Гераічная саната

Велічны і нязгасны народны подзвіг, здзейснены ў Вялікую Айчынную, пачынаўся і геаграфічна, і па часе, і па непераўзыдзенасці гераізму менавіта тут – у горадзе над Бугам, у Брэсцкай крэпасці. Застава, якая прыняла на сябе першы націск фашыстаў, стала легендарнай. Колькі б пакаленняў ні змянілася, поўныя адчаю і непахіснасці словы на сцяне цытадэлі “Паміраем, але не здаемся” даходзяць да сэрца, гучаць болем, блішчаць слязою, трапечуцца полымем Вечнага агню.

Года 1941 чэрвеня 22 роўна ў чатыры гадзіны тут сталі адлічвацца доўгія вёрсты вайны, і былі яны найцяжэйшымі, змаганне ішло ў імя жыцця, у імя волі і долі. Дзесяцігоддзі мінулі з тых вогненных часоў. Мы жывём у міры, ведаем, што ён – галоўная ўмова шчасця, шануем подзвіг тых, хто гэтую ўмову адваяваў, хто ў абсалютным вымярэнні паказаў і даказаў: патрыятызм – гэта калі за Радзіму гатовы аддаць апошняе сваё дыханне. Гадоў сённяшніх чэрвеня 22 роўна ў чатыры гадзіны ў Брэсцкай крэпасці-героі пачынаецца велічнае дзейства ў гонар салдат Перамогі. Памяць свяшчэнная, памяць удзячная, памяць заўсёдная…

Сюды прыходзяць брастаўчане, едуць людзі з усіх куткоў Беларусі групамі, сем’ямі, паасобку, турысты і з краін былога Саюза, і з далёкага замежжа абавязкова ступаюць на свяшчэнную зямлю Крэпасці-героя. Скульптурныя кампазіцыі – як маўклівы крык: не забудзьце! Вечны агонь бязгучна заклікае: помніце! Музей вайны – тэрыторыя міру. Кожная зала, кожны экспанат гавораць мовай ваенных трохвугольнікаў, прабітых снарадамі касак, прозвішчамі загінуўшых у баях з фашыстамі воінаў і безыменных салдат: людзі, беражыце мір!

…Па адбудаваных, дагледжаных, прыгожых вуліцах Брэста – заходніх варотаў нашай краіны – ходзяць шчаслівыя, міралюбівыя, гасцінныя людзі. А ў назвах многіх ягоных вуліц – гісторыя подзвігу: Кіжаватава, Карбышава, Папова, Смірнова, Брэсцкіх дывізій… Уздоўж вуліцы, якая вядзе да Брэсцкай крэпасці, барэльефы герояў-абаронцаў, а ўздоўж Маскоўскай – знакі ў гонар гарадоў-герояў.

Жыхары Брэста і Брэстчыны ганарацца месцам свайго нараджэння, чыя слаўная гісторыя даказала найвялікшую вартасць народа, паказала яго галоўныя каштоўнасці, стала гераічнай аповесцю пра сапраўдных людзей.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і Наталлі ПЕРАПЕЧКА.

Музей вайны - тэрыторыя міру

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *