Сустрэча з подзвігам, ці Музейныя гісторыі /фота/

У снежні мінулага года пра гэту шчымлівую гісторыю пісала наша раёнка. Сюжэт публікацыі “Вяртанне радавога Жытко” закрануў, прайшоў праз сэрца: 73 гады наш зямляк-франтавік лічыўся прапаўшым без вестак. І вось пошукавы ўкраінскі атрад знайшоў месца гібелі героя: недалёка ад Кіева летам 1941-га ў баі насцігла яго фашысцкая куля. А ў снежні 2014-га астанкі Міхаіла Жытко – ураджэнца Гукова – былі перазахаваны на праваслаўных могілках у Ляхавічах. Адслужыў паніхіду па родным дзядзьку яго пляменнік – протаіерэй Георгій Жытко.

На мінулым тыдні ў актавай зале Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа сабраліся навучэнцы, каб стаць сведкамі перадачы рэчаў загінуўшага героя ў тутэйшы музей. Протаіерэй Георгій Жытко расказаў, як доўга родныя чакалі і шукалі свайго героя, і пра пачуцці, якія паспыталі, калі даведаліся, што Міхаіл Жытко ўжо не без вестак прапаўшы, што яго апошні прытулак усё ж будзе ў роднай беларускай зямлі. Рэчы чырвонаармейца былі перададзены кіраўніку гісторыка-краязнаўчага гуртка Віктару Тарасевічу і яго юным памочнікам. Яшчэ адна сустрэча з подзвігам папоўніла музейныя гісторыі.

Падчас цырымоніі навучэнцам была прапанавана праграма, якая нібы пагрузіла ў атмасферу ваенных ліхалеццяў. Не перабольшу, калі скажу, што ў ЛДАКу праведзены сапраўдны ўрок мужнасці, урок выхавання патрыятызму і грамадзянскасці.

Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК, намеснік дырэктара ЛДАКа па вучэбнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *