Вада і бяда

Калі ж акунуцца ў водную прахалоду, як не летам, ды яшчэ ў такую спякоту! І дзяцей, і дарослых літаральна прыцягваюць да сябе вадаёмы. Але ж і адпачываць трэба ўмеючы. За паўгоддзе ў вобласці ахвярамі вады сталі 62 чалавекі, з якіх 8 дзяцей, а за ліпень патанулі 77 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей. Усе трагедыі адбыліся ў месцах, забароненых для купання. Трагедыя ўзмацняецца яшчэ і тым, што многія ідуць на вадаём у падпітку і, па сутнасці, не кантралююць сваіх дзеянняў. У стане алкагольнага ап’янення адзін жыхар вобласці ўтапіўся… у лужы ля сваёй хаты, яшчэ 4 чалавекі патанулі, прымаючы дома ванну.
Трагедыі закранулі і наш раён. У пачатку летніх канікулаў загінуў першакласнік Сваятыцкай базавай школы, які аказаўся ля вады без нагляду дарослых, крыху пазней утапіліся 2 маладыя мужчыны: аднаму з іх было 34 гады, а другому 21.
Сёлета шмат трагедый папярэджана дзякуючы зладжанай дзейнасці выратавальнікаў. На пастах таварыства выратавання на водах, якія дзейнічаюць на ўсіх вадаёмах вобласці, што адкрыты для купання, толькі за ліпень выратавана 119 чалавек, з якіх 33 дзіцяці, а яшчэ каля 2 тысяч чалавек папярэджаны за парушэнне правіл паводзін на вадзе (на жаль, многія былі ў стане алкагольнага ап’янення).
Не варта рызыкаваць жыццём там, дзе не трэба. Не пакідайце дзяцей ля вады без нагляду, не імкніцеся ўстанавіць “рэкорд” ў плаванні ў стане алкагольнага ап’янення, адпачывайце толькі ў адведзеных для гэтага месцах – вось самыя простыя патрабаванні, якія выратуюць жыццё вам, вашым родным і блізкім.
Марыя ЦІТКО, старшыня раённага таварыства выратавання на водах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *