Знак нашай памяці. Мінулы тыдзень быў прысвечаны памяці земляка Міхаіла Пташука

Дата 28 студзеня пазначана на Ляхавіччыне, у Беларусі, ды і ў летапісе сусветнага кінематографа як дзень нараджэння аднаго з найбольш яркіх сваіх прадстаўнікоў. І раёна, і краіны, і мастацтва кіно. Дастаткова назваць імя і прозвішча Міхаіл Пташук – і вельмі многае, а для вельмі многіх – усё становіцца на сваё месца. Хто такі, адкуль пайшоў, каб аказацца ў планетарнай сталіцы кінаіндустрыі – Галівудзе? Дзе чэрпаў сілы, здабываў творчае натхненне, фарміраваў свой адмысловы аўтарскі почырк пастаноўшчыка?

Баранавічы, што непадалёку Федзюкоў

Гэта чыстая праўда, хоць і жарт. Прыкладна ў адзін і той жа час у адной навучальнай установе з аўтарам гэтых радкоў вучыўся юнак-федзюковец. Ён так і жартаваў пра Федзюкі і Баранавічы, іх адноснае геаграфічнае месцазнаходжанне. Не менш часта ў яго ўспамінах гучала імя Міхаіла Пташука – кінарэжысёра, народнага артыста і заслужанага дзеяча мастацтваў. Знакамітага земляка, які нарадзіўся на ўскрайку вёскі 28 студзеня франтавога 1943 года. Рос, ці не з самага далікатнага ўзросту зведаў нялёгкую пасляваенную сялянскую працу. Вучыўся ў мясцовай, а пасля і баранавіцкай школе. Першую прафесійную адукацыю атрымаў у Маскоўскім тэатральным вучылішчы імя Шчукіна, «шліфавацца» ў пра-фесіі прадоўжыў на вышэйшых рэжысёрскіх курсах пад куратарствам Георгія Данэліі.
Але сапраўднай школай жыцця, што лягла ў аснову яго будучай творчасці, сталі, верагодна, дзіцячыя ўспаміны, заснаваныя на расказах землякоў-франтавікоў, вяскоўцаў, чые родныя, блізкія, сябры, знаёмыя не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай.
У фільмаграфіі майстра значыцца больш за тры дзясяткі карцін. У тым ліку на ваенную тэматыку і знятых, у прыватнасці, у «натуры» і па матывах родных Федзюкоў і блізкіх да іх мясцін. «Вазьму твой боль», напрыклад. Зняты па рамане Уладзіміра Багамолава фільм «У жніўні 44-га …», які бачылі ўсе і не аднойчы, у пэўных колах атрымаў вельмі ёмістую характарыстыку лепшага рускага хіта пра вайну.

Боль

Можна толькі будаваць здагадкі, колькі і якіх твораў яшчэ вый-шла б з-пад кінакамеры Міхаіла Пташука, калі б не боль – не 26 красавіка і не аўтамабільная аварыя, што трагічна забрала жыццё знакамітага ўраджэнца ляхавіцкай зямлі. Беларуса, адмысловага творцы, чый талент літаральна не меў межаў. Аказаўся запатрабаваным, у тым ліку, і Галівудзе, дзе Міхаіл Мікалаевіч зняў адзін са сваіх фільмаў.
Але чалавек жыве памяццю, выражанай, у тым ліку, у пры-свечаных яму кнігах, назвах вуліц. Зараз мы можам гаварыць і пра першае, і пра другое. Пэўны час назад у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўбачыла свет кніга, прысвечаная рэжысёру, выдаць якую дапамог фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. З 2015 года ў сталіцы краіны Мінску існуе вуліца імя аднаго з самабытнейшых нашых кінатворцаў.
Вуліца імя земляка Міхаіла Пташука ўжо даволі працяглы час існуе і ў нашым раённым цэнтры. Пачынаецца на ўскрайку горада і адным са сваіх накірункаў паказвае ў бок прыгараднай вёскі Патапавічы. У мінулым годзе ў добраўпарадкаванне вуліцы было нямала інвеставана. І сіл, таксама творчых і будаўнічых рашэнняў, якія, канешне ж, пацягнулі значныя фінансавыя ўліванні. Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, за апошні час у аздабленне і добраўпарадкаванне вуліцы, яе новую інфраструктуру было ўкладзена каля 300 тысяч бюджэтных рублёў. Што зроблена? Старыя, нярэдка аварыйныя, дрэвы былі спілаваны. Замест іх з’явіліся маладыя, у тым ліку і даволі незвычайныя. Пракладзены ўдасканалены тратуар, па адным з бакоў вуліцы з’явілася веласіпедная дарожка. А новыя асвятляльныя слупы пастаўлены не толькі для таго, каб свяціць, але і ўпрыгожаны зверху тэматычнымі банерамі – распавядаюць-нагадваюць пра зроб-ленае Міхаілам Мікалаевічам на ніве кінематаграфічнага мас-тацтва.
Усталяваны таксама памятны знак, ад якога і бярэ адлік вуліца-прысвячэнне. Урачыстае адкрыццё знака адбылося 28 студзеня 2022-га. Мітынг-рэквіем «Чалавек, які хацеў жыць і тварыць», што адбыўся з нагоды, сабраў і юных – школьнікаў, і сталых – ветэранаў працы, прадстаўнікоў некаторых арганізацый раёна. Былі хвіліны ўспамінаў, прагучала біяграфія Міхаіла Пташука, гісторыя яго нашага любімага кіно.
А мерапрыемствы-прысвячэнні памяці рэжысёра праводзіліся ў раёне не толькі сёння і не толькі тут. На працягу тыдня ў кінатэатры «Кастрычнік» адбыўся паказ фільмаў Пташука, у Конькаўскім вучэбна-педагагічным комплексе «дзіцячы сад – сярэдняя школа» быў дадзены ўрок «Рэжысёр з вялікай літары», у гарадскім Доме культуры прайшоў вечар памяці «Міхаіл Пташук. Чалавек-эпоха».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.