Куточак Палесся родны і любімы. Свяціца Ляхавіцкага раёна

Упершыню вёска Свяціца прыгадваецца ў 1539 годзе як сяло Ліпскай воласці, уласнасць магнатаў Радзівілаў. У 1584 годзе Свецічы – такую назву мела паселішча — Радзівіл падараваў Нясвіжскай калегіі езуітаў.

У 1878 годзе ў Свяціцы было заснавана смалакурнае прадпрыемства. Князь Радзівіл здаваў яго ў арэнду, арандатар наймаў рабочых. У 1880 годзе на прадпрыемстве працавалі 8 чалавек, якія за год нарыхтавалі смалы на 515 рублёў. Прадукцыя смалакурных заводаў ішла як на ўнутраны рынак Расіі, так і за мяжу.

Мінулыя стагоддзі пакінулі на свяціцкай зямлі напамін пра сябе — вялікую колькасць мікратапонімаў. За пяць кіламетраў ад вёскі знаходзіцца Гарадзішча. Месца тут надзіва прыгожае, маляўнічае, адметнае сваімі волатамі-дубамі, стройнымі бярозкамі, магутнымі стромкімі соснамі. Багаты лес на дзічыну, грыбы і ягады. Менавіта тут у свой час аселі заснавальнікі Свяціцы. З цягам часу людзі пакінулі Гарадзішча і абжыліся непадалёку ад яго, але назва засталася.

Да 1939 года на паляванне ў свяціцкія лясы прыязджаў граф Патоцкі. Для яго быў пабудаваны так званы “кардон”. Граф наймаў мясцовых паляўнічых з роду Драчоў і іншых жыхароў. Людзі білі па дрэвах драўлянымі бразготкамі, крычалі, заганялі звера “на номер”. За гэту паслугу граф даваў тры злотыя, сала, наліўку. Пасля палявання Патоцкі адпачываў у сваім “кардоне”. 3 тых часоў мясціна завецца Графская будка. Дарэчы, тут былі знойдзены стаянкі першабытных людзей, якія датуюцца VI тысячагоддзем да нашай эры. Аб гэтым сведчаць 10 тысяч розных прадметаў, выяўленых у 2006 годзе падчас археалагічных раскопак інстытута НАН Беларусі. Раённая газета падрабязна пісала пра гэта ў той год.

Ад Гарадзішча да вёскі цяпер бяжыць роўнай стужкай дарога, якой раней не было. Дабіраліся толькі пешшу альбо на кані праз непралазныя, непраходныя балоты. Дарогу трэба было класці кожнай сям’і па 30 метраў — капаць па абодвух баках канавы, а пясок скідаць на дарогу.

У кожнай вёсцы ёсць легенда, якая тлумачыць яе назву. Буйкевіч Вольга Васільеўна расказала вось што: “Даўным – даўно гэта было. У непралазныя густыя лясы з непраходнымі гразкімі балотамі на катаргу былі сасланы тры сям’і. Доўга шукалі катаржане прыдатнае для сябе месца паселішча. Ішлі яны некалькі дзён і начэй па балоце, па густым лесе, стаміліся да паўсмерці, думалі, што ўжо не выберуцца з гэтай смяротнай дрыгвы і тут сустрэнуць сваю пагібель. Стомленыя, абяссіленыя, зрабілі прыпынак, каб адпачыць. I тут адзін з катаржан убачыў наперадзе святло. “Свеціцца!” – узрушана крыкнуў чалавек. Зняможаныя, змарнаваныя людзі сабраліся з апошнімі сіламі і выйшлі на астравок, акружаны балотамі і лясамі. Зямля на ім была трывалая, і людзі засталіся тут жыць, а само месца з таго часу сталі называць Свяціцай”.

Паводле мясцовага падання, прадстаўнікі адной з трох сем’яў палявалі на зайцоў. Нашчадкі гэтага роду атрымалі прозвішча Русакевічы. Другая сям’я палявала на курапатак, якіх у гэтай мясцовасці было вельмі многа, так утварылася прозвішча Курыловічы. Мужчыны з трэцяй сям’і былі надзвычай дужымі і смелымі, яны палявалі на буйвалаў і далі пачатак роду Буйкевічаў. Вось чаму ў нашай вёсцы так часта сустракаюцца ўзгаданыя прозвішчы. А яшчэ свяцічан завуць “чаротнікамі” — з-за расліны, якая найбольш вальготна пачуваецца на балоце, — чароту. Так, назву “чаротнікі” можна патлумачыць як “людзі, паселеныя на балоце”.

Старажылы расказваюць, што некалі ў вёску на брычцы прыязджала пані. Яна збірала ў наваколлі зёлкі і часта запрашала для кампаніі мясцовых дзяўчат. Хадзілі дзяўчынкі з пані ўскрай засеяных палёў, па якіх сярод збожжа разбягаліся валошкі. “Цяпер я разумею, чаму Беларусь называюць валошкавым краем”, — казала жанчына. Гаварылі, што пані прыязджае з-пад Ляхавіч, але паходзіць з Польшчы, і што яна піша кніжкі. Наведвала загадкавая жанчына Свяціцу ў 1908 годзе. Калі верыць успамінам старажылаў, то гэта магла быць сама Эліза Ажэшка.

У гісторыі вёскі нельга не ўспомніць гады ліхалецця – Вялікую Айчынную вайну. За дапамогу партызанам 11 сакавіка 1943 года Свяціца была спалена немцамі. Загінулі мірныя жыхары, сярод якіх былі дзеці.

Вера Дыдышка:

Кат фашысцкі напіцца крыві захацеў,

Ад людзей засталіся каб цені,

А Свяціца ўзнялася праз дзясяткі смярцей

І не стала яна на калені.

Пасля вайны Свяціца адрадзілася. Тут было шмат майстроў, людзі жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму. Пілавалі лес уручную, цвікі рабілі з дроту. Месца, на якім пачалі нанава абжывацца свяцічане, атрымала назву Сяло. Хаты тут стаялі так шчыльна, што на адзін падворак прыходзілася ад двух да чатырох гаспадароў. Драўляных калодзежаў-жураўлёў з дубу было толькі чатыры. Добрасуседства і ўзаемападтрымка дапамаглі людзям пераадолець пасляваенную нястачу. Буйкевіч Вера Канстанцінаўна ўспамінае: “Вячэру варылі на двары, запалак не хапала, таму збіраліся сем’ямі, да пятнаццаці саганоў ставілі ля агню. Збіраліся па-добраму, гаварылі.” Месца ля вёскі, дзе сустакаліся вяскоўцы, атрымала мілагучную назву Бяседка.

Пасля вайны ў Свяціцы ўтварыўся самабытны ансамбль народных музыкаў. Буйкевіч Канстанцін Карпавіч іграў на скрыпцы, Буйкевіч Барыс Васільевіч – на гармоніку, яго брат Мірон Васільевіч – на барабане. Гэты ансамбль празвалі ў народзе “Свяціцкі джаз”.

Жудасным месцам ля вёскі была Гайдушка. Гэта багністая мясціна не высыхала нават у летнюю спёку, гайдалася. Людзі стараліся абыходзіць яе, ведалі: бяда будзе, як трапіш у багну. Бывала, праваліцца карова ў Гайдушку, і, калі не выцягнуць людзі жывёлу вяроўкамі, не ўбачыць больш гаспадар сваю карміцельку. Самае ж высокае месца свяціцкага ландшафту шмат паслужыла для гаспадарчых патрэб вёскі. Тут бралі пясок, якім падсыпалі дарогі, уцяплялі хаты.

Час ішоў, вёска пашырала свае межы, людзі пачалі сяліцца далей, на вышэйшым месцы, якое назвалі Селішчам. Бралі драўніну з дубу, рэзалі яе на калодачкі, потым на такім драўляным падмурку (з-за адсутнасці прыдатнага камення) будавалі хаты. А на зіму падмурак уцяплялі – абсыпалі пяском “прызву”. Вакол Селішча была дрыгва, і толькі за хатамі заставаўся астравок, які назвалі Крыване. Сведчыць Курловіч Таццяна Канстанцінаўна: “У сярэдзіне астраўка паўкруг быў, як серп, балоцінка, а наўкол абраблялі поле. Вось на гэтай горачцы людзі з Селішча капалі ямы глыбінёй больш за метр і на зіму закопвалі бульбу. Толькі тут веснавая паводка не пагражала бульбе. А яшчэ Крыване было багата на бярозавікі, падасінавікі. Кошыкамі лавілі ўюноў, плотак, карасёў, падчас паводкі збіралі яйкі дзікай качкі. Саджалі гародніну, сеялі жыта і пшаніцу, ячмень, авёс. Тым і карміліся.” Знайшлося новае месца і для бульбянога палетку — Панале. На гэтай тэрыторыі размясціўся сучасны пасёлак.

Свяціцу зараз не пазнаць. Тут ёсць сярэдняя школа, Дом культуры, дзіцячы садок, магазіны. Славіцца вёска таленавітымі людзьмі. Ведаюць у раёне сям’ю Сокалаў, імёны мастака Анатоля Маісеенкі, майстра народнай творчасці Лідзіі Курловіч, паэткі Веры Дыдышка. Вера Іосіфаўна разам са сваім мужам Уладзімірам Шыловічам сталі заснавальнікамі музея ”Партызанская слава”. Фальклорны калектыў і хор займалі вядучыя месцы ў раёне.

Мілая, любая сэрцу Свяціца! Ты заўжды будзеш свяціць яркай зорачкай кожнаму свайму жыхару, кожнаму чалавеку, які хоць раз пабываў у гэтым амаль некранутым куточку прыроды. На тваіх балотах і сёння можна сустрэць чаплю, якая не баіцца чалавека. Прайдзі далей, — і проста перад табой уздымуцца чароды дзікіх качак з чароту. Якая дзівосная тут прырода, якія працавітыя, добрыя людзі! Непаўторны водар балот, рэдкіх зёлак. Усё гэта неабходна захаваць для тых, хто прыйдзе пасля нас.

Вера Дыдышка:

Ты красуеш пад небам

радзімы маёй,

Песнязвонная і маладая.

Белы бусел плыве,

усё плыве над табой,

Цябе цёплым крылом

ахінае.

Матэрыял сабрала і апрацавала

бібліятэкар Свяціцкай сельскай бібліятэкі Кацярына БУЙКЕВІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і Вольгі КУРЛОВІЧ.

Шаноўны свяцічанін, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Буйкевіч.

Нераўнадушны чалавек, цудоўны педагог, таленавіты паэт Вера Дыдышка.

Лідзія Курловіч — вядомая ў вёсцы майстрыха. Народнай творчасці вучыць і мясцовых дзетак.

Мастак Анатоль Маісеенка пакінуў адметны след у культурным жыцці Свяціцы.

Цімур Маісеенка — асоба мастацкая. Гэта ў яго ад бацькі.

Падчас археалагічных раскопак тут былі знойдзены тысячы розных прадметаў, што ўяўляюць гістарычную каштоўнасць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *