И в праздники, и в будни. 19 января профессиональный праздник отмечают ляховичские спасатели

Галоўнае ў дзейнасці выратавальнікаў — не спазніцца, своечасова прыйсці на дапамогу. Прычым, спяшаюцца яны не толькі на тушэнне пажараў. Зачыніліся дзверы, а ў кватэры малое дзіця, атакавалі восы, аўтобус апынуўся ў снежным палоне – не пакінуць сам-насам з праблемай прафесіяналы з РАНС. Яны аператыўна рэагуюць на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару. Так было мінулай восенню, калі на працягу двух тыдняў агняборцы тушылі тарфянікі на плошчы 700 гектараў каля Свяціцы. За мінулы год асабовым саставам РАНС на пажарах выратаваны 2 чалавекі і 184 эвакуяваны, папярэджана знішчэнне 87 тон грубых кармоў, 39 будынкаў, 22 адзінак тэхнікі. Падраздзяленні РАНС прыцягваліся для ліквідацыі дарожна-транспартных здарэнняў, дзе дапамаглі выратаваць жыццё яшчэ 2 чалавек.

Прычынамі 39 пажараў, што летась здарыліся на тэрыторыі раёна, сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём. Курэнне ў стане алкагольнага ап’янення летась забрала жыццё 7 чалавек. Таму вялікае значэнне ў сваёй рабоце інспектары РАНС надаюць прафілактыцы і навучанню насельніцтва правілам пажарнай бяспекі: у працоўных калектывах і навучальных установах яны частыя госці.

Экстрэмальныя ўмовы працы патрабуюць выдатнай фізічнай падрыхтоўкі і арганізаванасці выратавальнікаў, імгненнай рэакцыі і самааддачы. Трэніроўкі і заняткі спортам, удасканаленне прафесійнага майстэрства – патрабаванні, прадыктаваныя прафесіяй і жыццём. І супрацоўнікі службы ім цалкам адпавядаюць. Сведчанне таму – трэцяе месца ў аглядзе-конкурсе спартыўна-масавай работы сярод аддзелаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у 2014 годзе і другое агульнакаманднае месца ў спартакіядзе Брэсцкага абласнога ўпраўлення сярод аддзелаў з колькасцю супрацоўнікаў да 100 чалавек.

У нешматлікім (усяго 63 чалавекі) калектыве складваюцца працоўныя дынастыі. 15 гадоў за рулём машыны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Ляхавічы Дзмітрый Янушкевіч, крыху больш у ПАВП №14 у Шчэрбаве – брат Віктар. Вячаслаў Баўтрукевіч прысвяціў выратавальнай службе больш за 2 дзясяткі гадоў, зараз на заслужаным адпачынку. Бацькаву прафесію асвойвае сын Павел – вучыцца ў Гомельскім інжынерным інстытуце МНС.

19 студзеня ў РАНС па традыцыі адзначаць лепшых з лепшых. Знак “15 гадоў органам і падраздзяленням, падначаленым Міністэрству па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” заблішчыць на грудзях 20 работнікаў аддзела. Ганаровай граматай МНС узнагароджаны начальнік каравула ПАВЧ №1 г. Ляхавічы Юрый Таранда. Вадзіцелю ПАВП №11 аграгарадка Ліпск Віктару Дыдышку прысвоена званне прапаршчыка. 6 чалавек атрымаюць ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *