Вал ва ўрон гатунковасці? Хто з сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна сярод лідараў па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы

Па выніках работы двух месяцаў 2024 года на больш як 700-грамовыя сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы выйшла яшчэ адна сельгасарганізацыя Ляхавіцкага раёна

Падобная вышыня – 700 грамаў прываг на вырошчванні і адкорме жывёлы – з’яўляецца адным з сур’ёзных паказчыкаў работы галіны. Жывёлагадоўля СВК «Ляхавіцкі» дасягнула і перасягнула яго далёка не ўчора, з года ў год пацвярджае гэты свой узровень, імкнецца да новых вяршынь і вытворчых здабыткаў. А падсумоўваючы работу раённых жывёлаводаў за два першыя месяцы бягучага года, не застаецца незаўважаным крок на павышэнне большасці ключавых паказчыкаў работы ў ААТ «Жарабковічы». У тым ліку рост сярэднясутачных прываг БРЖ. Напрыканцы лютага прывагі жывёлы склалі 708 грамаў. Што з’яўляецца амаль 100-грамовай прыбаўкай у параўнанні з аналагічнай лічбай летась. Чаму ў параўнанні? Таму, што акрамя ЗАТ «Белпрампрыбор», чыя прыбаўка склала некалькі больш за 50 грамаў, і СУП «Ліпнянка» – каля 40, усе астатнія сельскагаспадарчыя арганізацыі Ляхавіччыны паказалі ў гэтым адмоўную дынаміку. «Збой» сярэднясутачных прываг дапусціў па выніках двух месяцаў нават «Ляхавіцкі». Аднак СВК працягвае заставацца раённым лідарам па адзначаным вытворчым паказчыку: у лютым 2024 года ён склаў больш за 750 грамаў.


Небанальным здаецца і той факт, што яшчэ ў мінулым студзені «Жарабковічы» заўважна прыбавілі ў прывагах, калі ў параўнанні з мінулагодняй базай быў дасягнуты рост у 50 грамаў.
У лютым 2024 года сярэднія па раёне сутачныя прывагі жывёлы выраслі на дзясятак адзінак і дасягнулі нядрэнных 632 грамаў. Нагадаем, яшчэ параўнальна нядаўна жаданымі лічыліся 600.
Вядома, што ад тэмпаў росту вагі жывёлы самым рашучым чынам залежаць і «малочныя» паказчыкі работы жывёлагадоўчага комплексу і асобных сельгаспрадпрыемстваў, і раёна ў цэлым.
Сёння мы можам канстатаваць відавочнае: узяты жывёлаводамі раёна ў студзені курс на павелічэнне валавой вытворчасці малака прадоўжыўся і ў лютым. Так за два месяцы сёлета, вытворчасць малака ў раёне склала амаль 11 125 кілаграмаў,
што на 17,5 працэнта перавышае ўзровень лютага мінулага года.
Станоўчую студзеньскую дынаміку валавой вытворчасці малака прадоўжылі пяць сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны. Тэмп працягвае задаваць СУП «Ліпнянка». Свой студзеньскі ў 5,6 раза тэмп росту вытворчасці малака па выніках работы за два першыя месяцы 2024 года гаспадарка паскорыла.
Цяпер ад узроўню леташняга лютага ён адрозніваецца ў 5,7 раза.
За два месяцы бягучага года вытворчасць малака павялічылі таксама ў СВК «Ляхавіцкі» – на 10, 5 працэнта ў параўнанні з 2023 годам, ЗАТ «Белпрампрыбор» – на 13,5, ААТ «Жарабковічы» – на 13,8, ААТ «Шлях новы» – на 16,2 працэнта.
На іншым полюсе спіса знаходзяцца ААТ «Нача» і СУП «Белазем’е». Асабліва сціпла паказвае сябе структурна-вытворчая адзінка Бярозаўскага мясакансервавага камбіната, якая за два месяцы сёлета зменшыла вытворчасць малака на больш як два дзясяткі працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. Калі засяродзіць увагу на адрасаваны «Белазем’ю» радок у выніковай табліцы работы, звяртаеш увагу на адмоўнасць фактычна ўсіх ключавых паказчыкаў работы галіны.
Што тычыцца якасці рэалізаванага сельгасарганізацыямі на перапрацоўку малака, то гэта адзіны мінус, дапушчаны жывёлагадоўляй раёна па выніках работы ў студзені – лютым 2024 года. На сваім мінулагоднім 100-працэнтным узроўні рэалізацыі малака гатункамі экстра і вышэйшым застаюцца «Белпрампрыбор», «Нача», «Ліпнянка». «Шлях новы» палепшыў свой мінулагодні складнік якасці рэалізаванага на перапрацоўку малака прыкладна на 2,5 працэнта. Астатнія дазволілі сабе некаторы спад паказчыка гатунковасці малака, якое трапіла ў рэалізацыю на працягу двух месяцаў 2024 года.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.