Паліўны інтарэс.7 верасня – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці адзначаць і ў Ляхавіцкім раёне

7 верасня – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў павіншавалі працоўныя калектывы службаў і прадпрыемстваў, якія адзначаюць гэта прафесійнае свята.

Прыродны газ зрабіў наша жыццё больш камфортным: яго выкарыстоўваюць для ацяплення жылля, як паліва для машын, кацельняў, сыравіну — у хімічнай прамысловасці.

Сапраўдныя прафесіяналы працуюць у Ляхавіцкім цэху газазабеспячэння МВУ «Баранавічыміжрайгаз». Цэхам эксплуатуецца 186 кіламетраў газавых сетак, 20 газарэгулятарных і 5 шафных газарэгулятарных пунктаў, 15 рэзервуарных установак, 38 катодных станцый. Асноўнай задачай цэху, як адзначыў яго начальнік Ігар Чвыр, з’яўляецца забеспячэнне безаварыйнай дастаўкі да спажыўцоў (а гэта жыхары 124 населеных пунктаў) прыроднага і звадкавага газу, тэхнічная эксплуатацыя сістэм газазабеспячэння і абсталявання. За гэтым, як і за пафарбаванымі будынкамі, чыстай і дагледжанай тэрыторыяй базы, службовымі і спецыяльнымі аўтамабілямі, стаяць людзі, якія здольны паспяхова рабіць сваю справу ў любы час і пры любых умовах надвор’я. Раўненне ў калектыве трымаюць на лепшых — такіх, як майстар Станіслаў Шчука, слесары Аляксандр Мелехавец, Валерый Перапечка, Сяргей Чалевіч, Яўгеній Бурчыц, Ігар Дыдышка, вадзіцелі Вячаслаў Івановіч, Генадзій Гатоўчыц, Вікенцій Івановіч, прыёмшчыца заказаў Ядвіга Чарнецкая, кантралёры Вольга Страмавус і Ала Столяр.

На торфабрыкетным заводзе “Ляхавіцкі” – прадпрыемстве з багатай гісторыяй – працуе 239 чалавек. Сёлета за 8 месяцаў выпушчана 40,9 тысячы тон паліўнага брыкету, рэалізавана 43,4 тысячы тон (для гэтага выкарыстоўвалася і прадукцыя мінулага года). У сезоне 2014 года здабыта 152 тысячы тон торфу, што забяспечыць да наступнага сезона завод сыравінай для яго бесперабойнай работы.

Дырэктар прадпрыемства Міхаіл Хаміцэвіч расказвае пра сённяшнія тэхналогіі вытворчасці торфабрыкету, пра энергазберагальныя мерапрыемствы і, канешне, пра калектыў.

Больш за 40 гадоў працуюць на торфабрыкетным Іван Дыдышка, Анатолій Дуганаў, Міхаіл Матчэня, Аляксандр Рабцэвіч, Адам Грыцкевіч, Аляксей Нагорны, яшчэ каля 30 чалавек – больш за 30 гадоў. Сёлета апаратчыку па сушцы торфу Альгірдасу Канусу ўручаны медаль “За працоўныя заслугі”. Ёсць нямала сем’яў, для якіх завод стаў другім домам. Напрыклад, адна з такіх дынастый здабытчыкаў торфу – Філіповічы. Сёлета на прадпрыемства слесарам па рамонце абсталявання прыйшоў малады спецыяліст Мікалай Філіповіч. Добрым прыкладам у рабоце для юнака будуць маці Жанна Яўгеньеўна, якая працуе машыністам крана, і дзядуля Сяргей Іванавіч, таксама слесар, толькі вельмі вопытны.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота з сайта  http://smmk.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *