Адходы ў паасобным вымярэнні. Паасобны збор смецця, здача шкла, палімераў, макулатуры як элемент агульнай культуры

Калі ўнікнуць у сутнасць сітуацыі, гэтым сваім ўчынкам чалавек робіць падарунак самому сабе. І матэрыяльны, што ў першую чаргу відавочна, і экалагічны – заметны не адразу, але ў перспектыве яшчэ больш важны і каштоўны. Хто не ведае банальнае, накшталт: колькі дрэў можа захаваць сабраны і адпраўлены на перапрацоўку кілаграм макулатуры? Ці вядомы факт, што кінутая пластыкавая бутэлька поўнасцю самаўтылізуецца не раней, чым праз сотню гадоў? І працэс гэты зусім не нейтральны, суправаджаецца выдзяленнем у атмасферу, глебу шкодных рэчываў. Хіба не важкія аргументы за цывілізаваны збор бытавых адходаў? У нашым выпадку сінонімам да слова “цывілізаваны” з’яўляецца “паасобны”. Калі пластык да пластыку, папера хіба толькі ў кампаніі з кардонам, а шкло само па сабе. Усе пералічаныя, а таксама некаторыя іншыя віды адходаў зараз можна пераўтварыць у “жывыя” даходы. Без складанасцяў, не прыкладваючы асаблівых намаганняў. Галоўнае — жаданне, усведамленне важнасці моманту і наяўнасць гадзіны-другой вольнага часу.

Камерцыйную нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў (закуп апошніх у насельніцтва або арганізацый, калі прасцей) ажыццяўляе Ляхавіцкае райпо. Прыйшлі з цюком макулатуры – пайшлі з пэўнай колькасцю грашовых купюр (у залежнасці ад колькасці і віду прынесенай сыравіны). Закупам займаюцца практычна ўсе магазіны спажывецкай кааперацыі. Працуюць у складзе сістэмы і 3 спецыялізаваныя на закупе другасных адходаў нарыхтоўчыя пункты. Той, што на ўскрайку горада, непадалёку ад чыгуначнай станцыі, працуе даўно і даволі паспяхова. Пункт прыёму другаснай сыравіны, размешчаны па вуліцы Савецкай у райцэнтры, расчыніў дзверы напачатку лета і ўяўляецца больш зручным для патэнцыяльнага гарадскога сыравіназдатчыка. Трэці нарыхтоўчы пункт пачаў працаваць сёлета на гарадскім рынку. Ёсць і яшчэ адзін варыянт: заказаць транспарт арганізацыі пры наяўнасці ў вас істотных аб’ёмаў другаснай сыравіны.

Параўнальна нядаўна райпо стала практыкаваць і так званы чаўнаковы спосаб нарыхтоўкі. Дзякуючы Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якое выступае ў ролі галоўнага аператара, каардынатара збору другаснай сыравіны, для райпо быў набыты аўтамабіль. З ідэнтыфікацыйнымі надпісамі на бартах, неабходным абсталяваннем, магчымасцю ажыццяўлення разлікаў на месцы. Апошняе важна, паколькі асноўныя маршруты мабільнага нарыхтоўчага пун¬кта пралягаюць па сельскіх тэрыторыях. Графікі яго руху ўзгадняюцца з кіраўніцтвам сельвыканкамаў.

Калі заробак на другаснай сыравіне ў вашы планы не ўпісваецца, – калі ласка, да пляцовак для паасобнага збору бытавых адходаў. Такія, з каляровымі кантэйнерамі пляцоўкі размешчаны ў горадзе, некаторых буйных вёсках раёна. Ідэя зразумелая: цывілізавана-рацыянальнае стаўленне да адходаў павінна фарміравацца з дзяцінства, паралельна з навучаннем пісьму-чытанню-ліку. Апошнім часам колькасць такіх пляцовак павялічылася: наборы кантэйнераў былі ўстаноўлены ў дварах гарадскіх школ і дзяржаўнага аграрнага каледжа. У суме атрымаецца паўтара дзясятка месцаў, абсталяваных для паасобнага збору бытавых адходаў. Многа гэта ці мала? Ёсць меркаванне, што ўкладанні, звязаныя з арганізацыяй яшчэ пары-тройкі падобных месцаў – у Ляхавічах, аграгарадках, – не былі б дарэмнымі, з цягам часу “вярнуліся” б. Хоць і баранавіцкі вопыт, калі фактычна ўсе прыпынкі грамадскага транспарту ў цэнтральнай частцы горада расквечаны кантэйнерамі сіняга, жоўтага, зялёнага колеру, здаецца пераборам.

Але сам факт арганізацыі пляцовак для паасобнага збору адходаў, іх колькасць яшчэ не гарантыя таго, што ўсе мы станем добрасумленна і ашчадна ў сябе на кухні дзяліць адходы, а пасля сабранае ў пакеты “адрасна” раскладваць па кантэйнерах: у зялёны – шкло, сіні – поліэтылен, жоўты – паперу і кардон. У значнай ступені ідэя паасобнага збору трымаецца на культуры чалавека, на разуменні кожным з нас важнасці такога падыходу.

– З часам людзі становяцца ўсё больш дысцыплінаванымі. Тым не менш, хапае і выпадкаў, калі ў кантэйнеры для шклабою, напрыклад, запіхваюць пакеты з бытавым смеццем. Але, паўтаруся, такія выпадкі становяцца ўсё больш рэдкімі. Ды і на палігон ЦБА шкляныя і ПЭТ-бутэлькі трапляюць усё радзей, – адзначае начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Ірына Грынялевіч.

Між тым, як сведчыць статыстыка, у свеце прыкладна палову смецця рассартоўвае насельніцтва. А лідзіруюць тут японцы.

Але вернемся да нашага раёна. Абсалютная большасць юрасоб раёна мае свае арыенціры па колькасці і віду другаснай сыравіны, якую неабходна адправіць у перапрацоўку. Для некаторых планавае заданне прадугледжвае здачу ўсіх відаў другаснай сыравіны – макулатура, шкло, палімеры, тэкстыль, зношаныя шыны, будаўнічыя адходы. Для іншых – некалькі з названых пазіцый. Як паведамілі ў аддзеле ЖКГ райвыканкама, заклапочанасць выклікаюць тэмпы здачы зношаных шын і, асабліва, макулатуры. Па стане на пачатак бягучага месяца, гадавы план па “гуме” раён выканаў на 76 працэнтаў, па макулатуры – крыху больш як на 42 працэнты. Некалькі дзясяткаў тон пакуль недабралі будадходаў, па астатніх пазіцыях поўны ажур.

У разрэзе лепшых сыравіназдатчыкаў раёна, тых, хто ўжо справіўся ці амаль справіўся з заданнем, трэба адзначыць малочны завод, райвыканкам і сельскія выканаўчыя камітэты, лясгас, завод “Інтэрлак”, “Трансэлектракамплект”, аўтацэнтр “Вікторыя”, ільнонасен- і райветстанцыі, ІП Пронька, асобных іншых. І, наадварот, лячэбна-вытворчыя майстэрні “Крывошын”, РАУС, пазаведамасная ахова, прыватнае прадпрыемства “Свет паслуг” паказваюць сябе пакуль не самымі актыўнымі здатчыкамі другасных матэрыялаў.

“Ляхавіцкі веснік”, дарэчы, таксама прымае ўдзел у рэалізацыі дзяржпраграмы збору другаснай сыравіны. Пры тым, што год працягваецца, нашы нарыхтоўчыя планы таксама выкананы. А вашы?

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *