Хлеб да баршчу. За жнівом у фермерскіх гаспадарках Ляхавіччыны – агародніна

У нашым раёне вырошчваннем збожжа займаюцца не толькі буйныя сельгаспрадпрыемствы, але і фермерскія гаспадаркі. Сёлета хлебныя палі былі ў “Вялікім Падлессі-Агра” (кіраўнік Міхаіл Крыцкі), “Даманскім” (Іван Шклянік), “Шавялях” (Аляксей Бурак), “ЖарСКу” (Мікалай Скрыцкі).

200 гектараў было адведзена пад пшаніцу ў “Вялікім Падлессі-Агра”. Міхаіл Крыцкі падзяліўся прыемным вынікам: участкі, якія ў карыстанні даўно, давалі да 80 цэнтнераў з гектара. На наступны год фермер плануе напалову павялічыць пасяўныя плошчы пад збожжавыя.

“Даманскае”, якое ў асноўным спецыялізуецца на вырошчванні агародніны – бульбы, буракоў, морквы, капусты, цукровых буракоў, сёлета зноў пасля пэўнага перапынку занялося вырошчваннем хлеба. Збожжа на 75 гектарах каля вёскі Счаснавічы ўрадзіла нядрэнна, сабралі 47 цэнтнераў на круг. Свайго камбайна ў гаспадарцы няма, давялося арэндаваць у калегі Міхаіла Крыцкага. За штурвалам камбайна працаваў Аляксандр Кунцэвіч: намалаціў 350 тон. Па словах Івана Шкляніка, увесь ураджай здадзены на збожжанарыхтоўчы пункт у Баранавічах. Уборка ў “Даманскім” прадаўжаецца: не за гарамі і цукровыя буракі, якія размясціліся на 35 гектарах. Дарэчы, на гэтую культуру фермер атрымаў дзяржзаказ на 2 тысячы тон салодкага кораня.

Не першы год збожжавымі займаюцца і ў “Шавялях”. Сёлета пад гэтую культуру адвялі 10 гектараў. Убралі хутка і без страт – на круг атрымалася па 55 цэнтнераў. Тэхніка зноў жа не свая, арандавалі ў СВК “Ляхавіцкі”. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі Аляксей Бурак удакладніў, што частку ўраджаю пакінулі сабе на насенне, а 62 тоны прадалі Баранавіцкаму камбінату хлебапрадуктаў.

Пасля жніва фермерскія гаспадаркі прыступілі да ўборкі агародніны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *