Прымаем ванны. Водныя і сонечныя

Зноў прыпякло, і здаецца, толькі вада можа выратаваць ад гарачыні. Спяшаюцца дарослыя і дзеці на пляжы – афіцыйныя і “дзікія”, да рэк, вадаёмаў, каб акунуцца ў водную прахалоду. На жаль, такі адпачынак далёка не ўсякі раз выглядае і з’яўляецца цывілізаваным. Хутчэй наадварот: мы прывыклі адпачываць дзе нам зручна, чамусьці часцяком – са шкодай для наваколля і прыроды. Хаця, калі глядзець праўдзе ў вочы, то не заўсёды і не ўсе афіцыйна прызнаныя месцы адпачынку належным чынам добраўпарадкаваныя, маюць неабходную інфраструктуру, утрымліваюцца ў парадку.

У Ляхавіцкім раёне тры афіцыйныя зоны адпачынку: на рэках – Ведзьма ў райцэнтры, Шчара – у аграгарадку Дарава і ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. Што датычыць апошняй, то яна прызначана выключна для адпачываючых у летніку дзяцей, за парадкам на ёй сочыць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Дзве іншыя – на балансе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.
На гэтых тэрыторыях адказнасці камунгаса за апошнія гады зроблена нямала. На пляжах устаноўлены раздзявальні, ценевыя навесы, лавачкі, кантэйнеры для смецця, на гарадскім абсталяваны пляцоўкі для гульнёвых відаў спорту, пясочніца, функцыянуе выратавальная станцыя Асвода. Тэрыторыя абкошваецца, падсыпана пяском, прыбіраецца. Канешне, ідэальна чыстым пляж з раніцы да вечара не будзе. А парадак павінны падтрымліваць не толькі камунальнікі, але і адпачываючыя.
Аднак, некаторыя мяркуюць: пасля мяне хоць патоп. Праблема актуальная і для зоны адпачынку на Шчары, на дараўскім беразе якой у спякотныя выхадныя яблыку няма дзе ўпасці. Адпачываюць мясцовыя жыхары і з суседніх Баранавічаў. Праўда, указальнікаў, што тут пляж, няма. Пасля выхадных застаюцца горы смецця. Напэўна, камунгасу варта пераглядзець графік яго вывазу з тэрыторыі пляжа, а супрацоўнікам Конькаўскага сельвыканкама больш уважліва сачыць за парадкам і своечасова арганізоўваць абкошванне прылягаючай тэрыторыі. Самім прыхільнікам пляжа не пашкодзіць “уключыць” сумленне і не пакідаць пасля сябе вэрхал.
Узбярэжжа вадасховішча Мінічы для адпачынку аблюбавалі ляхавічане. Яно хоць і папулярнае, але ў лік афіцыйна вызначаных для гэтых мэт не ўключана. У мінулыя гады тут кідаліся ў вочы сляды пасядзелак на прыродзе. Сёлета, пасля таго, як вадасховішча стала арэндным (арандатар ПУП “Мыслабаж”), сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Па перыметры ўстаноўлены альтанкі, ёсць кантэйнеры для паасобнага збору смецця, якія рэгулярна ачышчаюцца, туалеты, абсталяваны месцы для развядзення кастроў. Тэрыторыя добраўпарадкавана, мясцовая акваторыя зарыблена (выпушчана паўтоны малькоў таўсталобіка). А вось культура адпачываючых і рыбакоў пакуль не заўсёды на вышыні.
Калі працягваць размову пра летні сезон, закранём яшчэ адно важкае “але”. Шыльды з надпісам “Купанне забаронена” з’яўляюцца на тэрыторыі зон адпачынку і ў Ляхавічах, і ў Дараве, і ў “Чайцы” на працягу некалькіх апошніх гадоў. Купацца ў тутэйшых вадаёмах становіцца небяспечным для здароўя з-за перавышэння дазволенага ўтрымання кішэчнай палачкі, і санітарная служба выносіць свае прадпісанні. Вінаватыя ў гэтым дажджы, якія змываюць з берага ў рэчку ўсё, што толькі можна, забруджанасць, а таксама спякота і… чалавек: у ваду кідаюць любое смецце. Пакуль, як паведамілі ў райЦГіЭ, у ляхавіцкіх вадаёмах на афіцыйных зонах адпачынку з вадой усё ў парадку. Як будзе далей, пакажа час: пробы бяруцца раз у дзесяць дзён (магчыма, сваю станоўчую ролю адыграе і нядаўняе зарыбленне Ведзьмы).
У спякоту людзі прагнуць вады. І не толькі ў якасці чыстай купальні, але каб спаталіць смагу. Медыкі раяць у гарачыню больш спажываць вадкасці. Аднак, купіць усё гэта і іншую дробязь (марожанае, пячэнне, аднаразовы посуд і г.д.) на пляжы немагчыма – не прадаецца. Тэма не новая. Аднак так і не зацікавіліся ёю ні райпо, ні індывідуальныя прадпрымальнікі.
Дарэчы, а што “летняга” па-за пляжам? На рыначнай плошчы – бочка з квасам вытворчасці ляхавіцкага каапрама. Ля “Алесі” – цудоўнае месца адпачынку, такі летні “філіял” кафэ. На тэрыторыі аўтастанцыі ў Ляхавічах устаноўлена палатка, у якой можна пасядзець за столікам, выпіць халоднай мінералкі, з’есці марожанае. У Дараве непадалёку ад зоны адпачынку – магазін і кафэ. Вось і ўвесь прыпляжны сэрвіс.
Яшчэ адзін важны момант – паводзіны тых, хто прыходзіць на пляж нецвярозы. Непакоіць знаходжанне дзяцей каля вады без пільнай увагі бацькоў. Выратавальнікі спраўна нясуць сваю службу кожны дзень да 22 гадзін, сочаць за тымі, хто купаецца, і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу. Але і адпачываючым трэба дбаць пра ўласную бяспеку – ля вады да бяды адзін крок.
Асобная размова пра аўтамабілі ля вадаёмаў. Часам адно што не з коламі ў купальных месцах. Хаця большасць грамадзян ведае, што за такі “камфорт” прадугледжана пакаранне – адміністрацыйная адказнасць: штраф да 20 базавых велічынь. З пачатку года супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя склалі на аўтааматараў-парушальнікаў 6 пратаколаў аб адміністрацыйнай адказнасці на агульную суму 1080000 рублёў (за 2014 год – 42 пратаколы).
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *