Справаздачная падзея «культурнага» райкама

У мінулую пятніцу ў ГДК больш за сотню дэлегатаў ад прафсаюзных пярвічак работнікаў культуры сабраліся на раённую справаздачна-выбарную канферэнцыю.

Справаздачу аб рабоце райкама за апошнія 5 гадоў трымаў яго старшыня Мікалай Куліцкі. Мікалай Мікалаевіч ўзначальваў культурную прафсаюзную арганізацыю на працягу 35 гадоў, ведае кожнага, хто працаваў і працуе ў гэтай сферы, праблемы людзей і іх поспехі. І заўсёды райкам прафсаюза на чале з гэтым энтузіястам, кампетэнтным лідарам стаяў на варце правоў і законных інтарэсаў клубных работнікаў, бібліятэкараў, выкладчыкаў музычных школ, школ мастацтваў. Клопат пра ветэранаў галіны і маладых спецыялістаў, матэрыяльная дапамога тым, хто мае праблемы са здароўем ці трапіў у бяду, партнёрскае супрацоўніцтва з наймальнікамі, віншаванні з юбілеямі і знакавымі датамі, сумесныя паездкі па гістарычных і культурных мясцінах краіны, суботнікі і рэйды па добраўпарадкаванні палацава-паркавых ансамбляў — гэта клопат і прафсаюза.

Аднагалосна работа райкама прызнана здавальняючай. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец падзякаваў Мікалаю Куліцкаму за шматгадовую добрасумленную работу на гэтай выбарнай пасадзе. Юрысконсульт абка¬ма прафсаюза работнікаў культуры Сяргей Васілюк уручыў Мікалаю Куліцкаму грамату федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Дарэчы, сёлета адзначаецца 110-годдзе прафсаюзнага руху і 60-годдзе Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

Новым старшынёй райкама прафсаюза абрана галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Сталярчук. Яна і Мікалай Дабрыянец будуць прадстаўляць членаў арганізацыі на абласной прафсаюзнай канферэнцыі, якая пройдзе ў снежні гэтага года.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *