У вас у кватэры не газ. Тухавіцкі торфабрыкет “грэе” ў 2,5 раза лепш, чым “сярэднія” дровы

Патрэбны запас цвёрдага паліва нават у самыя лютыя халады з’яўляецца цвёрдым гарантам цяпла ў доме. Усё добрае заканчваецца вельмі хутка. Вось і на лета даводзіцца ўжо аглядвацца. Успаміны аб ім здольны сагрэць хіба-толькі душу. Гэта, канешне ж, цудоўна і вельмі нямала, аднак, зусім недастаткова для таго, каб блізкае да летняга надвор’е захоўвалася ў доме незалежна ад градуса за акном. Калі ў некага ў доме газ – то тэма гэтых разважанняў не мае да вас ніякіх дачыненняў, і вашы клопаты па падрыхтоўцы жылля да халоднай пары года можна выказаць кароткім класічным вобразам “заклеіць вокны”. Тым жа з нас, хто “грэецца ля печкі”, цвёрдай гарантыяй захаваць у зімовую сцюжу цяпло дамашняга ачага з’яўляецца дастатковая наяўнасць цвёрдага паліва. Клапаціцца пра тое яшчэ не позна, але ўжо і не рана, а выбіраць даводзіцца ў абсалютнай большасці паміж дровамі і тарфянымі паліўнымі брыкетамі. Але, абапіраючыся на ўласны і многіх іншых вопыт, больш прагматычным варыянтам з’яўляецца наяўнасць у гаспадарцы “камбінаванага” паліўнага засеку. Калі ў адным яго кутку дровы, праз загародку – брыкет. Расклад такога кшталту мяркуе варыяцыйнасць у выкарыстанні віда паліва ў залежнасці ад суровасці ці, наадварот, мяккасці надвор’я.

Ні ў каго, мабыць, не застаецца сумнення, што тарфяныя паліўныя брыкеты з’яўляюцца куды больш “цёплымі” ў параўнанні з дровамі. Канешне, ёсць ваганні, назіраецца залежнасць ад віду драўніны і віду тарфяной залежы, што паслужыла асновай для вырабу брыкета. Але тухавіцкі торфабрыкет, якім, акрамя ляхавічан і жыхароў раёна, карыстаюцца многія рэгіёны нашай і іншых абласцей краіны, “грэе” ў 2,5 раза лепш, чым “сярэднія” дровы. Інакш, ці мовай навукі кажучы, цеплатворная здольнасць брыкетаў вытворчасці ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” ў столькі разоў больш высокая ў параўнанні з дровамі. Такія даныя прывёў дырэктар завода Міхаіл Хаміцэвіч, і азначаюць яны, што пры поўным спальванні кілаграма торфабрыкету цяпла мы атрымаем у 2,5 раза больш, чым пры згаранні аналагічнай колькасці дроў.

Неабходна заўважыць, што колькасць выдзеленых калорый знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад вільготнасці і залістасці. І калі ўтрыманне вільгаці прыняць за канстанту, то названы апошнім паказчык для многіх з’яўляецца вырашальным у адказе на пытанне, на якім з відаў паліва спыніць свой выбар. Дровы — відавочны фаварыт у плане паўнаты іх згарання: і пару дзён, і тыдзень, а то і больш, калі дазволіць сабе некаторае гультайства, попел з печкі можна не выбіраць. І – фактычна ніякіх дадатковых складанасцяў у працэс ацяплення названы факт не ўнясе. Незгаральны астатак тарфяных брыкетаў большы, адпаведна, карыстацца шуфлікам для выдалення попелу давядзецца часцей. Але ж варта памятаць, што каб “здабыць” аднолькавую колькасць цеплавых калорый торфабрыкету спатрэбіцца ў 2,5 раза менш.

Да таго ж, як і любая іншая вытворчасць, выраб тарфяных брыкетаў строга стандартызаваны. Пачынаючы з зыходнай сыравіны – яе вільготнасці, памеру фракцый – і да гатовай прадукцыі, якая па шэрагу паказчыкаў не павінна выходзіць за рамкі строгіх дзяржаўных стандартаў. Сярод такіх – трываласць брыкетаў, іх вільготнасць, залістасць і, не выключана, спецыялісты прадоўжылі б гэты пералік.

– У адпаведнасці са стандартам Беларусі (СтБ), залістасць тарфяных брыкетаў не павінна перавышаць 23 працэнты. У прадукцыі нашага завода названы паказчык прыкладна ў паўтара раза меншы, вагаецца вакол лічбы 15, – дабаўляе казырнай канкрэтыкі ў адрас прадукцыі прадпрыемства Міхаіл Хаміцэвіч.

Але з прычыны невялікага попыту на гэтую самую прадукцыю заводу зараз зусім няпроста. Мяккасць мінулай зімы абумовіла і ў насельніцтва, і ў многіх арганізацый астаткі леташніх запасаў паліва. Плюс цёплая пара года, якая для многіх яшчэ працягваецца, традыцыйна не з’яўляецца сезонам ажыятажнага попыту на тарфяную прадукцыю. Яшчэ адзін момант, які адмоўна сказваецца на эканоміцы ТБЗ, мае знешні характар і заключаецца ў значным “прасяданні” сёлета аб’ёмаў экспартных паставак.

– З дзясяткаў тысяч тон, як было ў розныя папярэднія гады, сёлета за межы краіны мы адгрузілі нямногім больш за 600 тон брыкетаў, – адзначыў Міхаіл Хаміцэвіч. – Мізэр, нягледзячы на ўсе спробы пашырыць пастаўкі. Напрыклад, адправілі за мяжу партыю фасаванага па 10 кілаграмаў і запакаванага ў поліэтылен брыкету. З некаторымі партнёрамі дыялог аб супрацоўніцтве працягваецца. Варыянты ёсць, але гарантыі пакуль адсутнічаюць.

Расказ пра торфабрыкетны хочацца, можна і трэба завяршыць гаворкай пра дровы. Іх рэалізацыяй завод таксама займаецца. Названы факт можна трактаваць як дадатковую крыніцу даходу. Адкуль дроўцы? У першачарговым выглядзе тарфяныя масівы ўяўляюць сабой забалочаны ўчастак мясцовасці, пакрыты расліннасцю. Вельмі часта гэта лес з рознага роду падлескам. Зводка лесу і з’яўляецца адной з першых аперацый у ходзе падрыхтоўкі прыроднай тарфяной залежы ва ўчастак для здабычы фрэзернага торфу.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *