Ураджай у шохах

Уборка льну нарэшце завершана. Вылежаная пад жнівеньскімі і вераснёўскімі росамі траста сёлета аказалася сыравінай якаснай. Асабліва парадавалі льняныя палеткі льнозавода. Завадчане сабралі 3799 тон ільнотрасты, якасць якой ацэнена нумарам 1,45 (у пераліку на льновалакно — 1270 тон). Добры ўраджай і на палетках ільнонасенстанцыі – 1002 тоны трасты з якасным нумарам 1,17 (331 тона льновалакна). Адзінкай ацэнена якасць трасты, якую паставілі з СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, крыху горшыя якасныя параметры з СВК “Тальмінавічы”. З гэтай гаспадаркі дастаўлена на льнозавод пакуль 42 тоны сыравіны.

Дапамагалі прадпрыемству сёлета і 2 гаспадаркі з Баранавіцкага раёна, якія таксама вырошчвалі даўгунец.

У заводскіх шохах складзіравана 6380 тон ільнотрасты з сярэднім нумарам якасці 1,30. За перапрацоўчы сезон завадчане змогуць атрымаць з гэтых сыравінных запасаў 2064 тоны доўгага і кароткага валакна. Перапрацоўка будзе праходзіць у новым мадэрнізаваным цэху.

А зараз ільнаводы ўжо ў клопатах пра ўраджай наступнага года. Спецыялісты з Пружанскай аграхімлабараторыі зрабілі адборы проб зямлі на ўчастках для будучых пасеваў ільну. Каб атрымаць добры ўраджай, неабходна ўлічваць кіслотнасць глебы і ўтрыманне розных мікра- і макраэлементаў, на ранейшае месца лён павінен ”вяртацца” толькі праз 5-7 гадоў. Створаная карта палёў прадугледжвае, што і на наступны год пад даўгунец у раёне будзе адведзена не менш як 1900 гектараў зямельных угоддзяў.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *