Маршрутамі вызваліцеляў. У Ляхавіцкім раёне прайшоў аўтапрабег «Дарогамі вызваліцеляў» /фота/

Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж з’яўляецца заснавальнікам аўтапрабегу «Дарогамі вызваліцеляў». Прысвечаны Вялікай Перамозе, аўтапрабег з гэтага года памяняў статус.

Назва красамоўная, гаворыць за сябе і без дадатковага тлумачэння раскрывае мэты і сэнс мерапрыемства. Аўтапрабег спачатку і “трымаўся” на навучэнцах, выкладчыках, адміністрацыі каледжа і быў выключна іх, што называецца, аўтарскім праектам. Сёлета, на чацвёрты год ад нараджэння, атрымаў статус раённага. Пры дырыжорскай ролі раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, з удзелам школьнікаў, Ляхавіцкай РАС ДТСААФ, РК БРСМ, ветэранскай арганізацыі і райкама КПБ каляджане саліравалі па-ранейшаму.
Маршрут памяці стартаваў каля 11 гадзін раніцы ад галоўнага корпуса ЛДАКа. Калону адкрываў ГАЗ-67 — аўтамабіль родам з 40-х, як мінімум, равеснік Перамогі. Далей таксама машына-легенда – ГАЗ-21 “Волга” з самымі ганаровымі пасажырамі — удзельнікамі Вялікай Айчыннай – Іванам Вялічкам, Фёдарам Лойкам, Рыгорам Логвінам. Абодва “ГАЗы” з’яўляюцца ўласнасцю ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, прадпрыемствам адноўлены і пастаўлены “на колы”.
Першы прыпынак калона зрабіла непадалёку ад вёскі Жарскія, ля помніка 20-ці савецкім грамадзянам, што былі расстраляны фашыстамі ў гады вайны. Далей – Курган Славы, прыпынкі і кароткія мітынгі памяці з ускладаннем вянкоў да помнікаў на месцах пахавання, ля абеліскаў у Падсаколлі, на Завінскай горцы і ў самым Завінні, Альхоўцах, Задвор’і, Ляхавічах.
Ускладаннем вянкоў да помніка на плошчы Перамогі ў райцэнтры, кароткімі ўрачыстасцямі тут жа раённы аўтапрабег з нагоды юбілейнай гадавіны Перамогі спыніў свой ход. Але памяць пра яе творцаў няспынная, бестэрміновая, невычэрпная.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

One thought on “Маршрутамі вызваліцеляў. У Ляхавіцкім раёне прайшоў аўтапрабег «Дарогамі вызваліцеляў» /фота/

  • 19/05/2015 в 02:21
    Permalink

    Какая замечательная патриотическая акция! Было бы хорошо сделать её более масштабной и массовой. И, главное, не превратите её в формальность.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *