортінвентар, абсталяванне для харчаблокаў, крэслы для камп’ютарных класаў і іншае – усяго амаль на паўтара мільярда рублёў з раённага бюджэту – гэта не поўны пералік абновак для школ. Як і ў мінулым годзе, сёлета за кошт абласнога ўпраўлення адукацыі Ляхавіччына атрымала яшчэ адзін аўтобус для падвозу дзяцей у школу.

Па-ранейшаму значная ўвага ва ўстановах адукацыі надаецца пытанням паляпшэння ўмоў працы педагогаў і тэхработнікаў. За 7 месяцаў 2014 года на гэтыя мэты пайшло 139 мільёнаў рублёў. Па словах Святланы Якубоўскай, вядзецца і мэтанакіраваная работа па забеспячэнні пажарнай бяспекі: большасць устаноў адукацыі абсталявана сістэмамі пажарнай сігналізацыі, яшчэ неабходна абсталяваць 7 дзіцячых садкоў і 6 школ. Да 1 верасня ўсе агульнаадукацыйныя ўстановы і ДЮСШ будуць аснашчаны відэарэгістратарамі (закуплена 18 штук на 62 мільёны рублёў).

Зразумела, што асноўную частку фінансавання работ па падрыхтоўцы да новага навучальнага года ўзяла на сябе дзяржава. Аднак, добрай дапамогай сталі і пазабюджэтныя сродкі, напрыклад, заробленыя здачай металалому і макулатуры; бацькоўская спонсарская дапамога (67 мільёнаў рублёў).

— Асаблівая ўдзячнасць калектывам і кіраўніцтву малочнага завода, камунгаса, “Трансэлектракамплекта”, сельгаскааператываў “Шлях новы”, “Жарабковічы”, “Ляхавіцкі” за значную шэфскую і спонсарскую дапамогу. Гэтыя арганізацыі заўсёды з разуменнем ставяцца да просьбаў і школьных патрэб, – зазначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму.

З 11 па 13 жніўня спецыяльныя камісіі праверылі падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Падпісаны пашпарты гатоўнасці ўсіх аб’ектаў. Гэта і ёсць паспяховы вынік мэтанакіраванай зладжанай работы аддзела адукацыі спорту і турызму, калектываў устаноў адукацыі пры падтрымцы апякунскіх саветаў і прадпрыемстваў-шэфаў па стварэнні матэрыяльна-тэхнічных, эстэтычных і санітарных умоў.

Разам з тым, не падпісаны акт эксплуатацыі спартыўнай залы гімназіі. Пакуль распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на капрамонт, плануецца, што на працягу першай вучэбнай чвэрці ў спартзале будуць праведзены рамонтныя работы.

Як рэзюмавала Святлана Якубоўская, найбольш якасна падрыхтаваліся да пачатку навучальнага года Дараўскі ДС-СШ, Востраўская, Тальмінавіцкая, Свяціцкая СШ, гімназія, СШ № 2, д/с № 2, Жарабковіцкі, Начаўскі, Русінавіцкі д/с.

У 2014–2015 навучальным годзе ў раёне будуць функцыянаваць 17 агульнаадукацыйных школ, 19 дашкольных устаноў, 2 пазашкольныя, СПЦ, ЦКРНіР, 3 дамы сямейнага тыпу, ДЮСШ, 2 ФАКі і аздараўленчы лагер «Чайка».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *