Аператыўна. Адказна. Аб’ектыўна

Намеснік начальніка ўпраўлення СК па Брэсцкай вобласці Сяргей Цішук (справа) і начальнік РАСК Віталій Лабанаў абмеркавалі выніковасць работы ляхавіцкіх следчых.

На мінулым тыдні вынікі сваёй работы за першы квартал гэтага года падвялі супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта. У рабоце аператыўнай нарады прыняў удзел намеснік начальніка ўпраўлення СК па Брэсцкай вобласці Сяргей Цішук, які адказаў на пытанні “ЛВ”.

— Сяргей Пятровіч, як вы ацэньваеце работу ляхавіцкіх следчых?

— Дынаміка станоўчая, як і ў цэлым дзейнасць супрацоўнікаў упраўлення. Калектыў пастаянна прымае меры да павышэння якасці папярэдняга расследавання. Больш чым на 10 працэнтаў павялічылася колькасць спраў, папярэдняе следства па якіх завяршылася ў тэрмін да месяца. А гэта — аператыўная абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, хуткае прыняцце мер па спагнанні страт, нанесеных злачынцамі. Паказчык сведчыць і пра тое, што вядзецца мэтанакіраваная прафілактычная работа.

Увогуле, састаў аддзела малады, згуртаваны. Кіраўнік, яго намеснік – вопытныя прафесіяналы, ёсць і іншыя супрацоўнікі са значным стажам работы, на якіх павінны раўняцца тыя, хто нядаўна прыйшоў на службу.

Усе задачы, якія ставяцца перад аддзелам, яго супрацоўнікі здольны выконваць не толькі за кошт адказнага падыходу да кожнай справы, але і пры цесным узаемадзеянні з пракуратурай, якая ажыццяўляе нагляд з органамі дазнання. Падчас выніковай нарады не толькі гучала справаздача, адбыўся канструктыўны дыялог па пытаннях удасканалення работы.

— Якія задачы стаяць перад РАСК на бліжэйшую перспектыву?

— Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці следчых падраздзяленняў — павышэнне якасці, паўнаты, рознабаковасці, аператыўнасці расследавання, што надзвычай важна для абароны кожнага грамадзяніна асобна і ўсяго грамадства ў цэлым. Неабходны больш уважлівыя адносіны ў рабоце з насельніцтвам. Арыентуем следчых на тое, каб актыўней выязджалі на правядзенне расследавання непасрэдна на месца здарэння, хаця па-ранейшаму актуальным застаецца і выклік падазроных і сведкаў у райаддзел. Належная ўвага павінна надавацца кампенсацыі страт, якія нясе пацярпелы. Для многіх людзей менш важна, пакараюць, напрыклад, злодзея ці не, галоўнае для іх – вярнуць свае грошы ці маёмасць.

Надзвычай важнай застаецца прафілактыка: вывучэнне спецыфікі супрацьпраўных дзеянняў, прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць злачынствам. Нават калі злачынства ўжо адбылося, неабходна дасканала разабрацца, што стала падставай для яго ўчынення, каб папярэдзіць аналагічныя супрацьзаконныя дзеянні.

Узважаным павінен быць падыход да адмовы ва ўзбуджэнні крымінальных спраў. Канстытуцыйны прынцып непазбежнасці крымінальнай адказнасці за злачынствы – з аднаго боку, а з другога — прыцягненне да крымінальнай адказнасці павінна грунтавацца на бясспрэчных доказах. Недапушчальна, каб невінаваты панёс пакаранне.

— На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік Следчага камітэта?

— У першую чаргу, гэта высокія маральныя якасці. Нашы супрацоўнікі павінны быць адказнымі, прыстойнымі, добрасумленнымі, тактоўнымі, абавязкова паважаць закон і людзей. Важным складальнікам паспяховай работы з’яўляецца ініцыятыўнасць, бо дзейнасць нашых супрацоўнікаў звязана з пастаянным пошукам: нельга прымаць рашэнне, не ўзважыўшы ўсе факты. У добрым сэнсе гэтага слова павінен быць і азарт, і, канешне, дакладнасць і аператыўнасць. Расследаванне неабходна праводзіць у самыя кароткія тэрміны, каб злачынца не паспеў уцячы і схаваць сляды свайго злачынства.

Следчы, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і псіхолаг, які знаходзіць падыход да любога чалавека, незалежна ад таго, падазроны ён ці пацярпелы. Вызначальнымі ў рабоце з’яўляюцца і арганізатарскія здольнасці. Следчы проста абавязаны мець шырокі кругагляд. Злачынствы расследуюцца ў розных сферах, і, каб дабрацца да ісціны, трэба мець грунтоўныя веды. Недапушчальныя прадузятасць і абыякавасць.

Ад таго, наколькі прафесійным, зладжаным і мэтанакіраваным з’яўляецца калектыў, залежыць канкрэтны вынік у рабоце. Узяўшы на сябе адказнасць за бяспеку землякоў, неабходна рабіць усё магчымае, каб улада закона была безумоўнай, а тыя, хто пераступае закон, неслі пакаранне.

Гутарыла  Галіна КАНЬКО.

ДАВЕДАЧНА

У першым квартале гэтага года ў вытворчасці РАСК знаходзілася 89 крымінальных спраў, 49 з іх узбуджаны следчымі райаддзела ( 23 па фактах крадзяжоў, па 3 — пагрозы забойствам, крадзяжоў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі; па 2 — за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, хуліганствы, ухіленне ад прызыву на воінскую службу, па адным — за ўгон аўтатранспартнага сродку, збыт крадзенага, незаконнае паляванне, рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў і інш.).

Найбольш рэзанансная справа, па меркаванні следчых, — бойка ў кафэ “Алеся” напрыканцы студзеня. Падчас высвятлення адносін студэнт БНТУ наўмысна нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні ляхавічаніну (абодва знаходзіліся ў нецвярозым стане). Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пасля заканчэння расследавання яна перададзена ў суд.

Усяго па ўзбуджаных справах арыштаваны 10 падазроных. З 37 закончаных вытворчасцю спраў 28 перададзены ў суд. Да крымінальнай адказнасці за згаданы перыяд прыцягнуты 31 абвінавачваны. Сума страт, нанесеных іх супрацьпраўнымі дзеяннямі, перавысіла 55 мільёнаў рублёў. Падчас следства вернута звыш 43 мільёнаў рублёў, яшчэ на 93 мільёны накладзены арышт на маёмасць абвінавачваных.

Не дапушчаны вяртанне спраў на дадатковае расследаванне, незаконнае затрыманне, неабгрунтаванае прыцягненне грамадзян да крымінальнай адказнасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *