Святочны Мінск запрасіў у госці

Па-сапраўднаму вясёлымі і святочнымі сталі для сталіцы мінулыя выхадныя — Мінск адзначыў 947-годдзе з дня першага згадвання горада ў “Аповесці мінулых гадоў”. Цікавая і насычаная праграма цешыла жыхароў і гасцей у кожным раёне сталіцы. Больш за 70 мерапрыемстваў самых розных жанраў (ад выстаў і канцэртаў да гістарычных лагераў і рэканструкцый) радавалі публіку, настрой і ўсмешкі якой Мінск рабілі яшчэ прыгажэйшым.

Да стэлы “Мінск — горад-герой” ішлі і ішлі людзі, каб аддаць даніну памяці і павагі воінам, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны за вызваленне нашай Радзімы.

Ля Палаца спорту прайшоў фестываль мастацтваў беларусаў свету, дзе нашы суайчыннікі з розных куткоў зямнога шара ўражвалі сваімі талентамі. Жарты-прымаўкі, песні і вершы на беларускай мове гучалі з вуснаў прадстаўнікоў самых розных краін.

Узоры сучаснай аўтатэхнікі прадэманстравалі беларускія прамысловыя прадпрыемствы (мінскія заводы колавых цягачоў, аўтамабільны, трактарны і іншыя): самазвалы, аўтобусы, тралейбусы, седлавыя цягачы, легкавыя аўтамабілі, снегаходы, медыцынскую тэхніку, беспілотны авіяцыйны комплекс мішэняў. Былі і экспанаты для аматараў рарытэтаў — легкавы аўтамабіль ГАЗ-21, грузавыя ГАЗ-51 і МАЗ-200. А самыя цікаўныя змаглі не толькі паглядзець, але і пасядзець у вадзіцельскім крэсле ці пабыць пасажырамі новага гарадскога транспарту.

Уразілі сваімі выступленнямі ўдзельнікі спаборніцтва па сілавым экстрыме “Minsk open cup – 2014”.

8 прафесіянальных атлетаў з Беларусі, Расіі, Латвіі і Украіны змагаліся за права назваць сябе самым дужым. Для “размінкі” неабходна было прыцягнуць да сябе за канат 10-тонны грузавік, які знаходзіўся ад удзельнікаў на адлегласці 15 метраў. Атрымлівалася гэта за 28-30 секунд, а лепшы вынік паказаў асілак з Латвіі — 25,6 секунды. Далей эстафета “Прагулка фермера”: у руках —

2 чамаданы (140 кілаграм кожны), а наперадзе — дыстанцыя на 20 метраў. І гэта яшчэ не ўвесь спіс выпрабаванняў, якія пераадолелі ўдзельнікі.

У Палацы спорту прайшоў Кубак свету і міжнародныя спаборніцтвы па скачках на батуце і акрабатычнай дарожцы. Удзельнічалі спартсмены з больш як 20 краін: Расіі, Канады, Узбекістана, Кітая, ЗША, Японіі і іншых. У нашай краіне спаборніцтва гэтага віду спорту на такім высокім узроўні праводзілася ўпершыню.

Жывая гісторыя даўжынёй у 10 стагоддзяў на некаторы час перанесла гледачоў у побыт мінулых часоў. У кожнай палатцы былі ўзноўлены прылады і выявы людзей, якімі яны былі ў далёкія часы. На фестывалі “Мiнск старажытны” можна было стаць сведкай рэканструкцыі ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны, а таксама перамясціцца ў далёкі 1944 год і сустрэць вызваліцеляў Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Яркая і рэалістычная рэканструкцыя сярэдневяковых бітваў не пакінула абыякавым ніводнага чалавека. Баявая тэхніка таго часу, гучныя стрэлы, удары мячоў перанеслі ў эпоху высакароднага рыцарства і турніраў. А выступленні фалк-калектываў не далі публіцы сядзець на месцы: на танцы сярэднявечча можна было не толькі глядзець, але выйсці ў круг і самому. Вучылі страляць з лука і ваеннай зброі, была магчымасць прымерыць на сябе сапраўдныя рыцарскія даспехі.

Вечарам жыхароў і гасцей Мінска чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Фінальным акордам святкавання Дня горада стала музычна-піратэхнічнае феерверк-шоу: на працягу 10 мінут неба сталіцы азаралася рознакаляровымі агнямі.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *