Проста цуд! Ва ўсіх навучальных установах і дзіцячых садах Ляхавіцкага раёна праходзяць навагоднія ранішнікі і вечары /фота/

Ранішнік у дзіцячым садзе №1 з удзелам першага сакратара райкама БРСМ Тамарай Пракап’юк.

У пераднавагоднія дні цуд і дзівосы ўваходзяць у дамы, спраўджваюць дзіцячыя мары.

Па традыцыі кульмінацыяй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” становіцца свята ў Палацы Рэспублікі. Галоўная ёлка краіны 24 снежня сабрала больш за 2500 рабят з усіх куткоў Беларусі. Сярод актыўных і паспяховых пераможцаў алімпіяд і конкурсаў былі і нашы юныя землякі. Вучаніца СШ № 1 Ксенія Шлойда – адна з трох шчасліўчыкаў (акрамя яе імі сталі гімназістка Аліна Гатоўчыц і вучаніца СШ № 2 Яна Грынь).

– Дэлегацыя Брэсцкай вобласці размяшчалася зусім блізка да сцэны. Было вельмі ганарова і хвалююча слухаць зварот Кіраўніка дзяржавы да нас, школьнікаў. Спадабалася, што ён пацікавіўся ў нас, ці патрэбна ўводзіць шосты вучэбны дзень. І адразу зазначыў, што 5 дзён трэба напружана вучыцца, а ў суботу займацца любімымі справамі, у тым ліку – спортам. Пасля такога шчырага дыялогу захацелася не проста стаць лепшымі, а дасягнуць важкіх поспехаў, – падзялілася ўражаннямі Ксенія.

Ва ўсіх навучальных установах і дзіцячых садах раёна праходзяць навагоднія ранішнікі і вечары. З раённага бюджэту на набыццё цацак і гульняў для дзіцячых садоў было выдаткавана 33 мільёны рублёў і больш за 16 мільёнаў рублёў – на тэлевізары для дзіцячых садоў горада. Прадстаўнікі райвыканкама ў перадсвяточныя дні перадалі гэтыя падарункі дзецям. Так, 23 і 24 снежня намеснікі старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба і Дзіяна Трысцень з прыемнай місіяй наведалі Русінавіцкі і Ліпскі дзіцячыя сады. Маленькія землякі засталіся ў захапленні ад шматлікіх канструктараў і гульнёвых набораў, прывезеных гасцямі.

Усё больш у Дзеда Мароза і Снягурачкі з’яўляецца памочнікаў. Для вучняў СШ № 2 стала традыцыяй у снежаньскія дні праводзіць дабрачынныя акцыі “Цуды пад Каляды” і “Працягні руку дапамогі блізкаму”. Сёлета яны разам з бацькамі сабралі мноства цацак, кніг, канцтавараў і іншых патрэбных рэчаў. Пачастункі і падарункі перадалі дзецям-інвалідам, выхаванцам ЦКРНіР. У сацыяльна-педагагічны цэнтр адпраўлены мяккія цацкі, якія, спадзяюцца школьнікі, падораць прыемныя імгненні хлопчыкам і дзяўчынкам.

З радасцю ляхавічане ахвяравалі грошы і салодкія прысмакі выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі падчас акцыі ў магазіне “Усходні”, здымалі ”далонькі” з імправізаваных ёлачак, расказала дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская. За 2 дні тут сабралі больш за 2 мільёны рублёў, зрабілі мноства падарункаў. Напачатку тыдня такая ж акцыя прайшла ў “Верасе”. Да дабрачыннай скарбонкі далучаны і 470 тысяч рублёў, што перадалі ЦКРНіР настаўнікі Крывошынскай СШ, падарункі ад магазіна “Медэя” і супрацоўнікаў дэпартамента аховы.

Актывісты БРСМ – заўсёдныя ўдзельнікі дабрачыннага марафону. Сёлета 13 пярвічак БРСМ – школы, каледж і працоўная моладзь – падключыліся да доб-рай справы. На рахунку ЛДАКа – 4 мільёны рублёў, гімназіі і Дараўскай СШ – па 1,5 мільёна. Свой пасільны ўклад зрабілі і бээрэсэмаўцы лясгаса, РКЦ Белаграпрамбанка, вучні СШ №1, Тальмінавіцкай, Начаўскай, Крывошынскай, Мядзведзіцкай, Малагарадзішчанскай, Жарабковіцкай школ. На сабраныя сродкі былі закуплены падарункі для дзяцей-інвалідаў.

– 12 студзеня з тэатральнай пастаноўкай нашы юнакі і дзяўчаты наведаюць пацыентаў дзіцячага аддзялення райбальніцы,– расказала першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк.

Вельмі важна, каб у пераднавагоднія дні дзеці, асабліва тыя, хто застаўся без бацькоўскай любві і клопату, былі акружаны ўвагай, не засталіся без падарункаў. Далучайцеся да акцыі “Нашы дзеці”! Магчыма, менавіта ваш падарунак стане для кагосьці самым лепшым і жаданым.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Проста цуд! Ва ўсіх навучальных установах і дзіцячых садах Ляхавіцкага раёна праходзяць навагоднія ранішнікі і вечары /фота/

  • 06/01/2015 в 11:19
    Permalink

    Чудесное время . Но для того, чтобы дарить ребятам сюрпризы не обязательно ждать декабря. Можно же и на протяжении года , по возможности, создавать им хорошее настроение и делать подарки. Так просто, без повода.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *