Запас ў час

Сённяшні клопат не толькі гаспадынь – захаваць, засаліць, засушыць і закансерваваць садавіну-агародніну, каб было чым частавацца ў халодную пару года. Для райпо кожны нарыхтоўчы сезон падобны на экзамен па забеспячэнні насельніцтва вітаміннай прадукцыяй. З закупленых 15 тон чарніц, адзначае начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер, 5 тон рэалізавана на кірмашы ў Мінску, астатнія замарожаны, як і 100 кілаграмаў клубніц з закупленых 800. Замарожаная ягада карыстаецца   добрым попытам.

Ляхавіцкія кааператары з пачатку сезона закупілі 457 тон агуркоў. Асноўныя запасы іх былі зроблены на Століншчыне. Большую частку райпо адправіла на кансервавы завод (406 тон). 30 тон агуркоў засолена. На чарзе засолка памідораў, квашанне капусты. Віктар Скіндзер расказвае, што райпо імкнецца аператыўна рэагаваць на попыт рынку. З’яўляюцца заяўкі ад жадаючых прадаць агародніну-садавіну – нарыхтоўшчыкі выязджаюць па іх у раёны не толькі Брэсцкай вобласці. Закупляюць бульбу, цыбулю, капусту для продажу дома і на экспарт. Пакупнікоў агародніны знаходзяць нават на Гомельшчыне. 70 тон цыбулі, бульбы, капусты, агуркоў адправілі ў Расію.

Забеспячэнне гэтай прадукцыяй мясцовага насельніцтва – пад асаблівай увагай райпо. Усё лета на рыначнай плошчы ў гандлёвай палатцы, магазіне “Кааператар” можна было набыць агародніну і садавіну. Праўда, час работы гандлёвых кропак не зусім зручны – для большасці патэнцыяльных пакупнікоў супадае з іх працоўным часам.

Калі на агародніну ёсць заяўкі ад арганізацый ці аб’ектаў грамадскага харчавання, спажывецкае таварыства яе закупляе з прысядзібных участкаў. Усяго за сезон райпо закупіла ў насельніцтва прадукцыі на 3317 мільёнаў рублёў.

Сады многіх ляхавічан сёлета “адпачываюць”. Летась у гэтую пару быў вялікі наплыў жадаючых здаць садавіну, аўтамашыны адразу пастаўлялі яе на заводы. Але нават у не самы ўраджайны год нашы землякі не застануцца без яблыкаў: у кааператараў заключаны дагавор з фермерскай гаспадаркай “Уладзімір плюс”.

З сярэдзіны верасня пачнецца фарміраванне стабілізацыйнага фонду, у які штогод для бесперабойнага забеспячэння насельніцтва сельскагас-падарчай прадукцыяй у міжсезонны перыяд закладваюцца бульба, капуста, цыбуля, морква, буракі (у адпаведнасці з даведзенымі заданнямі). Наперадзе закупка журавін і грыбоў.

На кансервавым заводзе, як расказала галоўны эканаміст Вольга Бурак, закатана ў слоікі кабачковая ікра. Нарыхтоўваюць капусту, з якой да стала землякоў з’явяцца салаты на любы густ, салянка і інш. Соусы ў асартыменце, нектары і сокі – усё, што вырабляецца на заводзе, можна набыць у магазінах.

Цыбуля з падсобнай гаспадаркі кансервавага адпраўлена на захоўванне, хутка тут будуць убіраць ураджай бульбы, морквы і буракоў.

Восеньскі дзень год корміць. Гэта і пра запас садавіны-агародніны ў тым ліку.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *