Настаўнік назаўсёды, ці Вяргіні ў клас!

Вялікі філосаф жыццё не прыдумала адзінку вымярэння шчасця. У кожнага чалавека свая, выключна суб’ектыўная мера. Хтосьці шчаслівы ад кахання, ад нараджэння дзетак, іншыя ў творчасці адчуваюць пік радасці, для некаторых сэнсам існавання з’яўляецца тоўсты кашалёк, за змесціва якога, дарэчы, можна купіць амаль усё, акрамя здароўя і гэтага самага шчасця. Дзесяцігоддзі назад школа пераконвала мяне і маіх аднакласнікаў, што шчасце не ў грошах; што лепшы падарунак і лепшы дарадчык – кніга, а не ашчадная кніжка; што галоўнае ў жыцці заставацца чалавекам, быць грамадзянінам, патрыётам. Мы добра засвоілі гэтыя ўрокі. Мы – не толькі мой клас – цэлае пакаленне, а, можа, і пакаленні землякоў. Магчыма, не модны сёння падобны падыход, але асабіста мне такое “рэтра” бліжэй да сэрца. Па-сутнасці, гэта і ёсць ці не галоўны вынік школьнай навукі, якую выкладалі захопленыя сваёй прафесіяй, улюбёныя ў дзяцей і педагогіку, надзвычай творчыя і нястомныя настаўнікі. Тыя, каго так  хочацца вобразна назваць “класікай прыгожага, ва ўсе часы запатрабаванага, высакароднага жанру”.

Хаця сёння яны на пенсіі, статус маюць ранейшы: не стамляюцца падкрэсліваць, што педагогаў былых не бывае – педагог назаўсёды. І не толькі таму, што паўтараецца ён у вучнях, але і па прычыне нейкай асаблівай абранасці, душэўнага і духоўнага багацця, відушчага і мудрага сэрца. Іх у нашым раёне многа, у кожнай школе свае настаўнікі настаўнікаў. Напярэдадні прафесійнага свята ёсць нагода сказаць дзякуй і ім, у добрым сэнсе неспакойным, нераўнадушным пенсіянерам-педагогам. Чацвёра з імправізаванага раённага педатрада ў свой час былі ўзнагароджаны знакам “Заслужаны настаўнік БССР”. Лепш за іншых ведаю Алену Іванаўну Таранда. Справа ў тым, што некалі мы жылі па-суседску, і вясковая настаўніца пачатковых класаў  Жарабковіцкай СШ узяла пад сваё крыло сярод іншых хлопчыкаў і дзяўчынак  майго брата. Калі трэба прыклад на тэму “таленавіты педагог”, то больш выразнага, чым кандыдатура Алены Іванаўны, адшукаць цяжка. Вучыла, вучылася сама. Сем’і выхаванцаў наведвала,  дзялкі ў калгасе палола, уласную гаспадарку трымала,  сваіх дзетак гадавала, песні спявала. Дарэчы, і сёння ў цэнтры жыцця педагог Таранда, актыўна ўдзельнічае ў вясковым фальклорным калектыве. Такая вось пазіцыя.

А заслужана заслужаныя Лідзія Антонаўна Карпінская, што выкладала біялогію ў Начаўскай школе, Лізавета Іванаўна Вялічка – географ Альхоўскай СШ — прафесійнае жыццё кожнай з іх можна назваць педагагічнай паэмай. І гэта не будзе перабольшаннем, як і ў дачыненні да Леаніды Уладзіміраўны Рачкоўскай. Яна шмат гадоў узначальвала Русінавіцкую пачатковую школу. Невялікая ўстанова адукацыі стала для дзясяткаў вяскоўцаў адрасам спасцігнутых ведаў, бязмежнай любві і пяшчоты і для ўсіх – узорам добраўпарадкаванай прыгажосці, вытанчанай эстэтыкі. Тутэйшыя кветнікі і клумбы да сёння перад вачыма.

Школьнымі выдатнікамі, як вядома, бываюць не толькі вучні. Высокага звання “Выдатнік адукацыі” былі ўдастоены лепшыя з лепшых педагогаў раёна. Сёння ў гэтым ганаровым спісе 39 прозвішчаў ветэранаў педагогікі, якія жывуць у нашым раёне. Можна бясконца расказваць пра ўсіх і пра кожнага. Таму што яны стварылі свае методыкі і распрацоўкі, а іх вопыт у спалучэнні з творчасцю мог быць пакладзены ў аснову дысертацый. Як годна і ў прафесіі, і ў жыцці гучаць іх прозвішчы!

Педагогі-“выдатнікі” — гэта (на той час месца работы):

Герасімава Таццяна Васільеўна – намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі,

Сініца Раіса Сямёнаўна – загадчык методкабінета,

Сцепанчук Вера Іосіфаўна – спецыяліст раённага аддзела адукацыі,

Кіслы Юрый Захаравіч – дырэктар ДЮСШ ,

Куліцкі Мікалай Мікалаевіч – дырэктар Дома піянераў,

Бародзіч Валянціна Іосіфаўна – настаўнік СШ № 1,

Піскун Ірына Антонаўна – настаўнік СШ № 1,

Каспяровіч Валерый Адамавіч – настаўнік СШ № 1,

Купрык Іван Фаміч – настаўнік СШ № 1,

Купрык Вера Іосіфаўна – настаўнік СШ № 1,

Альшакова Вольга Фёдараўна – настаўнік СШ № 2,

Здановіч Клаўдзія Сяргееўна — настаўнік СШ № 2,

Касцюкова Валянціна Емяльянаўна – настаўнік СШ № 2,

Крыцук Зінаіда Сцяпанаўна – настаўнік СШ № 2,

Осіпава Зоя Яфімаўна – настаўнік СШ № 2,

Станкевіч Клаўдзія Самсонаўна – настаўнік СШ № 2,

Ясевіч Васілій Іванавіч – настаўнік СШ № 2,

Бондзік Іван Карнеевіч – дырэктар Дараўскай СШ,

Гаспадура Мікалай Фёдаравіч — дырэктар Жарабковіцкай СШ,

Дыдышка Алімпіяда Яўгеньеўна – дырэктар Крывошынскай СШ,

Антановіч Васілій Ігнатавіч – настаўнік Ліпскай СШ,

Вольская Ніна Іванаўна – настаўнік Ліпскай СШ,

Пракапенка Уладзімір Васільевіч – настаўнік Мядзведзіцкай СШ,

Цітко Аркадзій Пятровіч – настаўнік Мядзведзіцкай СШ,

Міхаёнак Марыя Мікалаеўна – настаўнік Начаўскай СШ,

Дрозд Ганна Рыгораўна – настаўнік Альхоўскай СШ,

Варвашэня Зінаіда Пятроўна – настаўнік Падлескай СШ,

Зубарык Валерый Сяргеевіч – дырэктар Свяціцкай СШ,

Маісеенка Сяргей Архіпавіч – настаўнік Свяціцкай СШ,

Радкевіч Таццяна Яўгеньеўна – настаўнік Тальмінавіцкай СШ,

Банецкая Ірына Адамаўна – настаўнік Тухавіцкай СШ,

Васько Тамара Эдуардаўна – настаўнік Тухавіцкай СШ,

Зенчанка Віктар Фёдаравіч – настаўнік Тухавіцкай СШ,

Максімовіч Уладзімір Васільевіч – дырэктар Федзюкоўскай СШ,

Калядзіч Ала Канстанцінаўна – настаўнік Федзюкоўскай СШ,

Сёмуха Алена Іванаўна – завуч Федзюкоўскай СШ,

Болтуць Вольга Аляксандраўна – настаўнік Рачканскай БШ,

Казак Леаніда Іванаўна – настаўнік Падбароччанскай ПШ,

Тураў Анатолій Уладзіміравіч – дырэктар Малагарадзішчанскага ДС-СШ.

…Усе мы, як адзін, — вучні. І ў памяці твары любімых настаўнікаў, а ў сэрцы бязмежная ўдзячнасць ім. Паўтараем класічнае: вялікае бачыцца на адлегласці. Чым далей ад той шчаслівай непаўторнай пары, тым больш дарагой і каштоўнай яна адчуваецца. Сустракаеш на вуліцы Соф’ю Васільеўну Хмарук, якая некалі не стамлялася раскрываць прыгажосць роднай мовы,  і нібы вяртаешся ў той час, калі дрэвы былі вялікімі. Па-ранейшаму адчуваеш сябе вучаніцай, таму што побач твая настаўніца. А хіба можна не захапляцца нераўнадушнасцю, гарманічнасцю, мудрасцю Марыі Антонаўны Махнавец, Лідзіі Іванаўны Архангельскай, Ванды Станіславаўны Прусевіч, Івана Васільевіча Вялічкі, Веры Іосіфаўны Дыдышка, Людмілы Браніславаўны Ясевіч, Алены Іосіфаўны Анушкевіч, Алены Емяльянаўны Май, Валянціны Уладзіміраўны   Варановіч, Соф’і Антонаўны Саган, Ніны Канстанцінаўны Прэцкайла, Раісы Аркадзьеўны Сегень… Іх многа, на шчасце, гэта хутчэй масавая з’ява, чым выключэнне, – добры настаўнік. Тым больш той, чый прафесійны стаж і ўзрост шаноўныя. Многіх з іх у гэтыя дні абавязкова зноў пакліча ў школу знаёмы залівісты званок. Сённяшнія вучні і іх настаўнікі павіншуюць вопыт, мудрасць, сталасць у асобах старэйшых сяброў з прафесійным святам. І, канешне, уручаць ім кветкі – якія ж шыкоўныя вяргіні прыспелі да гэтага дня!

Ва ўсіх нас ёсць нагода ўбачыць ці хаця б пачуць па тэлефоне сваіх настаўнікаў. І сказаць ім самае галоўнае: жывіце доўга, дзякуй за навуку! А тых, каго ўжо няма, успомніць добрым словам і таксама з бязмежнай удзячнасцю.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *