У засені садоў. Значная частка жыхароў вёскі Мазуркі Ляхавіцкага раёна – пажылыя людзі. Як ім жывецца?
У баку ад дарогі Брэст-Масква, акружаная зялёным колам лесу, раскінулася вёска Мазуркі. Тут дамы не “сядзяць” адзін на адным. Яны вольна месцяцца на вуліцы з назвай, сугучнай нашай вобласці, – Брэсцкай, на гістарычнай Партызанскай, а некаторыя наогул нібы ”вырашылі” жыць паасобку – на хутары. Людзі тут гасцінныя, шчырыя, працавітыя. Засталіся з цягам часу ў вёсцы ў асноўным пенсіянеры, ды яшчэ дачнікі аблюбавалі мясціны з непаўторнай прыродай.
Але так было не заўсёды. Памятаюць мясцовыя жыхары сваю вёску маладой, вясёлай і мнагалюднай. У 60-я гады тут у дзве змены працаваў маслазавод, на які малако звозілі з усёй акругі. Завод вырабляў, акрамя малочнай прадукцыі, смачныя сыры, якія адпраўляліся ў далёкія і блізкія гарады СССР, у тым ліку ў Маскву і Ленінград.
– Нават на ВДНГ з імі ездзілі і заўсёды вярталіся з дыпломамі. Уся прадукцыя была смачная і , галоўнае, натуральная, – апавядае мясцовая жыхарка Алена Пішч, якая ведае пра поспехі не па чутках – сама працавала на заводзе. І дадае: – А як цікава мы жылі! Хоць і працавалі ад цямна да цямна, але пасадзілі заводскі сад, пабудавалі клуб, у якім ладзіліся танцы. Дарэчы, тут жыццёвая сцяжынка і звяла мяне з мужам Сцяпанам, з якім разам ужо 53 гады.
Алена Іванаўна і Сцяпан Іванавіч, нягледзячы на тое, што ім на дваіх 148 гадоў, трымаюць карову, ёсць у іх і надзейны памочнік – конь.
– Дапамогі ні ад каго не чакаем, саджаем агарод, трымаем гаспадарку, самі кармы нарыхтоўваем. СВК “Ляхавіцкі” заўсёды дае выбраць месца сенакосу. Пакуль ёсць сілы — робім, прыязджаюць сыны. А іх у нас трое, а яшчэ шасцёра унукаў і тры праўнукі. Яны наша радасць і гонар.
Алена Іванаўна паказвае кветку, якую ёй падарыла на 72-гі дзень нараджэння адна з нявестак:
– Ведаюць, што я захапляюся раслінамі (сапраўды, у доме цэлая аранжарэя, упрыгожваюць яны і двор). Вось так і жывём. Удзячны лёсу за дзяцей, за жыццё ў пары, за шчасліва пражытыя гады.
Марыю і Івана Плескацэвічаў сустрэлі за нарыхтоўкай запасаў на зіму.
– Ураджай яблыкаў выдатны. Запасаемся вітамінамі, будзем частаваць унукаў, – расказвае гаспадыня.
Іх домік прытуліўся каля лесу. У двары чысціня і парадак, яркімі фарбамі вабяць кветкі ля хаты. Усё зроблена з густам і з веданнем справы: “капітальная” цяпліца, летняя кухня. Дагледжана вінаградная лаза…
Марыя Іванаўна з мужам Іванам Канстанцінавічам пражылі нялёгкае, але дастойнае жыццё. Шчыра працавалі, трымалі гаспадарку, гадавалі дзяцей. А якая майстрыха гэта прывабная жанчына! Яе вышыванкамі ўвесь дом упрыгожаны. Расказвае, што вышыўкай захапілася з дзяцінства. Доўгімі зімовымі вечарамі з-пад яе рукі выходзіла сапраўдная прыгажосць: карціны, іконы, рушнікі з мудрагелістымі ўзорамі.
Нягледзячы на тое, што Марыі Іванаўне 72, а Івану Канстанцінавічу 80, завіхаюцца па гаспадарцы: трымаюць коз, курэй, садзяць агарод. Па магчымасці робяць усю работу самі, а калі не спраўляюцца – сын з дачкой, унукі заўсёды дапамагаюць. Праўда, кажуць, пару гадоў соткі ў калгасе не бяруць.
5 мая сям’я адзначыла залатое вяселле. Сакрэтам паўвекавога жыцця лічаць уменне ўступаць і выслухаць адзін аднаго.
Воляю лёсу год назад аказаўся ў Мазурках Мікалай Бародзіч. Сталярнічае, калі просяць, дапамагае суседзям.
– Уладкоўваюся паступова. Зрабіў агароджу, завёў пчолы. Работы хапае. Сумаваць няма калі.
Недалёка ад былога будынка пачатковай школы, у якую некалі беглі хлопчыкі і дзяўчынкі, жыве разам з сынам Сяргеем 71-гадовая Ірына Плескацэвіч. Яна з настальгіяй успамінае мінулыя гады, калі працавала на маслазаводзе аператарам, а племзавод “Ганчароўскі” быў у перадавіках…
– Зараз, канешне, цяжкавата. І здароўе падводзіць, і каб заараць агарод, трэба наймаць прыватніка, – дзеліцца Ірына Іванаўна. – Але, галоўнае, каб не было вайны. Запасаў на зіму поўны склеп. Гэтым летам многа грыбоў было. Перазімуем! Будзем мачанку варыць з блінамі. Я кожную нядзелю пяку бліны.
Дарэчы, сваім «фірменным» рэцэптам жанчына з задавальненнем падзялілася: – У сыроватку дадаю соль, сыплю муку. Перамешваю і кладу соду, тады зноў даліваю сыроватку. Бліны атрымліваюцца пышнымі і смачнымі.
Калі маслазавод далучыўся да ляхавіцкага, Ірына Іванаўна пайшла працаваць у гаспадарку. Даводзілася паспяваць шчыраваць і на рабоце, і ўпраўляцца дома. А раней, успамінае, бульбы саджалі па 40-50 сотак.
Яна з гонарам расказвае пра трох сыноў і дачку, пра тое, якая яна багатая бабуля: лёс падарыў ёй дзвюх ўнучак і чатырох унукаў, дзвюх праўнучак. Дом, які Ірына Іванаўна будавала разам з мужам, напаўняецца галасамі родных не толькі падчас вялікіх святаў.
Карэнная жыхарка Мазурак 85-гадовая Сабіна Паўлоўская. Калі карэспандэнты завіталі, займалася швейнымі справамі. Прычым, без акуляраў.
Заўважае жанчына: 26 гадоў як на пенсіі, а кіраўніцтва малочнага завода не забывае пра іх, сваіх пенсіянераў. Штогод да
1 кастрычніка запрашаюць на завод, перадаюць грошы. За ўвагу вельмі ўдзячная “малочцы”. А яшчэ паштальёну Ядвізе Каральчук, якая і газету прынясе, і навіны раскажа, і квітанцыі аплаціць. 85-гадовая вяскоўка не скардзіцца на гады, сама і агарод пасадзіць, і ўраджай збярэ, і курэй трымае.
Што яшчэ трэба людзям, у якіх іх гады – іх багацце? Увага і клопат блізкіх, каб спраўна аўталаўка прыязджала, каб фельчар цікавіўся пра здароўе, каб у час быў пасеяны і ўбраны ўраджай.
І хоць вёска ўжо не тая, і большасць дамоў пустыя, і пасаджаны некалі сад зліўся з лесам, усё ж жывуць Мазуркі, і не забываюць пра іх тыя, для каго яны сталі бацькаўшчынай. А дзівосная прырода ўражвае і прыцягвае турыстаў. Вясной цікавіўся ў мясцовых жыхароў гісторыяй іх краю нават амерыканец. Перадаюць мазурчане ўнукам і праўнукам расказы пра тутэйшага пана Крыгельскага, што пабудаваў “млячарню”, на месцы якой пазней стаў працаваць маслазавод. Пахаваны пан на мясцовых могілках. Летам сюды прыязджала з Польшчы яго ўнучка.
Цячэ жыццё ў Мазурках. Няхай як мага даўжэй не мяльчэе гэта рака жыцця.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і Уладзіміра ЛЕШЫКА.