Вёска з дачным каларытам. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Сакуны

Ад гэтай вёскі кіламетр да чыгуначнага прыпынку і ўдвая больш да аўтобуснага. Тут утульна і тутэйшым жыхарам, і дачнікам. Мясціны прыгожыя, раздолле. Дамы не туляцца адзін да аднаго, а пазіраюць на суседскія на адлегласці. І прапісаны ўсе яны па вуліцы Мірнай. Вёска гэта – Сакуны, што ў Конькаўскім сельсавеце.
Адкуль такая назва? Старажылы расказваюць пра пана Сакуна і яго ўладанні, якія прасціраліся далёка. Ад іх, кажуць, і засталася «кропка». А многія вяскоўцы сталі цёзкамі па прозвішчы.

Марыя Шадура

Малая радзіма для Марыі Шадура – усё яе жыццё. 91-гадовая жанчына тут перажыла ваеннае ліхалецце, згадвае жахі Вялікай Айчыннай вайны. Немцы хадзілі па хатах, забіралі ў людзей жывёлу, ежу, зерне.
– Жылі ў пастаянным страху, але партызанам дапамагалі, – расказвае Марыя Канстанцінаўна. Адзначае, што страшней за фашыстаў былі «самаахоўцы» – паліцаі. Расказвае, што з вяскоўцаў ніхто не пайшоў на службу акупантам.
– Ніколі не думала, што перажыву сваіх родных, – гаруе Марыя Шадура. Усяляк падтрымлівае і клапоціцца пра яе нявестка Святлана Супрыновіч з Задвор’я. Яна ж і агарод садзіць. Удзячна бабуля і сацыяльнаму работніку Наталлі Лашук, якая падлогу памые, з іншай дамашняй работай справіцца.

Людміла Васілько


Дом Людмілы Васілько красуецца ў рознакаляроўі кветак. Чаго толькі няма на дачным участку дбайнай гаспадыні. Тут і маліна, і буякі, і агародніна на зайздрасць. Расаду, дарэчы, сама вырошчвае. А кветак, кустоў – бы ў батанічным садзе, нават саджанец сакуры маецца.
Падчас экскурсіі Людміла Васільеўна дае карысныя парады: маліну лепш падкарміць попелам, буякі не любяць лішняга «харчавання», для ўраджайнасці і росту неабходна да ўсяго 100 грамаў воцату на вядро вады раз у тыдзень-два.
На вялікім агародзе ні зялінкі. Людміла Васільеўна хваліцца, што дапамагаюць сын і дзве дочкі, з радасцю на дачу прыязджаюць унукі. Бабуля не толькі вырошчвае для дамашніх экалагічна чыстую садавіну-агародніну, але і смачна гатуе. Падзялілася з «ЛВ» рэцэптам кансерваваных агуркоў.

На літр вады спатрэбіцца сталовая лыжка солі, пяць – цукру і 100 грамаў воцату, плюс традыцыйная зеляніна. Для кансервацыі памідораў цукру дадаваць больш – восем лыжак і абавязкова дабавіць гваздзіку.

Паўстагоддзя назад Марыя Сакун змяніла сваю родную Вялікую Лотву на Сакуны, а заадно і ўласнае прозвішча – пайшла замуж за мясцовага хлопца, з якім пазнаёміліся ў Турках на вяселлі. З мужам выгадавалі трох дзяцей, маюць пяцёра ўнукаў. Усе прыязджаюць да бабулі і дзядулі, стараюцца дапамагчы па гаспадарцы. А яна немалая: конь, козы, свінні, птушка. Калі ў госці завіталі карэспандэнты раёнкі, Марыя Міхайлаўна спраўна ачышчала на агародзе цыбулю – не можа сядзець склаўшы рукі. Шмат гадоў адпрацавала даяркай на ферме ў Турках, муж Вікенцій там жа быў падвозчыкам кармоў. Працоўны дзень пачынаўся ў чатыры раніцы.
Зараз, адзначае, жыць добра. Пенсію ў тэрмін атрымліваюць. Ужо і дровы на зіму нарыхтавалі. Магазіна ў вёсцы няма, але аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень. Вадзіцель-прадавец Святаслаў Цалей імкнецца цалкам задаволіць пакупніцкі попыт мясцовых жыхароў. Хваліць Марыя Сакун і паштальёна Паўла Войціка. Да людзей – уважлівыя, у рабоце – адказныя.


Аліна Гіль з 1970 года вучыла рабят матэматыцы ў Федзюкоўскай школе. У класах вясковай навучальнай установы тады было чалавек па 25. Урокі заканчваліся, але ніхто са школы не спяшаўся. Праводзілі дадатковыя заняткі, працавалі на школьным участку.
А дома чакалі гаспадарка, агарод. Зараз здароўе не тое, дзеці – іх у Аліны Уладзіміраўны трое – стараюцца часцей адведваць маму, хоць і жывуць няблізка. Не забываюць бабулю і восем унукаў. Увага гэта відавочная: у двары ўтульна і прыгожа, кветкі, арэлі і г.д.

Дзмітрый і Рома Горбікі.

Чатыры гады ў Сакунах сям’я Дзмітрыя і Надзеі Горбікаў. Адрас жыхарства выбралі невыпадкова – ад Баранавічаў і Ляхавічаў недалёка, не трэба замарочвацца наконт месца ў дзіцячым садку. Сына Ромку «газель» аддзела па адукацыі адвозіць у Конькі і ў час дастаўляе назад. Зручна. Працуюць у сельгаспрадпрыемстве: галава сям’і – слесарам на малочнатаварнай ферме «Сакуны», жонка – у паляводчай брыга-дзе. Завялі гаспадарку. Чатырохгадоваму Роме тут не сумна – у яго вялікі цацачны «аўтапарк». Глядзіць, як бацька рамантуе веласіпед, і бярэ з яго прыклад.

Іван Смаршчок

Алег Жукоўскі


Дарэчы, у Сакунах маюцца не толькі «карэнныя» дачнікі, якім соткі дасталіся ў спадчыну. Ёсць і тыя, хто выбраў вёску свядома – з-за агароднага хобі. Іван Смаршчок з жонкай Валянцінай ужо дзесяць гадоў не сядзяць на сёмым паверсе баранавіцкага шматпавярховіка, а з натхненнем працуюць на зямлі. Нядаўна да сакуноўскага «таварыства» далучыўся Алег Жукоўскі з Баранавіч: свае дачныя квадраты набыў год назад і зараз заняты добраўпарадкаваннем дома.
Вось такое жыццё-быццё ў Сакунах – ціхамірнае, працавітае. І вельмі радуе, што ўсё ж такі ажываюць тут сядзібы, і новыя гаспадары змяняюць іх аблічча.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.