Факт-экспрэс-навіны Ляхавіччыны

· КОНКУРСЫ. Чарговы раз аб’яўлены конкурсы «Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці», «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынках Расійскай Федэрацыі», «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь».
Падрабязная інфармацыя пра конкурсы размешчана на сайтах Дзяржстандарта (www.gosstandart.gov.by) і РУП «Брэсцкі ЦСМС» (www.csm.brest.by).
· ФЭСТ. Грамату за зберажэнне і прапаганду народных традыцый і каштоўны падарунак прывезлі ўдзельнікі народнага тэатральнага калектыву «Вастраўчане» са свята фальклору «Напевы зямлі маёй». У фестывалі, які штогод праводзіцца ў Баранавіцкім раёне, «Вастраўчане» ўдзельнічалі ўжо другі раз. Сёлета яны прадставілі на суд гледачоў гумарыстычную праграму «За жыццё!».
Як расказала дырэктар Востраўскага СДК Валянціна Гоўша, на фэст у вёску Крошын сабраліся 12 фальклорных калектываў з трох раёнаў — Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага.
· ДАБРАЧЫННАСЦЬ. У Ляхавіцкім раёне сёння пражывае 77 дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў. Як расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Людміла Гніцецкая, з 30 мая па 10 чэрвеня для іх праходзіла акцыя «Нашы дзеці». Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, малочнага завода, аўтацэнтра «Вікторыя», прыватных прадпрыемстваў «БелГранітСэрвіс» і «Карвента», усе дзеці-інваліды атрымалі падарункі.
· НАДВОР’Е. У другой палавіне бягучага тыдня ў Беларусі будзе пад 30 градусаў гарачыні, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *