Выбарчая кампанія праходзіць арганізавана. У Беларусі створаны 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі

Аб гэтым 22 ліпеня ў спецыяльным відэазвароце, урывак з якога быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала «Беларусь 1», заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

«Створаны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў асноўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках. Так, створана 153 тэрытарыяльныя камісіі: раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах, абласныя, Мінская гарадская тэрытарыяльныя камісіі», — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будуць працаваць кожны рабочы дзень да 19.00, а ў суботу — з 10.00 да 14.00. «Выбаршчыкі, у якіх ёсць пытанні, заўвагі, скаргі наконт работы ініцыятыўных груп, а таксама асобы, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, маюць права звяртацца ў тэрытарыяльныя камісіі ў названы рабочы час і выказваць свае прэтэнзіі, прапановы і заўвагі», — адзначыла кіраўнік ЦВК.

«Выбарчая кампанія праходзіць арганізавана. Скаргаў ад будучых патэнцыяльных кандыдатаў і членаў іх ініцыятыўных груп у Цэнтральную камісію не паступала. Гэта значыць, што ўсе нормы закона, усе асноўныя правы і гарантыі, якія беларускае нацыянальнае выбарчае заканадаўства прадастаўляе патэнцыяльным кандыдатам у Прэзідэнты, выконваюцца», — заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі.

Зварот кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай размешчаны на сайце ВЫБАРЫ-2015 (vybory2015.by). На гэтым інфармацыйным рэсурсе будуць асвятляцца важнейшыя падзеі кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе.

На сайце можна знайсці інфармацыю аб ініцыятыўных групах, дапушчаных да ўдзелу ў зборы подпісаў (іх зарэгістравана восем), а таксама аб іх каардынатарах па рэгіёнах. Апублікаваны апошнія навіны са сродкаў масавай інфармацыі, якія непасрэдна датычацца выбараў.

Як растлумачыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, чакаецца, што ў перспектыве на сайце будуць і далей размяшчацца найбольш важныя паведамленні па электаральнай тэматыцы. Такім чынам, карыстальнікі змогуць пры неабходнасці на адным рэсурсе азнаёміцца з мінулымі і будучымі падзеямі ў гэтай сферы.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *