Мадэрнізацыі патрабуецца … мадэрнізацыя. Гэта пра Ляхавіцкі «Кааппрам»

Слова ”мадэрнізацыя” гучыць перспектыўна і аптымістычна. А вось калі эканамічнага эфекту ад яе няма – узнікаюць пытанні. Менавіта такая карціна ўжо далёка не першы год назіраецца ў філіяле “Кааппрам” Ляхавіцкага райпо. На ўсё, што датычыцца менавіта мадэрнізацыі, з 2012 года пайшло, па словах галоўнага бухгалтара райпо Святланы Сянько, 2 мільярды 343 мільёны рублёў, з якіх 1 мільярд 977 мільёнаў – уласныя сродкі райпо.

«Вось хутка запусцім новае абсталяванне ў хлебапечным цэху, тады прыязджайце за навінамі”, – падобнае запрашэнне за апошнія гады неаднаразова давялося чуць карэспандэнтам “ЛВ” ад дырэктара кааппрама Галіны Якубец. Па яе інфармацыі, усё пераабсталёўваецца, асвойваюцца і ўкараняюцца новыя тэхналогіі, пашыраецца асартымент прадукцыі. А што маем ад гэтага мы, спажыўцы, і які прыбытак ў таго ж райпо? Паспрабуем разабрацца.

Хлебабулачную прадукцыю нашага кааппрама можна купіць практычна ў любым гарадскім ці вясковым магазіне раёна (у вёсках яна разыходзіцца хутчэй, бо асартымент там часцей за ўсё абмежаваны, у большасці прадстаўлены хлебам тутэйшым), на цэнтральным рынку ў Баранавічах (выручка гэтай гандлёвай кропкі за дзень складае ад 1,5 да 3 мільёнаў рублёў). А як жа паліцы магазінаў у суседніх Ганцавічах, Клецку і г.д.? Нехта скажа: там свайго хлеба хапае. Тады чаму ў Ляхавіцкім раёне, дзе ёсць свой хлебазавод, так многа завезенага хлебабулачнага тавару з іншых рэгіёнаў краіны?

Як расказала вядучы тэхнолаг прадпрыемства Наталля Валчок, цяпер кааппрам працуе ў 2 змены – дзённую і начную. У начную выпускаецца 6 найменняў хлеба і да 12 — булак і абараначных вырабаў. Дзень аддадзены кандытарскаму цэху, які пераехаў сюды з былой кулінарыі па вуліцы Южакова: штодзённа выпускаецца ад 19 да 30 найменняў розных булачак, кексаў, сочнікаў і г. д. Яны развозяцца не толькі па аб’ектах райпо, але пастаўляюцца ў сталовыя некаторых сельгаспрадпрыемстваў раёна, напрыклад, СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, ДП “Нача”. У час уборачнай толькі сталовая аграгарадка Русінавічы “забірала” да 200 боханаў хлеба, батонаў, булак штодзённа.

Запатрабаваная прапанова ад хлебазавода — гарачы хлеб, які пасля 11 гадзін развозіцца па магазінах горада, у павільён на рыначнай плошчы райцэнтра. Па словах Наталлі Валчок, ляхавіцкія хлебапёкі імкнуцца выпускаць прадукцыю без выкарыстання штучных дабавак. Аб’ём пастаянна павялічваецца. Аднак, колькасць яўна не паспявае за якасцю. Чым яшчэ можна растлумачыць той факт, што на паліцах нерайпоўскіх магазінаў пераважае прывазны хлеб з Ганцавічаў, Ліды, Оршы, Бабруйска, Брэста, Баранавічаў і г.д.? Пячэнне, пірожныя, іншая здоба ляхавіцкіх кандытараў таксама не вельмі запатрабаваны ў пакупнікоў. Згадзіцеся, мала прыемнага купіць чэрствы ўчарашні коржык (хаця тэрмін захоўвання заяўлены 5 дзён). Для параўнання: не першы месяц па нядзелях на рыначнай плошчы ў райцэнтры прадаюць хлеб і хлебабулачныя вырабы Івацэвіцкага райпо — гандаль ідзе на “ўра”. Едуць – значыць выгадна. Па водгуках пакупнікоў і з уласнага вопыту — смак гэтых ласункаў ад тэрміну не пагаршаецца.

Напэўна, многія з ляхавічан, каму за 30 гадоў і старэйшыя, памятаюць, наколькі папулярнымі былі напіткі “Бураціна”, “Апельсін”, “Лімон”, потым “Тархун”, а таксама квас, якія выпускалі і разлівалі ў шкляныя бутэлькі ў кааппраме. Але ўжо шмат гадоў прайшло, як выпуск напіткаў спыніўся, у магазінах падобная прадукцыя з іншых раёнаў і абласцей. Ляхавіцкія кааператары не спяшаюцца заняць гэту прыбытковую нішу.

Сёлета старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даручыў кааппраму наладзіць выпуск квасу. Былі абяцанні і дырэктара прадпрыемства, і старшыні праўлення райпо, што летам 2014 года ляхавічане пакаштуюць напітак мясцовай вытворчасці. Потым райпо агучыла лічбу: каб выпускаць квас, спатрэбіцца 290 мільёнаў рублёў на набыццё абсталявання, потым столькі ж на распрацоўку тэхналогіі па яго выпуску. “Залаты” напітак атрымаецца…

Мясная сырая прадукцыя ў магазін-кулінарыю “Ласунак” у асноўным пастаўляецца з кааппрама. Прычым, асабліва апошнім часам, асартымент бывае разнастайным. Фарш розных відаў, ялавічына, свініна, кураціна, каўбасы — выбар ёсць. Кошт таксама парадуе пакупніка — ніжэйшы, чым у мясным павільёне рынку. Дарэчы, такі кааппрамаўскі тавар паспяхова разыходзіцца і на кірмашы, і ў магазіне “Мясная лаўка” ў райцэнтры. А вось у вясковых крамах яго не ўбачыш. Напэўна, прадпрымальныя іпэшнікі і тут хутчэй зоймуць “месца пад сонцам”.

Акрамя аб’ектаў гандлю, хлеб і хлебабулачныя вырабы, мяса кааппрам пастаўляе ў сталовыя аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама ў райбальніцу. Праўда, для пацыентаў стацыянару хлеб прывозяць з Нясвіжскага райпо. Як растлумачыла галоўны бухгалтар УАЗ “Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца” Вольга Равяка, калі першы раз праводзіўся тэндар на закупку хлеба, наша райпо ў ім не ўдзельнічала, другі раз – яго прайграла, бо кошт ляхавіцкага хлеба аказаўся даражэйшым за нясвіжскі. Гэта пацвердзіў і старшыня райпо Васілій Некрашэвіч. Відавочна адно: у пройгрышы засталася не бальніца, а райпо, да того ж грошы з бюджэту пайшлі ў іншы раён, а не засталіся ў сваім.

Па-ранейшаму запатрабавана ў кааппраме перапрацоўка рыбы. Па водгуках пакупнікоў, асабліва ўдаецца тут салёная кілька: не паспеюць прывезці ў магазіны — тут жа разбіраецца. А вось вэнджанне рыбы спынена.

Яшчэ не так даўно прымалі ў насельніцтва рыбу, мяса, сала для вэнджання, цяпер такая платная паслуга не аказваецца. Нявыгадна, гавораць у кааппраме.

Пастаўляецца ў магазіны раёна прадукцыя мясцовага каўбаснага цэха. На жаль, яе таксама не назавеш запатрабаванай. І, у першую чаргу, па смакавых якасцях.

Але вернемся да пытання мадэрнізацыі. Як паведаміла вядучы эканаміст кааппрама Галіна Леснік, у 2013-2014 гадах зроблены рамонт і пераабсталяваны цэх па выпуску хлеба, зараз на завяршальнай стадыі — абнаўленне пляцоўкі для забою жывёлы.

Як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Ідзём па тэрыторыі. Сапраўды, пляцоўкі ўладкаваны, заасфальтаваны, усталяваны новыя дэзбар’еры, адрамантаваны забойны цэх. Асобна стаіць невялікі будынак з надпісам ”Халадзільнік”, тут таксама новае сучаснае абсталяванне – тры пакоі з ахаладжальнымі элементамі.

Некаторыя аб’екты на тэрыторыі кааппрама не эксплуатуюцца. І , напэўна, калі здаваць у арэнду, карысць будзе куды большая. Але чамусьці гэта рабіць не спяшаюцца. Па словах Васілія Некрашэвіча, плануецца павялічыць закуп у насельніцтва свініны, ялавічыны з мэтай далейшай рэалізацыі гэтай сыравіны ў іншыя рэгіёны, а таксама за межы краіны. Апошняе магчыма толькі пасля таго, як прадукцыя атрымае адпаведны сертыфікат мытнага саюза. На гэта таксама патрэбны час. А ён не заўсёды саюзнік. І бясконцай, расцягнутай на гады мадэрнізацыі, як на Ляхавіцкім кааппраме, зноў патрабуецца мадэрнізацыя. Праўда, яўна не тэхнічнага характару…

Галіна КАНЬКО.

One thought on “Мадэрнізацыі патрабуецца … мадэрнізацыя. Гэта пра Ляхавіцкі «Кааппрам»

  • 06/10/2014 в 08:48
    Permalink

    Долгое время ляховичан по выходным радовала своей продукцией птицефабрика «Дружба». Было удобно: пришёл на рынок купил незамороженную курицу и сразу можно дома приготовить. А вот теперь по какой-то причине ляховичан лишили такой возможности. Почему? Будет ли альтернатива?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *