Выпіў. Расслабіўся. Страціў розум

З дзяцінства кожны ведае, што загінуўшыя разумовыя клеткі не аднаўляюцца. А, напрыклад, выпітая шклянка спіртных напіткаў забівае адразу ад 1000 да 2000 клетак. Тады ўявіце, што робіцца з мозгам чалавека пасля таго, як ён вып’е бутэльку-другую гарэлкі…
Алкаголь – прычына многіх хвароб, загубленых талентаў і ўвогуле лёсаў, бессэнсоўных канфліктаў і дэградацыі асобы.
Як сведчаць спецыялісты, найчасцей пад уплыў алкаголю трапляюць людзі адораныя, з вялікім нявыкарыстаным патэнцыялам, якія не рэалізавалі свае магчымасці і задумкі. І тады яны пачынаюць “заліваць” голас розуму гарэлкай, “пазбаўляючыся” ад цяжкага пачуцця нерэалізаванасці. Але, на жаль, атрымліваюць толькі кароткачасовае суцяшэнне і спакой, а такі стан душы хочацца паўтарыць зноў і зноў. Вось так і трапляе чалавек у лапы да зялёнага змея.
Дастаткова паглядзець навокал, і ўбачыце гэтых людзей побач. Спачатку і для іх выпітая шклянка-другая гарэлкі была толькі стымулам для вясёлага адпачынку, добрага настрою і дружалюбнай кампаніі. А потым чалавек нечакана для самога сябе правальваецца ў бездань і не можа пражыць без спіртнога ні дня, з чалавека ператвараецца ў істоту. І каб выпіць, ужо нагода не патрэбна, ёсць толькі нясцерпнае жаданне…
Як дапамагчы чалавеку, які пакутуе сіндромам залежнасці ад алкаголю? Канешне, перш за ўсё трэба звярнуцца за медыцын-скай дапамогай і выконваць усе парады спецыяліста. Але немалаважным застаецца і іншае. Перш за ўсё неабходна вярнуць яму веру ў самога сябе, страчаны сэнс жыцця. Па магчымасці, варта больш часу праводзіць разам з хворым чалавекам, распытваць яго пра тое, што непакоіць, — гэта дасць магчымасць чалавеку ў нейкай ступені адкрыцца і вызваліцца ад негатыўных эмоцый. Але не выкарыстоўвайце ў размове натацыі – гэта толькі пагоршыць сітуацыю. Зразумейце хворага алкагалізмам, дайце яму шанц на выпраўленне, падтрымайце яго ад усёй душы, і тады станоўчы вынік хоць у частковым выздараўленні не прымусіць сябе чакаць.
Марына ЗАВАДСКАЯ, сацыёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *