Малы — немалаважны. У мінулым годзе ў Ляхавіцкім раёне суб’ектамі прадпрымальніцтва створана 200 рабочых месцаў

Майстар па рамонце гадзіннікаў індывідуальны прадпрымальнік Ніна Курловіч.

Устойлівае спалучэнне «малы бізнес», канешне ж, мае свае дакладна вызначаныя абрысы. Напрыклад, каб прамысловаму прадпрыемству прымераць на сябе статус малога, яго штатны склад павінен налічваць не больш як 200 чалавек. У будаўніцтве «крайняй» з’яўляецца лічба 50, у гандлі – 25 і г.д. Зыходзячы з гэтага, у катэгорыю малых трапляе абсалютная большасць працуючых на Ляхавіччыне прыватных прадпрыемстваў.

Малое – не значыць малаважнае. Наадварот, малы бізнес з’яўляецца важнейшым сектарам эканомікі краіны, вобласці, кожнага рэгіёна. Больш пластычныя, устойлівыя да знешніх эканамічных уздзеянняў (нярэдка, не ў прыклад індустрыяльным гігантам) “малышы” дэманструюць сваю жыццяздольнасць у самых складаных рэаліях. Тым самым умацоўваюць эканоміку галін і рэгіёнаў.

Што тычыцца спецыялізацыі малога бізнесу Ляхавіччыны, спіс будзе хоць і не арыгінальным, але дастаткова шырокім.

Раён сельскагаспадарчы, значная частка зямельных угоддзяў мае вельмі высокую адзнаку па шкале бальнасці. Чым не глеба – і ў прамым, і ў пераносным сэнсе – для арганізацыі сялянска-фермерскіх гаспадарак? Іх у нашым раёне больш за паўтара дзясятка. Некаторыя з фермераў “абраслі” ці не дзвюма сотнямі гектараў зямлі, іншых корміць і надзел у дзясятак-два гектараў. Спіс вырошчваемых культур будзе доўгім: ад зерне-агародніннай класікі да зусім не абарыгенных для нас кавуноў і дынь, на эксперымент з якімі пайшоў апошнім годам адзін з прыватных земляробаў. Ёсць сярод фермераў і жывёлаводы. Увогуле, сялянска-фермерскія гаспадаркі даюць штогод прыкладна 2 працэнты раённага вала сельскагаспадарчай прадукцыі.

Значны ўдзел прыватнай ініцыятывы ў гандлёвай сферы раёна, у галіне вытворчасці прамысловай прадукцыі, грамадскага харчавання, аказання рознага роду паслуг. Будаўніцтва, выкананне рамонтна-будаўнічых работ – на жаль для многіх патэнцыяльных спажыўцоў гэтых відаў паслуг – карыстаюцца ў нашых прадпрымальнікаў меншай папулярнасцю. Хоць і не без выключэнняў.

У якасці прыкладу (так і хочацца сказаць узору) прадпрыемства – прамысловага вытворцы неабходна назваць ТАА “Трансэлектракамплект”. Ад пачатку да канца прадукт прыватнай ініцыятывы, сёння ТАА спецыялізуецца на выкананні электрамантажных работ. Прадпрыемства ў пастаянным пошуку новых рыначных ніш. Але асноўным было і застаецца тое, з чаго і пачыналі, – выраб электрамантажных тэрмаўсадачных муфтаў рознага сячэння. Экспартаарыентаванасць, інавацыйнасць – далёка не адзіныя характарыстыкі прадукцыі ТАА “Трансэлектракамплект”.

Прынята лічыць, дарэчы, што малы бізнес садзейнічае развіццю інавацыйных тэхналогій. У тым ліку і пры дапамозе, за кошт інвестыцый у навукаёмістыя, высокатэхналагічныя выт-ворчасці. На вялікі жаль, для нашага раёна сказанае малахарактэрна. Пару-тройку гадоў назад пра гэта можна было б гаварыць яшчэ больш стрымана. Сёння ж варта прыгадаць інвестпраект пад назвай “Будаўніцтва вытворчага комплексу ЛГМ”, рэалізацыя якога завяршылася ў снежні мінулага года. Расшыфроўка абрэвіятуры наступная: ліццё па газіфікаваных мадэлях. Тэхналогіі ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, але, па некаторых звестках, у нашай краіне гэта будзе першы выпадак яе вытворчага выкарыстання. Тэхналогія ЛГМ мае шмат аналогій з даўно і паспяхова працуючым ліццём па выплаўляемых мадэлях. Але пры параўнальнай з ёй дакладнасці, з’яўляецца больш таннай. Мінскае ТАА “ТМТ”, якое ажыццявіла будаўніцтва аб’екта і запусціла вытворчасць, прыйшло да нас дзякуючы эканамічным паслабленням, што вызначаны заканадаўча ў выпадку арганізацыі бізнесу ў так званых малых гарадах і сельскай мясцовасці.

У снежні 2014 года мінчане зарэгістравалі ў Ляхавіцкім раёне філіял ТАА “ТМТ”. Зараз працуюць там 43 чалавекі, але, як праінфармавалі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, у блізкай перспектыве калектыў філіяла можа істотна павялічыцца.

Ні дня без строчкі! Швачка ТАА «Ажуруна» Вольга Кірыковіч.

Гэта, безумоўна, самы значны, асабліва яркі і перспектыўны вытворчы пуск мінулага года.

Але спіс ёсць чым прадоўжыць: у 2014 годзе ў Ляхавічах і раёне гаспадарчы старт узялі 11 малых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці, спіс індывідуальных прад-прымальнікаў раёна папоўнілі 83 чалавекі. Усяго ж у мінулым годзе суб’ектамі прадпрымальніцтва створана 200 рабочых месцаў, у тым ліку 91 – у сельскай мясцовасці.

Прыватная ініцыятыва? Так. Уласныя інвестыцыі? Безумоўна. Але і дзяржава на розных узроўнях зацікаўлена ў развіцці малога бізнесу. Заўсёды гатова падтрымаць дзелавую прапанову. У тым ліку і рублём у выглядзе льготнага крэдыту. Са сродкаў абласнога бюджэту яго летась атрымала ТДА “Лармгрупсэрвіс”.

Служба занятасці ў 2014 годзе пасадзейнічала ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці чатыром нашым землякам. Былым беспрацоўным выдзяляўся стартавы капітал у выглядзе пазыкі, роўны 11-ці (у горадзе) або 15-ці (у сельскай мясцовасці) памерам бюджэту пражытачнага мінімуму (з 1 лютага БПМ раўняецца 1428100 рублёў). Пры неабходнасці, служба занятасці можа дапамагчы з арганізацыяй, інфармацыйна, садзейнічаць навучанню асновам вядзення бізнесу і іншае.

З мэтай стымулявання прадпрымальніцкай ініцыятывы ў райвыканкаме складзены і прапаноўваецца да азнаямлення спіс аб’ектаў раённай камунальнай уласнасці, якія выкарыстоўваюцца неэфектыўна або зусім не выкарыстоўваюцца. Сярод іх будынкі і комплексы будынкаў, зямельныя ўчасткі ў горадзе і сельскай мясцовасці (пад арганізацыю аўтастаянак) і іншае.

Ёсць прыклады ўдалых, наколькі зараз можна пра гэта меркаваць, здзелак па продажы размешчаных у раёне аб’ектаў нерухомасці. Сталічнае СЗАТ “Лада Гарант” у свой час “з малатка” купіла комплекс будынкаў палацава-паркавага ансамбля “Савейкі”. У планах бізнесменаў – арганізацыя на яго базе санаторна-аздараўленчага комплексу. Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Кацуба, гэтым часам вядзецца падрыхтоўка праектнай дакументацы. Для выканання работ на працягу 2015-2018 гадоў мяркуецца прыцягнуць замежныя інвестыцыі.

У кастрычніку мінулага года грамадзянін ЗША зарэгістраваў прыватнае прадпрыемства “ЛяхавічыІнвест” на тэрыторыі былога дзіцячага аздараўленчага лагера непадалёку ад вёскі Мыслабаж. Тут таксама для стварэння зоны адпачынку будуць выкарыстаны замежныя інвестыцыі.

Апроч усіх вышэйпералічаных “плюсоў” – як для канкрэтных людзей, так і для грамадства ў цэлым – малы бізнес з’яўляецца і адной з асноўных крыніц папаўнення бюджэтаў розных узроўняў. Апроч асноўных адлічэнняў ад даходаў кампаній і прадпрыемстваў, малыя прадпрыемствы даюць насельніцтву працу і, канешне, заработак, з якога таксама плацяцца падаткі. Такая вось “двайная эканоміка”.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *