Віктар і “Вікторыя”

У панараме сённяшняга жыцця ў ліку прыярытэтаў уяўляецца і аўтамабільны сілуэт. Без аўто зараз нікуды: ні ў маштабе адной канкрэтнай ячэйкі грамадства, ні – тым больш – на вытворчасці ці ў любой іншай сферы дзейнасці чалавека. Аднак, разам з высокай запатрабаванасцю і распаўсюджанасцю, не выклікае сумнення і высокая складанасць устройства яго сістэм і агрэгатаў. Сучасны аўтамабіль – гэта ўжо далёка не “першы трактар”, а сапраўдны цуд тэхнікі. І, падобна на ўсю іншую тэхніку, любіць ласку, чысціню, змазку. Усё гэта і яшчэ больш гатовы прапанаваць “жалезнаму каню” на прыватным унітарным прадпрыемстве “Аўтацэнтр “Вікторыя”.
Што было, ёсць, будзе?
Была сярэдзіна першай паловы бягучага дзесяцігоддзя, калі станаўленне гаспадарчага суб’екта толькі пачыналася. Эвалюцыйна, ад меншага да большага, з паступовым пашырэннем спіска прапаноў і геаграфіі попыту на іх. Аднак, аўтамабільная, калі так можна абазначыць, спецыялізацыя была абрана яшчэ на стадыі ўзнікнення ідэі.
Пад шыльдай, а ў некаторым сэнсе і брэндам ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” сёння аб’яднаны 2 станцыі: поўнакамплектная па гарантыйным і паслягарантыйным абслугоўванні і рамонце аўтамабільнай тэхнікі МАЗ і аўтадыягнастычная. І не проста аб’яднаны – знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, дапаўняюць адна другую. Вядомая ісціна: перш, чым прызначыць лячэнне (у даным выпадку – рамонт), неабходна дакладна вызначыцца з дыягназам і дзейнічаць ужо на падставе яго вынікаў. І наадварот: да таго, як адрамантаваны аўтамабіль адправіць на дарогу, вельмі важна канчаткова і ў розных рэжымах пратэсціраваць яго. Асабліва ў выпадку, калі рамонту падлягалі вузлы, агрэгаты ці сістэмы, ад дакладнасці работы якіх залежыць бяспечнасць эксплуатацыі аўто, бяспека яго вадзіцеля і іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Цэнтр выконвае тэхнічнае абслугоўванне МАЗаў на любым з этапаў: як у гарантыйны, так і ў паслягарантыйны перыяды іх эксплуатацыі, як планавае, так і, у выпадку неабходнасці, пазачарговае. У дакладнай адпаведнасці патрабаванням тэхналагічных карт і з выкарыстаннем арыгінальных “расходнікаў” і сучаснага абсталявання. Параўнальна нядаўна, напрыклад, прадпрыемства набыло камп’ютарызаваны камплект абсталявання для дыягностыкі і рэгуліроўкі паліўнай сістэмы дызеляў стандарту “Еўра-3” і вышэй. Рухавікі гэтага дыяпазону, як вядома, намнога больш экалагічныя за сваіх папярэднікаў, аднак, у такой жа ступені і больш “наварочаныя”, патрабуючыя адпаведнага падыходу.
У плане рамонту вырабаў МАЗ “Вікторыя” таксама гатова на вельмі многае. Калі ж складанасць рамонтна-аднаўленчых работ перавышае магчымасці прадпрыемства, па першаму звароту на дапамогу прыходзіць завод-вытворца. І што тычыцца кансультацыйнай дапамогі сталічных спецыялістаў, і ў дачыненні паставак неабходных камплектуючых ці распрацоўкі канструктарскай дакументацыі.
Адзін з такіх “цяжкіх” выпадкаў давялося назіраць: на пляцоўцы прадпрыемства ў чаканні аднаўлення застыў аварыйны МАЗ – некалі міксер. У выніку сур’ёзнага ДТЗ набыла бясформеннасць кабіна, дасталося рухавіку, дэфармавалася, страціла сваю геаметрыю рамная канструкцыя… Аднавіць прыпіса-ны ў адным з палескіх гарадоў вобласці МАЗ “Вікторыя” ў стане, аднак, не без дапамогі завода-вытворцы.
Дыягнастычная станцыя прадпрыемства зарэгістравана пад нумарам 39 з 207 падобных аб’ектаў, што ўвогуле функцыянуюць на тэрыторыі краіны.
Раз на раз не прыходзіцца, аднак, па словах дырэктара “Вікторыі” Віктара Шчукі, на дзяржаўны тэхнічны агляд штомесячна сюды наведваюцца 300–350 адзінак аўтатранспарту. Як правіла, зарэгістраваных на тэрыторыі Ляхавіччыны. У адрозненне ад часоў не такіх ужо і далёкіх, калі атрымаць на лабавое шкло запаветны прамавугольнік – допуск на ўдзел у дарожным руху ў Ляхавічы актыўна ехалі з рэгіёнаў Міншчыны, суседніх раёнаў нашай вобласці. Зараз, з ро-стам колькасці станцый дыягностыкі і з пачаткам дзеяння некаторых дадатковых арганізацыйных мер, сітуацыя стабілізавалася, выраўнялася геаграфічна і па месяцах года.
ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” і РУП “Мінскі аўтамабільны завод” звязаны афіцыйнымі дылерскімі адносінамі. З усімі адпаведнымі таму правамі і абавязкамі бакоў, некаторымі прэферэнцыямі. Ляхавіцкаму аўтацэнтру, напрыклад, мінскі гігант дэлегаваў права прадаваць грузавую тэхніку па цане завода-вытворцы. Ды яшчэ – з чатырохмесячнай беспрацэнтнай растэрміноўкай плацяжу. Што і казаць, для патэнцыяльных пакупнікоў гэта дастаткова прыцягальны бонус.
А каб сарыентавацца, вызначыцца з выбарам у шырокай лінейцы грузавікоў МАЗ, адна з пляцовак “Вікторыі” адведзена пад дэманстрацыйны міні-цэнтр. На агляд выстаўлена з дзясятак найбольш запатрабаваных мадэляў і мадыфікацый аўтамабіляў. Можна наведацца і агледзець, азнаёміцца з рабочымі характарыстыкамі, дакрануцца.
У працяг гандлёвага вектара прадпрыемства, канешне ж, варта адзначыць наяўнасць тут спецыялізаванага склада-магазіна. Калі ласка – запасныя часткі і спектр расходных матэрыялаў для аўто, у тым ліку рухавікоў Мінскага і Яраслаўскага маторных заводаў, у наяўнасці і пад канкрэтны заказ. Дарэчы, з ММЗ і ЯМЗ у “Вікторыі” таксама наладжаны партнёрскія стасункі.
Аўтацэнтр – гэта яшчэ і перманентная будоўля. Паступова вырысоўваецца галоўны фасад прадпрыемства, адрамантаваны магазін, офісныя памяшканні… “Ужо ёсць куды запрасіць”, – адзначыў, расчыняючы дзверы ўласнага кабінета, Віктар Шчука. Ёсць, сапраўды. А, відавочна, ужо недалёкі той час, калі расчыніць дзверы поўнакамплектная станцыя па тэхнічным абслугоўванні легкавых аўтамабіляў. Неабходнае абсталяванне закуплена, будаўнікі рыхтуюць памяшканне пад яго ўстаноўку. Здаецца, падобнага кшталту аўтасэрвіс будзе вельмі да твару Ляхавічам і на задавальненне аўтааматарам.
У сваім рабочым кабінеце дырэктар захоўвае калекцыю маштабных мадэляў легкавых аўтамабіляў. Разнастайная і дастаткова шматлікая, дзе кожны экзэмпляр – на сваім месцы, з апісаннем гісторыі стварэння той ці іншай маркі аўто, яе падрабязнай характарыстыкай. Своеасаблівы музей у мініяцюры. Аднак, у планах Віктара Шчукі стварыць сапраўдны музей старой аўтамотатэхнікі. Эскізны пачатак праекта пакладзены. Набыты і чакаюць свайго месца ў будучым музеі каля паўтара дзясятка рэдкіх аўтамабіляў выпуску 40–50-х гадоў мінулага стагоддзя: МАЗ, некалькі ГАЗаў і “Масквічоў”, іншае. З іх асобныя экзэмпляры часткова ўжо адноўлены, і работы на тым не спыняюцца.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *