Махлярскі замах. У мінулым годзе ў Ляхавіцкім раёне зарэгістраваны 2 факты махлярства

У мінулым годзе на Брэстчыне зарэгістравана 399 фактаў учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прасцей кажучы, — махлярства. У Ляхавіцкім раёне – 2. Аднак гэтыя лічбы, відавочна, не паказваюць рэальнай сітуацыі, бо далёка не ўсе грамадзяне ці юрыдычныя асобы, якія сталі ахвярамі махляроў, звяртаюцца ў праваахоўныя органы: людзям сорамна, што іх падманулі.

Найбольш распаўсюджанымі відамі махлярства з’яўляюцца завалоданне маёмасцю (мабільныя тэлефоны, транспартныя сродкі і г. д.) пад выглядам часовага выкарыстання; грашовымі сродкамі, напрыклад, у доўг. Нярэдкія выпадкі продажу пажылым людзям тавараў па цане, што значна перавышае сапраўдную; афармленне крэдытаў на іншых асоб; атрыманне перадаплаты па вуснай дамоўленасці аб продажы аўтамабіляў ці іншай маёмасці, у тым ліку і праз інтэрнэт-магазіны.

Каб не стаць ахвярай махляроў, выконвайце элементарныя правілы. Не перадавайце сваю маёмасць у часовае карыстанне незнаёмым людзям. Не давайце грошы ў доўг грамадзянам, якія абяцаюць за гэта вялікія працэнты, — лепш аднесці грошы ў банк. Не рабіце пакупкі ў гандляроў, якія прыходзяць з таварам у дамы ці кватэры. Калі ўсё ж вырашылі зрабіць такую пакупку, патрабуйце дакументы, якія сведчаць асобу прадаўца, удакладніце кошт тавару ў сваіх знаёмых. Не ідзіце на сумніўныя здзелкі па набыцці транспартных сродкаў і іншай маёмасці, у тым ліку і за межамі краіны, там, дзе патрабуюць перадаплату, без належнага афармлення пісьмовых дагавораў. Пры складанні апошніх уважліва азнаёмцеся з умовамі.

Калі вас усё ж падманулі, абавязкова паведамце пра гэта ў міліцыю.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,

намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *