Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Забойны «аргумент»
Раённы аддзел Следчага камітэта днямі ўзбудзіў   крымінальную справу па частцы 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса па факце забойства. Днём 18 красавіка ў Жарабковічах пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў жонка схапілася за нож. Яе муж ад нажавога ранення памёр. 23-гадовая жанчына затрымана  і знаходзіцца ў следчым ізалятары. Маці трох дзяцей за ўчыненае злачынства пагражае пазбаўленне волі  тэрмінам ад 6 да 15 гадоў.
«Залатая» рыбка
Не задумваюцца аматары незаконнай рыбнай лоўлі, што, акрамя “статуса” браканьера, ім пагражае крымінальная і матэрыяльная адказнасць. У судзе знаходзіцца справа ў адносінах двух жыхароў вёскі
Набярэжная па факце незаконнай здабычы рыбы, пра што “ЛВ” згадваў. Вынік іх “рыбалкі” – больш за 73 мільёны рублёў, якія яны павінны кампенсаваць за шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, і штраф, памер якога вызначыць суд.
Яшчэ большую шкоду нанеслі прыродзе 2 жыхары Тухавічаў. Напачатку снежня мінулага года на вадаёмах  недалёка ад вёскі яны здабывалі рыбу забароненымі прыладамі, без неабходнага дазволу і з перавышэннем устаноўленых нормаў вылаву на аднаго рыбака. 442 шчупакі, 427 акунёў, 220 плотак і 2 ліні заважылі 133 кілаграмы. Матэрыяльная шкода ў асабліва буйным памеры навакольнаму асяроддзю перавысіла 297 мільёнаў рублёў.
Суд Ляхавіцкага раёна вынес рашэнне аб пазбаўленні  браканьераў волі тэрмінам на 2 гады ўмоўна. Акрамя кампенсацыі шкоды навакольнаму асяроддзю, кожны  з вінаватых заплаціць штраф – у памеры 14 мільёнаў  рублёў.
Віталій ЛАБАНАЎ,
начальнік РАСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *