Вецер сваволіць у Ляхавіцкім раёне

З 13 красавіка на тэрыторыі краіны аб’яўлены штармавое папярэджанне і аранжавы ўзровень небяспекі ў сувязі са шквалістым ветрам. Яго скорасць гэтымі днямі дасягае 24 метраў у секунду.

Моцныя парывы ветру пакінулі свае сляды і на тэрыторыі нашага раёна. 13-14 красавіка пашкоджана 35 домаўладанняў (у асноўным, дахі дамоў і гаспадарчых пабудоў, а таксама драўляныя і металічныя канструкцыі, што не былі замацаваны). Лічба, магчыма, не канчатковая: людзі яшчэ звяртаюцца ў Белдзяржстрах з заявамі аб наступствах стыхіі.

У гэтыя дні ў 23 населеных пунктах было зарэгістравана кароткачасовае адключэнне электраэнергіі. Зафіксавана 3 выпадкі, калі маланка трапіла ў жылыя дамы. На шчасце, пацярпелі толькі электрапрыборы.

У Тухавічах галіны дрэваў падалі на дахі шматкватэрнікаў. Каб не дапусціць пашкоджанняў, камунальнікам давялося ў тэрміновым парадку абрэзваць “аварыйныя” галіны.

Сярод пацярпелых – і сельскагаспадарчыя аб’екты. У вёсцы Гашчын сарвала ветрам 178 лістоў шыферу на цялятніку СВК “Тальмінавічы”. У Канюхах аказаліся пашкоджанымі 2 аўчарні і збожжасховішча СВК “Жарабковічы”, а ў Шавялях – МТФ гэтай жа гаспадаркі. ЛДАК паведаміў пра пашкоджанні даху збожжасховішча і павеці для цялят у Каменцы. У райаграсэрвісе вецер нашкодзіў на ферме “Альхоўцы”. Практычна на ўсіх аб’ектах вядуцца аднаўленчыя работы.

Сур’ёзнай падтрымкай у такім выпадку становяцца страхавыя выплаты. Вось толькі не ўсе гаспадары (акрамя хіба “Жарабковічаў” і каледжа) паклапаціліся застрахаваць сваю маёмасць.

На ліквідацыі наступстваў стыхіі было задзейнічана 34 адзінкі тэхнікі МНС, ЖКГ, Брэстэнерга, іншых арганізацый і больш за 250 чалавек.

Улічваючы, што непагадзь прагназуецца і на бліжэйшыя дні, лепш быць да яе гатовымі. У выпадку стыхіі важна захоўваць спакой, неабходна папярэдзіць суседзяў і дапамагчы дзецям, інвалідам, пажылым людзям. Маёмасць з балконаў і двароў лепш прыбраць у дом ці падвал, сухія галіны дрэваў, якія могуць пашкодзіць дах, вокны, машыну, – абрэзаць. На час разгулу стыхіі лепш затушыць агонь у печцы і закрыць газавыя краны. Вокны і дзверы павінны быць шчыльна закрытыя, а ложкі варта адсунуць ад акна.

Дзмітрый НОВІК,

старшы інжынер РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *