Пуцёўка ў лета. Сёлета арганізаваным адпачынкам у Ляхавіцкім раёне плануюць ахапіць 925 хлопчыкаў і дзяўчынак

Звонкія дзіцячыя галасы вось-вось напоўняць аздараўленчыя лагеры. На Ляхавіччыне падрыхтоўка да летняга сезона пачалася ледзьве не з фінішам мінулагодняй кампаніі. Сёлета арганізаваным адпачынкам у раёне плануюць ахапіць 925 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта амаль палова ад усіх дзяцей раёна ва ўзросце да 17 гадоў. Дзе іх чакаюць, і што цікавага запланавалі?

Як і заўсёды, хлопчыкаў і дзяўчынак чакае аздараўленчы лагер «Чайка», які за пяць змен прыме 430 дзяцей. Першы заезд адбудзецца ўжо 2 чэрвеня. Па інфармацыі раённага вучэбна-метадычнага кабінета, арганізаваны ад’езд у «Чайку» запланаваны на 11 гадзін ад ГДК.
Звычайна ў «Чайцы» адпачываюць дзеці розных катэгорый, сярод іх і 43 – сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў,
а ў лагеры ад ЦКРНіР «Усмешка» аздаравяцца шэсць дзяцей-інвалідаў.
З чэрвеня па жнівень на базе некаторых устаноў адукацыі раёна будуць адкрыты выхаваўча-аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. Так, з 3 па 19 чэрвеня яны запрацуюць у дзевяці школах, з 6 па 22 ліпеня – у гімназіі і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі,
а з 3 жніўня – на базе СШ № 1.
Папулярная форма занятасці навучэнцаў – лагеры працы і адпачынку. Сёлета яны будуць арганізаваны ў СШ № 2 (з 3 па 19 чэр-
веня), гімназіі (з 6 па 22 ліпеня) і СШ № 1
(з 3 па 19 жніўня). На 15 дзён школьнікаў прымуць у штат КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». У спісе запланаваных работ
чыстка тратуарных дарожак, праполка кветнікаў і газонаў, фарбаванне агароджы і г. д.
У ДЮСШ пляцоўкай для адпачынку і трэніровак для 135 спартсменаў стане спартыўна-аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем «Каласок».
Кошт пуцёўкі ў «Чайку», у залежнасці ад узросту дзіцяці, складзе каля 600 рублёў. Але гэта не тая сума, якую давядзецца заплаціць бацькам. Дзякуючы дяржаўнай датацыі памер бацькоўскай аплаты – 65 рублёў. За дзённы лагер, у тым ліку
лагер працы і адпачынку, у залежнасці ад узросту дзіцяці, бацькам давядзецца заплаціць ад 17 да 38 рублёў пры поўным кошце пуцёўкі прыкладна 164 рублі.
На канікулах запланавана правядзенне тэматычных змен, накіраваных на выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму, папулярызацыю дзяржаўных сімвалаў. Так, на базе СШ № 2 у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем будзе працаваць атрад ваенна-патрыятычнага профілю. Таксама ў СШ № 2, гімназіі, Начаўскай і Тухавіцкай СШ адкрыюцца аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем грама-
дзянска-патрыятычнай накіраванасці. Дарэчы, уся неабходная інфармацыя пра дзейнасць аздараўленчых лагераў і планы мерапрыемстваў будзе змешчана на сайтах адпаведных устаноў адукацыі. Канешне, кожная ўстанова адукацыі праду-
гледжвае штодзённыя выхаваўча-аздараўленчыя мерапрыемствы, а таксама плануе другасную занятасць сваіх навучэнцаў.
– Да летніх канікулаў педагогі рыхтуюцца не менш, чым да ўрокаў. У цэнтры ўвагі – бяспека і прафілактыка супрацьпраўных паводзін непаўналетніх. Рэалізацыя рэспубліканскай міжведамаснай праграмы «Клопат» ставіць задачу максімальна прадумана арганізаваць працоўную занятасць і вольны час хлопчыкаў і дзяўчынак, фарміраванне ў іх навыкаў здаровага ладу жыцця і асэнсаванага стаўлення да свайго здароўя і навакольнага асяроддзя, –
падкрэслівае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Гачко.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.